23:00 05.06.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Беларусь уключылі ў "Эўрагняздо" і "Ўсходняе партнэрства"
21:35, 5 Июня | Уладзімер Глод,
Сёньня ў Брусэлі скончылася спэцыяльная парлямэнцкая канфэрэнцыя ў справе палітыкі добрасуседзтва.
Дэпутаты Эўрапарлямэнту зрабілі акцэнт на шасьці былых рэспубліках СССР, уключна зь Беларусьсю. Для іх рыхтуецца праграма “Ўсходняе партнэрства”.
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які ўдзельнічаў у канфэрэнцыі, адзначае найбольш істотны вынік двухдзённых дэбатаў:
“Для нас вельмі важна, што будзе створана новая інстытуцыя, якую называюць “Эўрагняздо”. Гэта міжпарлямэнцкая асамблея, якая пачне працаваць на сталай аснове. У яе будуць інтэграваныя парлямэнты Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі, Малдовы, Украіны і прадстаўнікі аб’яднаных дэмсілаў Беларусі — да таго часу, пакуль у нас ня будзе сапраўднага парлямэнту.
Гэтая інстытуцыя вельмі важная. Яна адкрывае новыя мажлівасьці для ўсіх гэтых краінаў, у тым ліку і для Беларусі. Там ёсьць шмат праграмаў для супрацоўніцтва”.
Удзельнікі канфэрэнцыі сёньня прынялі спэцыяльную рэзалюцыю. У дакумэнце ёсьць асобны параграф, прысьвечаны Беларусі. Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, які ўваходзіў у склад рэдакцыйнай камісіі фінальнага дакумэнту, кажа:
“Я вельмі задаволены, што прыняты цалкам нашы дадаткі да параграфу, якія прайшлі кансэнсусам. Параграф прадугледжвае магчымасьці далучэньня Беларусі да поўнафарматнай супрацы з ЭЗ, як у рамках ініцыятываў, скіраваных на шэсьць усходніх суседзяў, так і асобна. Але пры ўмове, што ў Беларусі адбудуцца неабходныя дэмакратычныя зьмены, неабходныя крокі дзеля вяртаньня ў краіну свабоды і дэмакратыі. І мы канкрэтызавалі гэтыя патрабаваньні, пералічыўшы тры найпершыя. Гэта — безумоўнае вызваленьне палітычных вязьняў, спыненьне перасьледу незалежных мэдыяў, правядзеньне бліжэйшых выбараў у поўнай адпаведнасьці з патрабаваньнямі АБСЭ”.
Паводле міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага, праект “Усходняга партнэрства” тыдзень таму перадалі афіцыйным беларускім уладам. Сёньня я пацікавіўся ў прэсавага сакратара МЗС Андрэя Папова, ці ўжо існуе нейкая рэакцыя на гэты дакумэнт. Спадар Папоў пацьвердзіў: дакумэнт сапраўды прынялі да разгляду:
“Дакумэнт, які вы згадалі, вельмі сур’ёзны і па свайму назову, і, спадзяюся, па сваёй сутнасьці. Таму пэўны час для разгляду нам, безумоўна, спатрэбіцца. Але калі мы будзем гатовыя да таго, каб непасрэдна са СМІ, больш шырокім грамадзтвам абмеркаваць наша стаўленьне да гэтага дакумэнту, мы абавязкова гэта зробім. А пакуль ёсьць такая прамежкавая інфармацыя — я магу пацьвердзіць, што такі дакумэнт мы сапраўды прынялі да разгляду”.
Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў так ацэньвае новыя пэрспэктывы супрацоўніцтва з Эўразьвязам:
“Можа, больш гнуткая будзе палітыка, бо цяпер я не магу сказаць, што яна вельмі гнуткая. Напрыклад, калі летась зь беларускага боку былі пэўныя зрухі, дык Эўразьвяз на іх ніяк не адрэагаваў і настойваў на сваіх патрабаваньнях. І мы ўбачылі рэакцыю афіцыйнага Менску.
Так што спадзяваньні ёсьць. Але каб гэта ўсё не вырадзілася ў нейкую фармальную структуру, якая будзе толькі рабіць заявы, а насамрэч нічога рабіць ня будзе”.
Пасьля заканчэньня канфэрэнцыі беларускую дэлегацыю, у якую таксама ўваходзяць Аляксей Кавалец і Сяргей Калякін, прыняў кіраўнік Эўрапарлямэнту спадар Пэтэрынг.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме