23:30 04.06.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Журналісты і палітыкі: агульнае і адрознае
21:31, 4 Июня |
«Журналісты і палітыкі адзіныя ў адным: усе мы зацікаўленыя ў пашырэнні абсягаў свабоды», – зазначыў вядомы журналіст Аляксандр Класкоўскі падчас «круглага стала», наладжанага па ініцыятыве Беларускай асацыяцыі журналістаў. Тэма мерапрыемства: «Незалежныя СМІ і дэмакратычныя сілы». Такім чынам, як акрэсліла старшыня БАЖ Жанна Літвіна, абмяркоўваліся «ўзаемадачыненні свабоднай прэсы і палітычнай апазіцыі».
У іншых аспектах, праўда, хапала супярэчнасцяў. Аднак пры жаданні знайсці агульную мову ды разам вырашаць праблемы – а гэтакае жаданне выказвалася з абодвух бакоў – шмат якія спрэчныя пытанні здымаюцца.
Жанна Літвіна папракнула палітыкаў – і, з нашага гледзішча, справядліва – што тыя пакінулі без палітычнай ацэнкі «падзеі 27 сакавіка, беспрэцэдэнтныя ператрусы, зробленыя контрразведчыкамі ў трох офісах СМІ». Замест гэткай ацэнкі, нагадала Ж.Літвіна, старшыня БНФ Вінцук Вячорка ў той час на прэсавай канферэнцыі выдаў наступную фразу: «Дэмакратычныя палітыкі павінны стаць правадырамі незалежнай інфармацыі».
Імкненні палітыкаў «стаць правадырамі» ўвогуле і ў галіне медыяў у прыватнасці, натуральна, пазітыўнага стаўлення журналістаў не магло выклікаць па азначэнні. Калі намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Анатоль Ляўковіч пачаў вучыць медыйную братыю «прафесіяналізму ў журналісцкай рабоце», на тварах прысутных з’явіліся непрыхаваныя ўсмешкі, якія ў некаторых перайшлі проста ў рогат.
Зрэшты, гэтак рабілі не ўсе палітыкі – іншыя, наадварот, даводзілі, што не маюць аніякага намеру кіраваць сродкамі масавай інфармацыі.
Значнае (і нават, на думку многіх удзельнікаў, празмернае) месца ў дыскусіі атрымаў намер стварыць на спадарожнікавым тэлеканале «БелСат» Грамадскі савет. Туды прапануецца ўлучыць, дарэчы, не палітыкаў, а вядомых дзеячоў, кампетэнтных у розных галінах: гэта вядомая тэлевядучая Зінаіда Бандарэнка, паэт Генадзь Бураўкін, пісьменніца Вольга Іпатава, эканаміст, экс-старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч, сацыёлаг Андрэй Вардамацкі, журналісты Святлана Калінкіна і Анатоль Гуляеў, дырэктар Беларускага ліцэя Ўладзімір Колас.
Пры гэтым, як высветлілася падчас абмеркавання, палітыкі маюць супярэчлівыя і, праўду кажучы, досыць цьмяныя ўяўленні пра тое, чым павінен займацца гэты Грамадскі савет. Прынамсі, на канкрэтныя пытанні – ці будзе савет уплываць на рэдакцыйную палітыку? ці будзе вызначаць тэматыку матэрыялаў? ці будзе вырашаць кадравыя пытанні? і да т.п. – выразных адказаў атрымана не было; агульнай пазіцыі дэмакратычных палітыкаў тут няма. Аднак, калі б яна і была, усё адно вырашаць гэтае пытанне будзе сам «БелСат». Самую ж ідэю стварэння Грамадскага савета, як мы ўжо паведамлялі, кіраўніцтва тэлеканала падтрымала.
Жанна Літвіна, дарэчы, адзначыла нялёгкае становішча палітыкаў у Беларусі: «Інфармацыйная нагода сённяшняга жыцця – рэпрэсіі супраць саміх палітыкаў». Што ж тычыцца прэсы, дык тут з’явілася яшчэ адна выразная праблема: «Самацэнзура, якую ўводзяць газеты, асабліва рэгіянальныя».
Увогуле ж старшыня БАЖ вызначыла галоўныя накірункі, па якіх трэба супольна змагацца журналістам і палітыкам:
– Адмена забароны на друк і распаўсюд у Беларусі недзяржаўнай прэсы.
– Роўныя эканамічныя ўмовы для дзяржаўных і недзяржаўных СМІ.
– Заяўны прынцып акрэдытацыі карэспандэнтаў замежных медыяў.
– Дэманапалізацыя: то бок, «адлучыць уладу ад дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі».
Лідар Нацыянальнага Камітэта аб’яднаных дэмсілаў, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька зазначыў: «На ўсіх міжнародных сустрэчах мы, поруч з абаронаю людзей і інфраструктурай няўрадавых арганізацыяў ды палітычных партыяў, як першы накірунак вызначаем: разарваць інфармацыйную блакаду».
Што ж да ўдасканалення шляхоў, патрабаванняў ды рашэнняў, дык тут, як заўважыў А.Лябедзька, найперш патрабуецца дапамога саміх журналістаў, бо палітыкі проста не заўсёды ёсць кампетэнтнымі ў гэтай справе. Старшыня Нацкама дэмсілаў запрасіў прадстаўнікоў Асацыяцыі журналістаў прыходзіць на паседжанні Прэзідыуму АДС, якія адбываюцца штотыднёва (па серадах), уздымаць там усе надзённыя пытанні ды прапаноўваць шляхі вырашэння.
«Круглы стол» па ўзаемадзеянні журналістаў і палітыкаў, як вырашылі ўдзельнікі, не павінен быць разавым: варта праводзіць такія мерапрыемствы час ад часу.
Да таго ж журналісты і палітыкі сыйшліся ў тым, што неабходна дамагацца падтрымкі друкаваным выданням (як зарэгістраваным, так і андэграўндным); інтэрнэт-медыям; радыёпраектам; тэлеканалу «БелСат». Адрозненні тут былі толькі ў прыярытэтнасці: так, А.Лябедзька паставіў «БелСат» на першае месца, а Ж.Літвіна – на апошняе; але ж па сутнасці справы гэтаму не запярэчыў ніхто з удзельнікаў «круглага стала».
- 16.04.2008 -
- 21.05.2008 -
- 04.06.2008 -
- 20.11.2007 -
- 13.10.2005 -
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме