22:30 20.05.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Цяганьне за яйкі працягваецца
21:15, 20 Мая | Міхась Скобла,
На фота:Алесь Разанаў і Віктар Маркавец
Амаль два гады доўжылася разьбіральніцтва ў справе запазычаньня кампаніяй МТС мастацка-канцэптуальнага праекту беларускіх творцаў Алеся Разанава і Віктара Маркаўца “Яйкаквадраты”. Нядаўна экспэрты Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці абвясьцілі вынікі зробленай імі экспэртызы. Чым закончылася спрэчка творцаў з бізнэсоўцамі? Пра гэта ў “Вольнай студыі” Міхась Скобла гутарыць з суаўтарам праекту “Яйкаквадраты” Віктарам Маркаўцом і мастацтвазнаўцай Тацянай Гаранскай.
Міхась Скобла: “Спадарства, апошняе разьбіральніцтва ў гэтай справе адбылося ў апэляцыйным савеце Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці 3 траўня. Які быў канчатковы вэрдыкт?”
Тацяна Гаранская: “Апэляцыйны савет у адказ на запыт Алеся Разанава і Віктара Маркаўца, пасьля шэрагу разьбіраніцтваў па справе, прыняў рашэньне задаволіць просьбу творцаў аб адмене рэгістрацыі таварнага знаку № 25420 (гэта чырвоны яйкаквадрат) і задаволіць іх патрабаваньне ў поўным аб’ёме. Проста здымаецца рэгістрацыя таварнага знаку, ягоная ахова. Наступны крок мастакоў – зварот у суд аб забароне права карыстаньня МТС гэтым таварным знакам на тэрыторыі Беларусі. Натуральна, МТС мае права абскардзіць гэтае рашэньне. Але такі крок нашых апанэнтаў выглядаў бы неразумным, бо чым болей адбываецца разьбіральніцтваў па азначанай праблеме, тым болей выкрываецца фактаў, якія кампрамэтуюць салідную фірму”.
Віктар Маркавец: “Дзеяньні МТС я разглядаю як праяву імпэрскіх памкненьняў камэрцыйнай структуры, якая разглядае Беларусь, як сваю тэрыторыю, і адносіцца да нас, жыхароў Беларусі, як да абарыгенаў. Кампанія лічыць, што можа выкарыстоўваць нашыя дасягненьні і, ужываючы падман, выкарыстоўваць іх там, дзе захочацца. Але, калі слухаеш аргумэнты нашых апанэнтаў, то проста дзіву даесься: скрозь хлусьня, скрозь падтасоўка. Гэтыя махінацыі і былі падставай для адмены судовага рашэньня апэляцыйным саветам. Столькі было выкрыта відавочных парушэньняў, што заплюшчыць вочы на іх было проста немагчыма. І тут я хацеў бы сказаць ухвальнае слова на адрас спэцыялістаў па аўтарскім праве Надзеі Буднік і Яўгена Партнога, а таксама групы кваліфікаваных прафэсіяналаў-патэнтаведаў пад кіраўніцтвам Юліі Клімбоўскай і Тацяны Шыпуновай, якія на грамадзкіх пачатках, перакананыя ў нашай рацыі, узяліся нам дапамагаць”.
Скобла: “Прадстаўнік МТС на паседжаньні апэляцыйнага савету 3 траўня зрабіў дзіўную заяву: “Мы настойваем, што карціны, якія ўтрымліваюць у сабе геамэтрычныя фігуры, ня могуць прызнавацца творамі мастацтва і не падпадаюць пад дзейнасьць Закону аб аўтарскім праве, бо не зьяўляюцца вынікам творчай дзейнасьці”. Я ўяўляю, як абурыліся б на гэтыя словы Пабла Пікаса, Казімір Малевіч, іншыя ўсясьветнавядомыя мастакі, якія ў сваіх творах якраз і выкарыстоўвалі тыя самыя “геамэтрычныя фігуры”. Ці дэманстравалі вы сваім апанэнтам “Чорны квадрат” Малевіча?”
Маркавец: “Даводзілася мець справу зь людзьмі, якія наогул нічога не разумеюць у мастацтве. Але яны абралі такі дзіўны шлях сваёй абароны, відаць, не разумеючы сутнасьці справы. Хоць мы іх і папярэджвалі: вы нарываецеся, шаноўныя, вы сваімі “мастацтвазнаўчымі адкрыцьцямі” праславіцеся на ўвесь сьвет! Як можна гаварыць, што геамэтрычныя формы ня могуць быць творам мастацтва?! Вы гэтым самым адмаўляеце цэлыя плыні і школы ў мастацтве, той жа супрэматызм, таго ж Малевіча. Відаць, у пэўнай ступені на суд гэта паўплывала, у судовым рашэньні “яйкаквадраты” ўсё ж прызнаныя творамі мастацтва. Але прадстаўнікі МТС засталіся пры сваёй “мастацтвазнаўчай думцы”.
Скобла: “Відаць, бізнэс не ўспрымае мастацкіх паняткаў, ён разумее камэрцыйную вартасьць. Вам трэба было прынесьці ў суд копію “Чорнага квадрата” і сказаць: вось гэты твор мастацтва каштуе мільён даляраў”.
Маркавец: “Паказваліся ў судзе і Мандрыян, і “Чорны квадрат” Малевіча. Нашыя апанэнты нават дэманстравалі японскі сьцяг, які, як вядома, уяўляе зь сябе чырвоны круг у белым прастакутніку”.
Скобла: “А што, яны падкінулі вам неблагую ідэю – зьвярнуцца да ўраду Японіі з аналягічнымі прэтэнзіямі”.
Маркавец: “Японскі сьцяг тут абсалютна ні пры чым. Ідэя, як ні дзіўна, не ахоўваецца законам. Калі ад “Чорнага квадрата” адняць тэорыю Малевіча, што застанецца? Кавалак фанэры ці палатна, на якім нешта намазюкана. І з падобнай званіцы можна глядзець на любы твор мастацтва. Але ў ім галоўнае – зьмест, у ім галоўнае – ідэя”.
Гаранская: “У чым унікальнасьць “яйкаквадратаў”? У тым, што мастакі сумясьцілі несумяшчальнае: абстрактную зьяву – квадрат і жывую зьяву прыроды – яйка. “Яйкаквадраты” будуць калі-небудзь адзінкай новай геамэтрыі. Вызначальнае – ня кропка, ня лінія, ня шар, а менавіта яйка (Алесь Разанаў)Гэта фэнамэнальнае спалучэньне. І за гэтым стаіць вялікая філязофія. І нездарма яйка – дамінантная частка гэтага праекту. Яшчэ ў 1992 годзе, на першым абмеркаваньні “яйкаквадратаў”, Алесь Разанаў гаварыў: “Я думаю, што “яйкаквадраты” будуць калі-небудзь адзінкай новай геамэтрыі. Вызначальнае – ня кропка, ня лінія, ня шар, а менавіта яйка. Бо цяперашняя геамэтрыя адарваная ад самога жыцьця, ад самой яго сутнасьці. Яйка ж захоўвае, зьберагае і вяртае жыцьцёвую сутнасьць.” Прадстаўнікі МТС вельмі стараліся даказаць, што “яйкаквадраты” не зьяўляюцца творам мастацтва”.
У Законе Рэспублікі Беларусь “Аб таварных знаках і знаках абслугоўваньня” гаворыцца, што таварны знак не павінен паўтараць ні элемэнтаў, ні ідэі, ні назвы твору мастацтва”
Маркавец: “Дарэчы, у Законе Рэспублікі Беларусь “Аб таварных знаках і знаках абслугоўваньня” гаворыцца, што таварны знак не павінен паўтараць ні элемэнтаў, ні ідэі, ні назвы твору мастацтва. То бок, закон адназначна не дапускае выкарыстаньня мастацкіх твораў у таварных знаках. Прадстаўнік МТС падчас разьбіральніцтва заявіў, што “розьніца паміж яйкамі на іхнім таварным знаку і аваламі Маркаўца і Разанава складае ажно 92 %”! Але нават “неюрыдычным” вокам відаць, што знайсьці ажно столькі адрозьненьняў у гэтых выявах – немагчыма. Што ўжо казаць пра спэцыялістаў… Нават вядомы расейскі адвакат Павал Астахаў на радыё “Эхо Москвы” адназначна выказаўся: “Калі меркаваць паводле храналёгіі, “яйкаквадраты” былі намаляваныя ў 1992 годзе, а кампаніяй МТС зарэгістраваныя ў 2006 годзе. Такім чынам, права першай выявы належыць усё ж беларускім мастакам”. Заўважце – спрактыкаваны юрыст ня бачыць розьніцы паміж творамі беларускіх мастакоў і выявамі таварных знакаў МТС. Паводле вобразнага ўспрыняцьця, для яго гэта – аднолькавыя выявы”.
Скобла: “Чаму ж у такім разе Вярхоўны Суд не задаволіў ваш пазоў?”
Гаранская: “Таму што была прадстаўленая тэхнічная экспэртыза “яйкаквадратаў”. Хоць і ў судзе, і на апэляцыйным савеце мы настойвалі на правядзеньні мастацтвазнаўчай экспэртызы. Але, на жаль, нам у гэтым было адмоўлена. І гэта, на маю думку, пазбавіла мастакоў іх правоў. Прычым, тэхнічная экспэртыза была праведзеная без узгадненьня з мастакамі, пад шыльдай Міністэрства юстыцыі”.
Маркавец: “Гэтая “экспэртыза” не вытрымлівае аніякай крытыкі. Экспэртыза павінна праводзіцца на базе канкрэтных узораў. Бяруцца два ўзоры-эталёны і параўноўваюцца. Але да нас па эталён ніхто не зьвяртаўся! За “ўзоры” браліся часопісныя рэпрадукцыі!”
Скобла: “Амаль два гады цягнулася разьбіральніцтва, пра што паведамлялі СМІ. Рэпутацыя МТС апынулася пад сумневам. Ці не прасьцей было б кампаніі палагодзіць справу бяз лішняга розгаласу? Чаму яна ўпарта вяла справу да судовага працэсу?”
Гаранская: “Прычым, лянгавалі гэты судовы працэс вельмі доўга, а за гэты час рэгістравалі таварны знак з “яйкаквадратам”. МТС выкарыстоўвае шумавы брэндынг: маўляў, мы ў распрацоўку гэтага знаку ўклалі мільёны даляраў, а тут нехта хоча яго ў нас адабраць!Прадстаўнікі МТС толькі рабілі выгляд, што ідуць нам насустрач, выказвалі гатовасьць палагодзіць справу па-за судом, а насамрэч – падманвалі нас. То ў іх нехта нечакана хварэў, то некуды ад’яжджаў і меўся прыехаць заўтра-пасьлязаўтра… Алесь Разанаў быў гатовы прыехаць на перамовы са Швэйцарыі на працягу сутак! А кампанія МТС проста падманвала вядомых творцаў, сама ж патаемна рабіла сваю цёмную справу”.
Маркавец: “МТС разьлічвала на шумавы эфэкт. Чым больш скандалу, шуму, тым лепш для кампаніі, бо яна – на слыху. У сваім інтэрвію выданьню “Прайм-ТАСС” 8 траўня 2008 году старшыня камітэту па вонкавай рэкляме асацыяцыі камунікацыйных агенцтваў Расеі Андрэй Бярозкін сказаў: “Гэтая шуміха садзейнічае ўзмацненьню маркі, лягатыпу кампаніі, і МТС толькі выйграе”. На гэтым і грунтуецца шумавы брэндынг МТС. Маўляў, мы ў распрацоўку гэтага знаку ўклалі мільёны даляраў, а тут нехта хоча яго ў нас адабраць! І гэта ўзьдзейнічае на абываталя”.
Скобла: “У працэсе разьбіральніцтва пакінулі свае пасады генэральны дырэктар ЗАТ “Сыстэма Тэлекам” Сяргей Шчэбетаў і галоўны маркетоляг Гжэгаш Эш. Значыць, кампанія ўнутры сябе прызнае, што мела месца парушэньне. Ці прынесла гэта вам пэўнае маральнае задавальненьне?”
Гаранская: “Задавальненьне зьявіцца толькі ў тым выпадку, калі будзе прынятае справядлівае рашэньне адносна аўтарства “яйкаквадратаў”. Людзі, якія ўчыняюць неправавыя дзеяньні ў чужой дзяржаве, якія ігнаруюць дасягненьні сучаснай беларускай культуры, якія дзейнічаюць падманам у адносінах да беларускіх творцаў, павінны быць пакараныя. Беспакаранасьць разбэшчвае людзей і ў творчасьці, і ў бізнэсе”.
Маркавец: “У пэўнай ступені маральнае задавальненьне мы атрымалі хоць бы таму, што адбылося гэтае разьбіральніцтва. А што будзе далей… Алесь Разанаў сказаў: “Яйкаквадраты самі робяць сваю справу, яны ўжо жывуць сваім жыцьцём”. Калі “яйкаквадраты” запатрабуюць далейшай абароны, мы будзем працягваць змаганьне за іх і за сябе”.
Скобла: “Вашае разьбіральніцтва з МТС стварыла прэцэдэнт, якіх раней у нашай краіне не было. Як вы лічыце, пасьля вашай справы айчынныя мастакі будуць больш сьмела абараняць свае аўтарскія правы?”
Маркавец: “Так, мне здаецца, што мастакі будуць паводзіцца больш прынцыпова адносна супрацьпраўнага выкарыстаньня іхніх твораў.Калі дзяржава не абароніць сваіх творцаў, замежны бізнэс будзе паразытаваць на беларускай культуры, як гэта адбывалася цягам многіх стагодзьдзяў.Наша змаганьне павінна іх акрыліць. Хоць тут усё залежыць ад характару творцы. Прывяду такі прыклад: праект маладога беларускага дызайнэра Сьвятланы Татарнікавай “Крылы свабоды” без дазволу аўтара скарыстала румынская рэклямная агенцыя пры стварэньні лягатыпу саміту НАТА ў Бухарэсьце. Наколькі мне вядома, Сьвятлана не зьбіраецца зьвяртацца ў суд. Таму падобныя прыклады могуць множыцца, бо іншаземны бізнэс пашырае сваю прысутнасьць у Беларусі, а беспакаранасьць адных бізнэсоўцаў стымулюе на беззаконныя дзеяньні і іншых. Усё ж да сваёй творчасьці трэба адносіцца з павагай і не баяцца змагацца за свае правы”.
Гаранская: “Фактычна гэта ўжо дзяржаўны ўзровень вырашэньня пытаньня. У ракурсе таго, ці здольны будзе беларускі інтэлект змагацца з замежным бізнэсам. Калі дзяржава не абароніць сваіх творцаў, замежны бізнэс будзе паразытаваць на беларускай культуры, як гэта адбывалася цягам многіх стагодзьдзяў. Так, дзяржава можа аддаць на спажыву расейскаму бізнэсу Алеся Разанава і Віктара Маркаўца. Калісьці аддавалі Скарыну, а потым як цяжка было вярнуць!.. Аддалі ў свой час Шагала, цяпер зь цяжкасьцю вяртаем на сваю зямлю. Аддалі Малевіча, і дасюль расейцы кажуць: гэта наш мастак. І калі сёньня беларуская дзяржава аддасьць “яйкаквадраты” для падножнага карыстаньня, значыць у беларускай інтэлектуальнай эліты на сёньняшні дзень пэрспэктываў няма”.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме