22:30 20.05.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
“БэСТ” прададуць туркам
20:41, 20 Мая | Іна Студзінская,
Беларусь спадзяецца атрымаць ня меней за 500 мільёнаў даляраў ЗША ад продажу апэратара мабільнай сувязі БэСТ.
Адказваючы на пытаньні журналістаў у Кіеве, міністар эканомікі Беларусі Мікалай Зайчанка назваў турэцкую кампанію Turkcell найбольш верагодным пакупніком БэСТу.
Turkcell зацікаўлены ў набыцьці 80% акцыяў беларускага сотавага апэратара, паведаміў спадар Зайчанка на сходзе кіраўнікоў Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця.
Што тычыцца інфармацыі пра продаж “БэСТу”, кіраўнік прэсавай службы кампаніі Таісія Пастухова адказала так:
“Мы наагул не камэнтуем ніякія заявы на гэтую тэму. Гэта могуць рабіць толькі нашыя заснавальнікі. То бок мы ня маем права даваць камэнтары на гэтую тэму”.
Карэспандэнтка: “А колькі ў вас зараз абанэнтаў?”
“У нас парадку 190 тысяч абанэнтаў”.
190 тысяч — гэта менш за 3% рынку. Доля карпаратыўных кліентаў наагул блізкая да нуля. На афіцыйным сайце кампаніі пазначана: “Наша місія — стаць лідэрам на рынку сотавай сувязі... Зрабіць мабільную сувязь даступнай усім жыхарам рэспублікі”. Некалі кіраўнік дзяржавы загадаў, каб мабільнік быў у кожнага мэханізатара. Але “найлепшым” і даступным “БэСТ” так і ня стаў.
Што тычыцца прасоўваньня мабільнай сувязі ў сельскую мясцовасьць, тут таксама мала атрымалася. Ужо ў Заслаўі прыём дрэнны, а ў Маладэчне наагул няма сувязі. Узімку з прычыны запазычанасьцяў за электраэнэргію і арэндную плату адключаліся базавыя станцыі “БэСТу”, былі затрымкі з выплатай заробкаў.
Яшчэ летась у красавіку на прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік дзяржавы абвясьціў пра магчымы продаж дзяржпакетаў акцыяў двух апэратараў мабільнай сувязі — дзяржаўнага “БэСТу” і МЦС (гандлёвая марка Velcom).
Што да “БэСТу”, Лукашэнка назваў цану якраз у 500 мільёнаў. Аналітыкі называюць гэтую лічбу вельмі завышанай. Меркаваньне эканаміста Сяргея Балыкіна:
“Калі дзяржава прадасьць каму-небудзь “БэСТ” за 500 мільёнаў даляраў, то гэта будзе азначаць, што ў нашым урадзе сядзяць вельмі добрыя камэрсанты, якія здолелі прадаць тое, што каштуе ў некалькі разоў таньней за такую суму. І гэта будзе добра, калі яны прададуць”.
Некалькі месяцаў таму была прададзеная і дзяржаўная доля ў кампаніі МЦС.
На сустрэчы са студэнтамі журфаку Аляксандар Лукашэнка распавёў:
“Зусім нядаўна мы прадалі долю Беларусі ў Velcom, усім вядомая кампанія. Мы ўвогуле туды нічога ня ўклалі. Але амаль 600 мільёнаў даляраў атрымалі за сваю долю. І гэта не кантрольны пакет акцыяў”.
Эканаміст Сяргей Балыкін лічыць, што некарэктна праводзіць аналёгіі паміж продажам МЦС і “БэСТ”:
“Што тычыцца Velcom, то тут, магчыма, кошт быў і заніжаны. Але ж ня трэба зьвязваць дзьве гэтыя кампаніі. Продаж МЦС — гэта продаж прыбытковага апэратара сувязі нейкай групе, як той казаў, сваіх інвэстараў. А продаж “БэСТу” — гэта вымушаны крок. Ён азначае, што дзяржава прызнала той факт, што яна ня здолела зрабіць канкурэнтаздольнага апэратара за свае грошы і вымушана прадаць яго нейкаму інвэстару”.
Адводка для вядоўцы:
Закрытае акцыянэрнае таварыства “Беларуская сетка тэлекамунікацыяў” зарэгістравана 5 лістапада 2004 году. Сузаснавальнікі “БэСТу” — Навукова-дасьледчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “НДІ сродкаў аўтаматызацыі” і рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Белтэлекам” з долямі ў статутным фондзе 75% і 25% адпаведна.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме