21:30 20.05.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Лябедзька: “Лукашэнка ўвязаўся ў вайну, не зрабіўшы прагнозу”
18:34, 20 Мая | Алесь Дашчынскі,
На фота:Прэзідэнт ЗША Джордж Буш уважліва вывучыў пазыцыю лукашэнкаўскага боку
Якія наступствы будуць мець эканамічныя санкцыі ЗША супраць беларускіх прадпрыемстваў?
Нагадаем, новыя санкцыі закранулі лідзкую “Лакафарбу”, “Полацак-шкловалакно” і Беларускі нафтавы гандлёвы дом. Яны зьвязаныя з канцэрнам “Белнафтахім”. Актывы гэтых прадпрыемстваў, калі яны будуць знойдзеныя ў ЗША, будуць замарожаныя, амэрыканскім грамадзянам забаронена мець бізнэсовыя дачыненьні з гэтымі прадпрыемствамі.
Чым можа адказаць афіцыйны Менск на санкцыі супраць наступных трох беларускіх кампаніяў?Дэпутат "палаты прадстаўнікоў" Сяргей Гайдукевіч сказаў, што так пытаньне не стаіць, і ў дадзеным выпадку беларускі бок будзе шукаць кампрамісаў.
“Ні ЗША, ні Рэспубліцы Беларусь няма ніякай прынцыповай зацікаўленасьці ў тым, каб адносіны сышлі да нуля. Гэтага няма і гэтага ня будзе. Кансультацыі і перамовы будуць працягвацца”.
На пытаньне, ці пойдзе кіраўніцтва Беларусі на вызваленьне сваіх палітвязьняў, Сяргей Гайдукевіч адказаў:
“Усе словы, якія я казаў у 2007 годзе, я магу паўтарыць і ў 2008-ым. Толькі пакрокавая стратэгія, калі два бакі трымаюцца пэўных паняткаў, прагматычна падыходзяць да любога пытаньня. Дарэчы, такога ж меркаваньня трымаецца і расейскі бок на ўсіх узроўнях – і ў адміністрацыі, і ў парлямэнце”.
Якія могуць быць палітычныя наступствы эканамічных санкцый? Паводле палітоляга Віталя Сіліцкага, – нічога большага за тое, што ўжо здарылася:
“Я думаю, што тут ліміт ужо вычарпаны як зь беларускага, так і з амэрыканскага боку. То бок беларускі бок атрымаў задавальненьне ад таго, што вышпурнулі амэрыканскую амбасаду.
Зараз для амэрыканскага боку няма шляху назад. Бо адступленьне будзе суцэльнай іміджавай паразай. Таму давядзецца чакаць да часоў, калі беларускі бок будзе больш здатны на нейкія размовы, і яму сапраўды спатрэбіцца Захад. Зараз проста ня той момант. Бо ў іншых эканамічных абставінах тыя ж санкцыі маглі б і спрацаваць”.
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка спадзяваўся на іншае:
“Лукашэнка ўвязаўся ў вайну, не зрабіўшы аналізу сытуацыі і прагнозу наступстваў. Я думаю, цяпер ён стварае ўсе мажлівасьці, каб зьявілася Эўраатлянтычная кааліцыя, якая зоймецца беларускай праблемай. Ён моцна стымулюе і матывуе Вашынгтон, каб такая кааліцыя зьявілася. І пашырэньне санкцыяў – гэта ёсьць цалкам асабістая заслуга Лукашэнкі, гэта наступства яго недальнабачнай, непрадуманай палітыкі. І гэта не апошні крок. Калі Вашынгтон далучыць да гэтага, можа, ня ўвесь Эўразьвяз, а спачатку асобныя краіны, то гэта будзе вельмі адчувальна для Беларусі. Так што ўзьнікае інтрыга, узьнікае якасьць новай сытуацыі”.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме