20:30 20.05.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

За санкцыямі можа з'явіцца пагроза эканамічнай блакады

19:07, 20 Мая | Святлана Адзінец,

Мінфін ЗША заявіў пра пашырэнне эканамічных санкцый у дачыненні Беларусі. Санкцыі ахопяць тры важныя беларускія прадпрыемствы. На прадпрыемствах сітуацыю не каментуюць, а беларускія ўлады перакананыя, што на наш дабрабыт санкцыі не паўплываюць. Незалежныя эксперты перакананыя, што санкцыі могуць ўзмацніцца аж да эканамічнай блакады з боку ЗША.

Міністэрства фінансаў ЗША апублікавала новае ўдакладненне да эканамічных санкцый у дачыненне да канцэрна "Белнафтахім". Санкцыі датычаць трох прадпрыемстваў канцэрна. Гэта Беларускі нафтавы гандлёвы дом, ААТ "Лакафарба" і "Полацк-шкловалакно".

Нагадаем, санкцыі Мінфіна ЗША былі ўведзеныя ў дачыненне да "Белнафтахіму" ў лістападзе летась. Яны прадугледжвалі замарозку яго банкаўскіх рахункаў, што знаходзяцца пад юрысдыкцыяй ЗША. Акрамя таго, амерыканскім бізнесоўцам рэкамендавалі ўстрымацца ад кантактаў з беларускім канцэрнам.

Еўрарадыё паразмаўляла з менеджэрам "Шкловалакна" па амерыканскім рэгіёне Максімам Кірпічэнкам. Ён пацвердзіў, што на прадпрыемстве чакалі ўвядзення санкцый:

"Санкцыі былі ўведзеныя даўно, таму мы былі гатовыя. Нейкія страты, вядома, будуць, але будзем працаваць, будзем глядзець. Пакуль рана пра нешта гаварыць".

З кіраўніцтвам іншых двух прадпрыемстваў звязацца не ўдалося.

Віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка заявіў, што новыя санкцыі ЗША істотна не адаб’юцца на беларускіх прадпрыемствах. Старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Пётр Пракаповіч прызнаў, што санкцыі ЗША наносяць іміджавую шкоду і палохаюць патэнцыйных інвестараў.
На думку палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, цяперашнія санкцыі – толькі пачатак.

Раман Якаўлеўскі: - Я лічу, што ў наступным месяцы будзе прынятая трэцяя рэдакцыя спэцыяльнага для Беларусі закону “Акт аб падтрымцы дэмакратыі”, і гэта будзе яшчэ больш жорстка. Мы будзем гаварыць не пра санкцыі, а пра натуральную эканамічную блакаду.

Еўрарадыё: - Наколькі верагодна, што закрыюць беларускія амбасаду і консульствы?

Раман Якаўлеўскі: - Паводле маіх крыніцаў – не беларускіх – гэтае пытанне яшчэ адкрытае. Пагроза закрыцця вельмі верагодная. Калі такое здарыцца, інтарэсы ЗША ў Беларусі будзе прэзентаваць польская амбасада.

Еўрарадыё: - Як пры гэтым будуць паводзіць сябе еўрапейцы?

Раман Якаўлеўскі: - Днямі прайшоў энергетычны нямецка-беларускі форум. Планаваўся буйны форум, а прыехалі не вельмі важкія асобы. І, на мой погляд, гэта сведчыць пра тое, што з’яўляюцца складанасці ў тым ліку і з Германіяй. Паводзіны Лукашэнкі сведчаць пра тое, што ён ставіць Беларусь на адну пазіцыю з Іранам. А Буш да канца свайго прэзідэнцкага тэрміну мае намер вырашыць іранскую праблему.

Такім чынам, галоўнай інтрыгай застаецца тое, як павядуць сябе ў дачыненні да Беларусі Еўрасаюз і Расія. Нагадаю, днямі Аляксандр Лукашэнка заявіў: калі Еўрасаюз падтрымае санкцыі ЗША, Беларусь нагадае яму пра тое, што праз яе тэрыторыю ідзе 30-70% неабходных Еўропе энерганосьбітаў. На думку аналітыкаў газеты “Коммерсант”, гэта быў прамы газавы шантаж.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме