23:02 14.05.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
А.Казулін: "Лукашэнка панічна баіцца каардынацыі дзеяньняў між ЭЗ і ЗША"
21:35, 14 Мая | Алена Струвэ,
Аўстрыйскае выданьне “Der Standard” зьмясьціла сёньня інтэрвію зь беларускім апазыцыянэрам і палітвязьнем Аляксандрам Казуліным, які адбывае турэмнае пакараньне ў калёніі Віцьба-3.
Прапануем вашай увазе пераклад гэтага інтэрвію з скарачэньнямі.
“Der Standard”: Якія Вашы жыцьцёвыя ўмовы ў турме?
Kазулін: Дзе б я ні быў, я адчуваю сябе вольным чалавекам. Шмат людзей, якія знаходзяцца на волі, насамрэч, увогуле не свабодныя. Я кажу пра духоўны палон.
Умовы ў турме нармальныя для карнай сыстэмы Беларусі. Калі б сюды трапілі людзі з Захаду, яны б былі шакаваныя ўсім.
“Der Standard”: Чаму Вы не прынялі прапановы паехаць у Нямеччыну з тым, каб там змаглі лекаваць вашу жонку? У прынцыпе гэта быў дакладны дазвол пакінуць Вашу радзіму, каб прасіць прытулку за мяжой?
Kазулін: Беларускае кіраўніцтва спрабавала зрабіць манэтай абмену самае сьвятое, а менавіта – здароўе маёй любімай жанчыны ды дабро маёй сям’і. Ні я, ні мая сям’я не маглі так нізка апусьціцца. Больш таго, лекаваньне ў Нямеччыне не дапамагло б маёй жанчыне, што, нарэшце, і даказала яе хуткая сьмерць. Калі б я хацеў зьбегчы, каб ня трапіць у турму, я даўно б гэта зрабіў, бо быў папярэджаны пра свой арышт. Аднак я зьяўляюся сынам майго народу і буду ісьці разам з маім народам шляхам свабоды, якім бы цяжкім гэты шлях ні быў.
“Der Standard”: Чаму прэзыдэнт Лукашэнка пасьля няўдалай рэвалюцыйнай спробы так злуецца менавіта на Вас? Бо ёсьць іншыя лідэры апазыцыі…
Kазулін: Лукашэнка можа злавацца толькі на тых, ад каго сыходзіць сапраўдная небясьпека для яго. Ён вельмі добра ведае, на што я здольны. Ён вельмі добра ведае, што ніколі ня вытрымае ў адкрытай канфрантацыі са мной.
“Der Standard”: Чаму Лукашэнка трымаецца і надалей ва ўладзе, хаця Масква яго відавочна болей не падтрымлівае?
Kазулін: На жаль, непасрэдная дапамога Масквы Менску ніколі не спынялася. 1,5 мільярда крэдыту, а таксама газавыя кошты, значна ніжэйшыя за эўрапейскія, даказваюць гэта.
Інтарэсы расейскага бізнэсу ў Беларусі –гэта толькі вяршыня айсбэргу. Акрамя таго, ёсьць эўрапейцы, якія са сваім прагматызмам падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі.
“Der Standard”: Можа, сапраўды жыцьцё пры Лукашэнку не такое ўжо і кепскае? У Расеі ды ва Ўкраіне распаўсюджанае меркаваньне, што Беларусь – гэта апошняя выспа сацыялістычнага дабрабыту…
Kазулін: Жыцьцё ў Беларусі значна горшае чым у Расеі ці ва Ўкраіне – у прыватнасьці, што тычыцца правоў чалавека і вяршэнства закону. Цяпер наша кіраўніцтва занятае тым, каб ажыцьцяўляць генацыд супраць уласнага народу. У нас нават апошнім часам можна пачуць такую прымаўку: “Калі хочаш трапіць за краты, едзь у Беларусь. Калі хочаш трапіць за краты хутка, едзь у Менск".
Так, Беларусь – гэта адзіная выспа шчасьця, аднак, калі глядзець дзяржаўнае тэлебачаньне і чытаць дзяржаўную прэсу. У сапраўднасьці, Беларусь – гэта апошні запаведнік затхлай мінуўшчыны ў стракатай прапагандысцкай упакоўцы.
“Der Standard”: Што прапануе апазыцыя ў якасьці альтэрнатывы Лукашэнку?
Kазулін: Самасьвядомасьць нашага народу становіцца больш сьпелай. Лукашэнка быў дадзены нам дзеля таго, каб мы адчулі прарыў у нашай сьвядомасьці.
Апазыцыя вельмі хутка пераробіць сабе. Тут ёсьць шмат перадумоваў. Адрозна ад рэжыму, мы прапануем нашым суайчыньнікам не кансэрвацыю мінулага, а хуткі, рашучы скачок у будучыню.
“Der Standard”: Ці адчуваеце Вы і Вашы сябры па справе падтрымку з боку Захаду?
Kазулін: Захад мусіць нарэшце зразумець, што Лукашэнка ўяўляе сабой выклік усёй эўрапейскай цывілізацыі. Эўропа павінна гэта аднойчы ўсьвядоміць і перастаць заігрываць з Лукашэнкам.
ЗША хутчэй зразумелі сутнасьць Лукашэнкі. Толькі з пазыцыі сілы можна размаўляць з Лукашэнкам, інакш ён абвядзе ўсіх вакол пальца.
Мая крымінальная справа, нарэшце, была перададзеная для разгляду ў Раду Эўропы. Прэзыдэнт ПАРЭ спадар ван дэр Ліндэн паабяцаў, што правядзе незалежную экспэртызу. Ад лістападу 2007 мы не атрымалі аніякага адказу.
“Der Standard”: Што могуць зрабіць усясьветныя дэмакратыі дзеля таго, каб падтрымаць працэс дэмакратызацыі ў Вашай краіне?
Kазулін: Лукашэнка панічна баіцца каардынацыі дзеяньняў паміж ЭЗ і ЗША. Увядзеньне эканамічных санкцыяў цалкам бы паралізавала рэжым Лукашэнкі. Прэзыдэнт сам патлумачыў, што Эўропа не ўвядзе аніякіх эканамічных санкцыяў супраць Беларусі, бо канчаткова усё ж перамагае прагматызм. Аднак эўрапейцы павінны самі прадэманстраваць, што ёсьць рэчы больш важныя за эканоміку. І на гэтым трымаецца чалавецтва. Гэта фундамэнтальныя каштоўнасьці, якія ніхто ня мае права чапаць: мараль, чалавечнасьць, спачуваньне і міласэрнасьць.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме