21:45 14.05.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
"Галоўная выгода беларускіх апазіцыянераў — сядзенне ў турмах" <br><br>Лідэры апазіцыі каментуюць выказванні Лукашэнкі
19:28, 14 Мая |
Падчас інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву ReutersАляксандр Лукашэнка сказаў, што “наша апазіцыя замест таго, каб працаваць з народам, едзе ў ЗША, Велікабрытанію і Нямеччыну, і просіць там грошай” , тады як ёй “трэба працаваць з нашымі грамадзянамі, прасіць у іх падтрымкі. Гэта карумпаваная апазіцыя”, — заявіў прэзідэнт Беларусі.
Ён паабяцаў балатавацца на чацвёрты тэрмін і паведаміў аб тым, што “некалькі апазіцыянераў” могуць “патрапіць у парламент”. Гэтыя выказванні Аляксандра Лукашэнкі каментуюць лідэры беларускай апазіцыі.
Станіслаў Шушкевіч, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады:
— Пакуль Лукашэнка будзе сядзець на расійскай газавай глебе і губіць беларускую эканоміку ды адпавядаць імперскім інтарэсам Расіі, ён можа заяўляць пра свой чацвёрты тэрмін. Гэта пацвярджае, што расійская палітыка не змяняецца, што Лукашэнка ім падабаецца, што ён самы лепшы дыктатар і працуе ў інтарэсах Расіі.
Наконт іншых яго заяў магу сказаць: я не ведаю карумпаваных асоб у апазіцыі. Можа, там пры ім ёсць нейкія прыдворныя, якія разыгрываюць ролю апазіцыянераў, а сярод АДС такіх няма.
А што тычыцца паездак за мяжу, то калі б я, атрымоўваючы пенсію ў паўтара даляры — 3 тысячы 200 рублёў, не ездзіў па замежжы і не працаваў бы ў Каліфарнійскiм універсітэце, у Гарвардзе, то даўно памёр бы з голаду. Лукашэнка штомесячна крадзе маю пенсію, якая прызначаная законам і выплочвае тое, што смеху варта.
Увогуле ў нас не дзяржава, а хеўра, якая захапіла ўладу і правіць антыдэмакратычным чынам. І таму ўсе тыя заявы я так і ўспрымаю.
Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі:
— Вельмі вялікая дыстанцыя паміж тым, што заяўляецца Лукашэнкам і тым, што ёсць у сапраўднасці. Калі мы выйшлі ў цэнтр Мінска, каб раздаць зарэгістраваныя газеты і сваё пасланне, гэта і было тое, пра што гаворыць Лукашэнка, – мы пайшлі ў народ. У народзе мы былі роўна дзесяць хвілін. Пасля нас закальцавалі супрацоўнікі спецслужбаў і АМАПу, адвезлі ў пастарунак, дзе мы знаходзіліся больш за тры гадзіны, і экземпляры “Народнай волі” былі канфіскаваныя. Гэта адзін прыклад, але паўсядзённая практыка.
Для нас закрыты мажлівасці кантактаваць з грамадствам. Нават падчас апошняй выбарчай кампаніі, у выбарчай акрузе, ад якой я балатаваўся ў Мінскі гарадскі савет, было выдзелена толькі 1 месца (а там пражывае 20 000 выбаршчыкаў), дзе я павінен быў сустракацца з выбаршчыкамі.
Аляксандр Рыгоравіч хлусіць, гаворыць адно, а насамрэч стварае максімум праблем для нашых стасункаў з людзьмі. Мы не можам атрымаць памяшканняў для сустрэч, за 14 гадоў прыбывання Лукашэнкі ва ўладзе мы не маем ні адной хвіліны на беларускай тэлевізіі і дзяржаўным радыё. Вось гэта і ёсць праўда.
А што датычыць падтрымкі людзей, зноў жа для таго, каб гаварыць, падтрымлівае грамадства апанентаў рэжыму ці не, трэба сапраўды проста дапусціць нашых прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Калі ў кожнай камісіі будуць хаця б два-тры прадстаўнікі АДС, тады мы зможам казаць, ці падтрымліваюць людзі дэмакратычныя сілы з іх праграмай, ці не.
Тэзу наконт карупцыі ў апазіцыі Лукашэнка эксплуатуе ўжо 14 гадоў. Але давайце выйдзем у “Царскае сяло”, якое месціцца недалёка ад рэзідэнцыі прэзідэнта. І пабачым, што ў катэджах, якія цягнуць сёння па рынкавых коштах на 700 – 800 тысяч даляраў, няма прадстаўнікоў АДС. І пабачым, колькі там чыноўнікаў з бліжэйшага атачэння Аляксандра Лукашэнкі. Вось і адказ.
Паводле сведчання міжнародных арганізацый, па ўзроўні карупцыі мы выходзім на першае месца ў Еўропе. І гэта карупцыя фіксуецца ў структурах дзяржаўнай улады, а не сярод яе апанентаў.
Лявон Баршчэўскі, старшыня Партыі БНФ:
— Магчымасць мець аднаго-двух чалавек у парламенце не задаволіць нашу партыю. Мы змагаемся за сумленныя выбары, і калі нават пры мінімальным дэмакратычным падліку галасоў Мінскай вобласці перамогуць прадстаўнікі АДС, атрымаем перамогу.
А наконт карумпаванасці апазіцыі заўважу, што карупцыя прадугледжвае атрыманне выгоды. Галоўная выгода беларускіх палітыкаў і апазіцыянераў — сядзенне ў турмах. Таму няхай сапраўды лепш Лукашэнка паглядзіць на сваё атачэнне, хто з іх больш карумпаваны.
Анатоль Ляўковіч, першы намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):
— Лукашэнка нічога новага не сказаў, ён заўсёды так традыцыйна кажа, што, канешне, не на карысць кіраўніка краіны. Каб ён выказаўся, што апазіцыя — неабходны элемент палітыкі, што яна неабходная нават як інстытут у грамадстве, што апазіцыя дапамагае развівацца грамадзянскай супольнасці, адкрывае тое, што кепска робіць улада і што гэта на карысць улады, тады б я сказаў, што Аляксандр Рыгоравіч як палітык вырас. А да гэтых яго заяваў трэба ставіцца спакойна.
Сяргей Калякін, Першы сакратар Цэнтральнага камітэта Партыі камуністаў Беларусі:
— Усё гэта — звычайная балбатня спадара Лукашэнкі. У яго ёсць досыць органаў і арганізацый, якія рэгулярна сочаць за апазіцыяй і яе лідэрамі. Аднак акрамя галаслоўнай балбатні, якая паўтараецца з самага прыходу Лукашэнкі да ўлады, ніводнага факта мы пакуль не бачылі.
Гэтыя выказванні на сумленні спадара Лукашэнкі, але гэта і гаворыць аб тым, што ён пабойваецца апазіцыі і імкнецца яе ачарніць, выкарыстоўваючы манапольнае права на інфармацыйным полі. Ён можа сказаць, што апазіцыя карумпаваная, але адказаць мы не можам, таму што нам не дадуць для гэтага магчымасці.
Што датычыць заявы прэзідэнта аб тым, быццам у парламент могуць патрапіць некалькіх прадстаўнікоў апазіцыі, то гэта цалкам верагодна. Мы маем інфармацыю аб тым, што спецслужбы на месцах вывучаюць спіс 110 кандыдатаў АДС. І я лічу, што хтосьці з гэтага спісу можа быць пакліканы ўладай стаць апазіцыяй у парламенце. Натуральна, гэта будуць не самыя моцныя нашы кандыдаты, але за кошт гэтага ўлада паспрабуе легітымізаваць выбары.
Інфармацыйны цэнтр АДС
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме