01:15 03.05.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
«Калі ў нас такая моладзь – значыць, у Беларусі з цягам часу ўсё будзе добра»
22:09, 2 Мая |
Прэзэнтацыя кнігі «Парушэньні правоў чалавека ў 2007 годзе» адбылася непасрэдна пасьля «пасланьня А.Г.Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу». «Вось гэтая кніга – сапраўднае пасланьне народу: у ёй зьмяшчаюцца факты, якія сьведчаць пра шлях да пераходу ў таталітарызм, – адзначыў Франак Вячорка, адзін з кіраўнікоў “Моладзі БНФ”. – Калі беларуская ўлада эвалюцыянуе, дык толькі ў горшы бок».
Франак, адлічаны з Белдзяржунівэрсітэту па непрыхавана палітычных матывах, адзначыў, што ён «ня вельмі б хацеў называцца словамі “ахвяра парушэння правоў чалавека”. Хутчэй мы, беларуская моладзь – абаронцы правоў чалавека. Мы паспрабуем зрабіць усё, каб правы чалавека ў гэтай краіне жылі, і каб іх у гэтай краіне цанілі, – незалежна ад таго, як да гэтага чалавека ставіцца ўлада».
У кнізе, падрыхтаванай праваабарончай арганізацыяй «Вясна», зроблены падрабязны маніторынг парушэньняў правоў чалавека ў розных галінах – «Крымінальны перасьлед па палітычных матывах», «Ціск спэцслужбаў на палітычна і грамадска актыўных грамадзянаў», «Абмежаваньне права грамадзянаў на свабоду мірных сходаў» і інш. – па прынцыпе «Толькі факты». Толькі сьпіс адміністратыўна асуджаных за грамадска-палітычную дзейнасьць за мінулы год складае 612 асобаў (пэўна, слова «Асобы» тут трэба пісаць з вялікай літары).
«Рост грамадскай актыўнасьці – гэта паказчык таго, што грамадства разьвіваецца. Але ўлада – не: паралельна з гэтым ростам узмацняюцца рэпрэсіі; былі заведзеныя сотні адміністратыўных і больш за дзесяць крымінальных спраў, – адзначае кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі. – Узурпатары ўлады моцна баяцца яе страціць і дзеля яе захаваньня гатовыя шмат на што. Перспектывы такой палітыкі – вельмі сумныя. Мы ўсё болей і болей адстаем ад сваіх суседзяў – Польшчы, Літвы, Украіны – у эканамічным і грамадска-палітычным разьвіцьці». Праваабаронца дадаў, што ў будучыні вельмі важнай будзе задача «дэлукашызацыі беларускага грамадства».
Тацяна Кім, маці палітвязьня Андрэя Кіма, сказала: «Калі я была на судзе над маім сынам, я ў першы раз пабачыла такіх маладых людзей – такіх адукаваных, такіх чыстых, сумленных, унутрана свабодных, харошых дзяцей. Дзеля гэтага варта жыць. У маім пакаленьні болей прыстасаванцаў, запалоханых людзей, якія спрабуюць заплюшчыць вочы на што заўгодна. А калі ў нас такая моладзь – значыць, у Беларусі з цягам часу ўсё будзе добра».
Дарэчы, падобныя кнігі «Вясна» выдае з 1998 года – роўна 10 год.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме