15:00 28.04.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
“Чарнобыльскі шлях" – правал альбо посьпех?
13:09, 28 Апреля
Пра высновы,якія можна зрабіць, падводзячы вынікі сёлетняга "Чарнобыльскага шляху," разам зь Віталем Цыганковым разважалі Віктар Марціновіч і Алесь Лагвінец.
Адзін з удзельнікаў нашай перадачы, журналіст Віктар Марціновіч, лічыць гэту акцыю правальнай, іншы, палітоляг Алесь Лагвінец, здавальняючай. Адзін называе ідэю збору подпісаў супраць АЭС шляхам у нікуды, іншы – неабходнасьцю.
Цыганкоў: “Як можна ў цэлым ацаніць “Чарнобыльскі шлях?” З аднаго баку, акцыя прайшло спакойна, зь іншага – колькасьць удзельнікаў зусім не адпавядае значэньню “Чарнобыльскага Шляху”, які праходзіць штогод і традыцыйна становіцца адной з найважнейшых акцыяў апазыцыі?”
Самы правальны “Чарнобыльскі шлях” за ягоную гісторыю?
Лагвінец: “Я лічу, што акцыя была праведзена здавальняюча. Можна пералічыць шэраг чыньнікаў, якія паўплывалі не тое, што яна не было такой шматлікай, якой хацелася б чакаць. Гэта і запалохваньні, і сілавая рэакцыя ўладаў на сьвяткаваньне 25 сакавіка, і прэвэнтыўныя затрыманьні друкаванай літаратуры (падкрэсьлю, ня ўсёй, як перадавалася ў прэсе, а толькі часткі), і цёплае надвор’е, і сёньняшні перадвелікодны дзень. Але ў кожным разе, такія акцыя варта праводзіць, да таго часу, пакуль будзе існаваць колькасьць людзей, якія хочуць удзельнічаць у гэтых акцыях, выказваць сваю грамадзкую пазыцыю. Новым аспэктам “Чарнобыльскага шляху” стаў яго антыядзерны, анты-АЭС аспэкт”.
Марціновіч: “На маю думку, гэта самая правальная акцыя апазыцыі сёлета, і самы правальны “Чарнобыльскі шлях” за ягоную гісторыю. “Шлях” зьяўляецца брэндам, і рабіць зь ім тое, што было зроблена ў гэтым годзе – немагчыма і нельга. Можна колькі заўгодна казаць па запалохваньні, ці пра Вялікдзень, – але гэта сьмешна. Бо запалохваньні і надвор’е (добрае ці дрэннае), – гэта ёсьць кожны год. Але ніколі не было такой сьмешнай колькасьці ўдзельнікаў.
Я лічу, што акцыя павалілася не з-за зьнешніх чыньнікаў, а з-за ўнутраных, якія характарызуюць цяпер апазыцыю. Не было праведзена аніякай інфармацыйнай кампаніі, тыя вельмі нешматлікія ўлёткі, што былі ўсё ж зроблены, былі сканфіскаваныя – што таксама зьяўляецца вынікам дрэннай працы.
Было прынята проста ідыёцкае рашэньне з нагоды маршруту. Той маршрут, якім мы ўсе сёньня прайшліся – гэта здрада тых людзей, якія трапілі на нары. Тое, што арганізатары бегалі з мэгафонам і прасілі людзей заставацца на ходніках – гэта вельмі прыкры для мяне факт. Бо задача арганізатараў – вывесьці людзей і зрабіць пратэст відочным, бачным. Яны ж рабілі ўсё, каб зрабіць гэты пратэст ня бачным, а нешматлікім, прычэсаным і “канструктыўным”.
“Наша грамадзтва не гатова пратэставаць”
Лагвінец: “Давайце казаць пра канкрэтныя рэчы і глядзець адэкватна на сытуацыю ў краіне. Сёньня нашае грамадзтва, нават калі яно ў бальшыні супраць будаўніцтва АЭС, нават калі ўсьведамляе тыя пагрозы, якія нясе сёньняшняя палітыка да наступстваў аварыі на ЧАЭС – яно не гатовае пратэставаць. Можа, канешне, павялічыць (але ня вельмі істотна) колькасьць удзельнікаў акцыі пратэсту больш інтэнсіўная інфармацыйная кампанія – але не настолькі шмат, як хацелася б.
Відавочна, колькасьць людзей, што сёньня прыйшлі на акцыю, пакідае жадаць лепшага. Але даваць такія агульныя ацэнкі і казаць, што сёньняшняя акцыя правальная і адрозьніваецца ад іншых, якія рыхтаваліся дэмакратычнымі сіламі – то гэта самае меншае перабольшваньне.
Што да маршруту, то ён вызначаўся большасьцю ў аргкамітэту. Хацелася, каб удзельнікі акцыі не патрапілі пад дручкі АМОНу, тым больш што гэта акцыя смутку і жалобы, якая мусіць ушанаваць памяць тых людзей, якія загінулі і пацярпелі ад наступстваў Чарнобылю.
Я сам паходжу з Чарнобыльскага рэгіёну і разумею, што людзі, напрыклад, з маёй вёскі (якая ў 50-ці кілямэтрах ад станцыі, я сам перажыў эвакуацыю і цудоўна ўсё ведаю), нават усьведамляючы наступствы аварыі, неабавязкова гатовыя пратэставаць і проста ўвесь час пра гэта памятаць. Бо людзі звычайна чакаюць лепшага і хочуць думаць пра нешта сьветлае, а не пра трагічнасьць сытуацыі”.
Ці аб’яднае апазыцыю збор подпісаў супраць АЭС?
Цыганкоў: “Выступаючы на мітынгу каля Акадэміі Навук, Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што рух “За свабоду” пачынае кампанію збору подпісаў супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС. Вядома, аднак, што нават сярод апазыцыі няма еднасьці ў гэтым пытаньні – некаторыя даволі вядомыя асобы лічаць, што АЭС неабходна. Наколькі для апазыцыя гэта паліталягічна слушная, выйгрышная тэма – уздымаць насельніцтва супраць будаўніцтва АЭС?”
Марціновіч: “Як вы ўжо адзначылі, гэтая тэма для апазыцыі ня ёсьць кансалідуючай, адназначнай тэмай. А цяпер у апазыцыі такая сытуацыя, што кансалідацыя вельмі патрэбна, і любая новая ініцыятыва не павінна разьядноўваць.
Але і чыньнікі дасягненьня гэтай мэты ня есьць відавочнымі. “Збор подпісаў” – гэтыя словы я чую ўжо столькі гадоў. Калі нейкая партыя заяўляе пра кампанію збору подпісаў, то я думаю, што ня будзе зроблена нічога. Збор подпісаў у нашых прававых і юрыдычных умовах – гэта шлях у нікуды. Калі ты хочаш дамагчыся чагосьці, трэба ісьці на вуліцу. Успомнім сытуацыю з жыхарамі вуліцы Карла Маркса, якіх хацелі перасяліць. Яны выйшлі на вуліцы, дамагліся таго, што іхні голас быў пачуты. Яны рабілі гэта па пэўных правілах, але дамагліся свайго.
Збор подпісаў – гэта мэханізм, які працуе ў дэмакратычных краінах, дзе ёсьць удзел нізавых актывістаў у публічнай палітыкі. У нас няма публічнай палітыкі, у нас не магчыма ўнесьці у Палату прадстаўнікоў, пад якім проста сабраныя подпісы. Таму і мэта і шлях яе дасягненьня зьяўляюцца вельмі спрэчнымі для мяне”.
Лагвінец: “Калі паслухаць спадара Марціновіча, то вынікае, што пакуль у нас няма публічнай палітыкі, то ўвогуле нічога ня варта рабіць, нейкім чынам узьдзейнічаць не рэжым. Мы адстойваем беларускія нацыянальныя інтарэсы і лічым, што будаўніцтва АЭС вельмі шкодзіць нашых нацыянальным інтарэсам. Гэта фатальнае рашэньне для нашай незалежнасьці. Бо Беларусь пры прыняцьця рашэньняў сёньняшнім рэжымам заганяецца ў яшчэ большую залежнасьць ад Расі. Ня кажучы ўжо пра тую пагрозу, якую нясе ў сябе ядзерная энэргетыка.
Адна з задачаў збору подпісаў – гэта таксама інфармаваньне грамадзянаў пра нашу пазыцыю і пра тое, якім чынам мы можам узьдзейнічаць на ўлады. Відавочна, што няма адзіна правільнай і дасканалай формы змаганьня з аўтарытарным рэжымам. Але тыя 50 тысяч сабраных подпісаў у падтрымку патрабаваньняў вернікаў – яны сталіся элемэнтам грамадзянскай кампаніі, і за іх штрафуюць людзей, і ўлада адчувае, што яны аб’ядналі пэўную грамаду. І тут трэба працягваць дзейнічаць, абараняючы правы вернікаў.
Вяртаючыся да пытаньня будаўніцтва АЭС. Узьвядзеньне АЭС, нават калі яно нібыта адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам, немагчымае ва ўмовах сёньняшняга дыктатарскага рэжыму, калі няма ніякай транспарэнтнасьці, калі грамадзтва ня мае доступу да інфармацыі. Мяркую, што калі ўлада вызначыцца з месцам пабудова, то ня варта доўга чакаць, калі там узьнікнуць нейкія акцыі пратэсту”.
Марціновіч: “Я не кажу пра тое, што ня трэба рабіць нічога. Я кажу пра тое, што апазыцыі трэба працаваць эфэктыўна. Відавочна, што збор подпісаў не зьяўляецца эфэктыўным сродкам…”
Лагвінец: “Не відавочна, прабачце”.
Марціновіч: “Мне відавочна. Бо не было ніводнай апазыцыйнай ініцыятывы, якая скончылася посьпехам, калі яна ішла шляхам збору подпісаў.
Адзіным эфэктыўным мэханізмам дасягненьня сваіх мэтаў у такім грамадзтве як Беларусь зьяўляецца толькі вуліца. Прадпрымальнікам удалося дасягнуць прынамсі таго, што пра іх загаварылі. Тое, што сёньня адбылося – гэта быў вельмі ціхі і нябачны пратэст. Пратэст ня можа быць нябачным”.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме