02:00 25.04.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Будаўніцтва АЭС: грамадзяне павінны мець магчымасць зрабіць асэнсаваны выбар
23:39, 24 Апреля |
Сёння, перад «Чарнобыльскім шляхам» і, адпаведна, чарговай сумнай гадавінаю катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у офісе АГП пад эгідаю Нацыянальнага Камітэту аб’яднаных дэмакратычных сілаў адбыўся «круглы стол» па тэме «Чарнобыль праз прызму будаўніцтва атамнай станцыі».
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел больш за 20 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі (з ліку кіраўнікоў) 6 палітычных партыяў: гэта Аб’яднаная грамадзянская партыя (старшыня А.Лябедзька і інш.), Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (намеснік старшыні С.Скрабец), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Народная грамада» (старшыня М.Статкевіч), Партыя камуністаў беларуская (сакратар ЦК А.Скрыган), Партыя працоўных (сябра аргкамітэту У.Страх), Партыя свабоды і прагрэсу (старшыня аргкамітэту У.Навасяд). Акрамя таго, удзельнічалі прадстаўнікі кампаніі «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» (Л.Марголін), руху «За свабоду» (В.Карняенка), арганізацыі «Малады фронт» (З.Дашкевіч) і Саюза «Чарнобыль–Беларусь» (А.Валчанін).
Увогуле дыскусія вялася наконт таго, ці мэтазгодна наогул, пры якіх бы там ні было ўмовах, будаваць атамную электрастанцыю ў Беларусі. Наконт таго, што гэтага нельга рабіць зараз, пры цяперашнім рэжыме і такім чынам, як то спрабуюць зрабіць улады, спрэчак не было – у гэтым усе ўдзельнікі абмеркавання былі адзіныя.
Большасць выступоўцаў падкрэслівалі, што перад прыняццем рашэння аб будаўніцтве станцыі для грамадзян Беларусі павінна быць максімальна шырокае інфармаванне – а цяперашняй уладаю робіцца наадварот: інфармацыя ўсяляк прыхоўваецца ды замоўчваецца.
«Будаваць АЭС у Беларусі – гэта бессэнсоўная прыдумка, – сказаў старшыня аргкамітэту “Навукоўцы за бяз’ядзерную Беларусь” Ягор Фядзюшын. – Адсутнічаюць умовы для будаўніцтва АЭС, няма спецыялістаў. А галоўнае, што атамнае паліва падаражала ў 21 раз (для параўнання: газ падаражаў у 3 разы). Трэба арыентавацца не на ядзерную энэргетыку, а на новыя тэхналогіі».
Юрый Варонежцаў таксама прывёў аргументы на карысць таго, што будаваць АЭС у Беларусі немэтазгодна: «Беларусь выдаткоўвае на 100 даляраў валавога ўнутранага прадукту каля 400 кілаграмаў нафтавага эквіваленту на душу насельніцтва, – у той час, як развітыя еўрапейскія краіны выдаткоўваюць 150 кг. Навошта краіне, якая мае такія выдаткі, будаваць генеруючыя аб’екты? Гэта поўны абсурд. Каб акупіць толькі будаўніцтва, спатрэбіцца 60 гадоў. Лепш купіць нармалёвыя энэргазахоўвальныя тэхналогіі».
Пра іншыя шляхі вырашэння энэргетычнай праблемы казаў і Віктар Карняенка. Напрыклад, можна разглядаць варыянт скарыстання атамнай станцыі ў Роўне (Украіна), – што будзе значна танней, чым будаваць уласную. Але, як ён выказаўся, «таталітарызм стаіць замшэлым пнём на дарозе цывілізацыі. Праблему энэргазахоўвання ён не можа вырашыць у той жа меры, як і праблему дэмакратызацыі».
Экс-прэзідэнт Акадэміі Навук, акадэмік Аляксандр Вайтовіч не ўзяўся ацэньваць эканамічны бок справы – ён сказаў, што трэба браць калькулятар і скрупулёзна падлічваць. Пры гэтым А.Вайтовіч лічыць, што, карыстаючыся досьведам цывілізаваных краінаў, пры наяўнасці эканамічнага эфекту АЭС можна будаваць, – з выкананнем стандартаў бяспекі тых жа цывілізаваных краінаў. Лепш гэта рабіць, як Літва сваю Ігналінскую АЭС – з удзелам замежных партнёраў, якія забяспечаць і найноўшыя навуковыя напрацоўкі, і стандарты бяспекі. «Але сітуацыя такая, што ніхто на гэты альянс не пойдзе», – зазначае Вайтовіч. То бок, ізноў жа, справа ў палітыцы.
Аляксандр Валчанін заклікаў правесці на працягу бліжэйшага месяца – з удзелам спецыялістаў і з рознымі пунктамі гледжання – на Беларускім тэлебачанні і радыё. А таксама да таго, каб чыноўнікі, «калі не могуць вырашаць гэтыя пытанні з еўрапейскімі структурамі і з ААН – дык няхай хаця б не перашкаджаюць нам».
Падводзячы вынікі «круглага стала», Анатоль Лябедзька канстатаваў: «Усе заявілі, што нельга будаваць атамную станцыю ў савецкіх умовах. А ў нас савецкія умовы: доступ да інфармацыіі застаецца такім жа, як у 86-м годзе. Неабходна, каб была шырокая дыскусія на тэлебачанні, на радыё, з удзелам экспертаў і асвятленнем пытання з розных бакоў – у выніку чаго чалавек можа зрабіць асэнсаваны выбар».
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме