21:00 22.04.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Асуджаныя па “справе 14-ці” абскардзяць прысуды
19:15, 22 Апреля |
Суд Цэнтральнага раёну Менску асудзіў моладзевых актывістаў, абвінавачаных ва ўдзеле ў масавых беспарадках у часе акцыяў прадпрымальнікаў 10 і 21 студзеня.
Самае жорсткае пакараньне атрымаў Андрэй Кім, які прызнаны судом вінаватым у тым, што ён ударыў міліцыянта, і пакараны на 1,5 гады турмы. Уладзімеру Сяргееву і Антону Койпішу прысуджаныя штрафы памерам у 3,5 мільёна рублёў, астатнім - па 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў у спэцустановы. Яны будуць адбываць пакараньне па месцы працы з утрыманьнем пэўнай сумы заробку, ня змогуць пакідаць свой раён жыхарства без дазволу, выяжджаць за мяжу, павінны будуць адзначацца ў міліцыі.Усе асуджаныя прызналі прысуд занадта жорсткім і несправядлівым і заявілі, што будуць абскарджваць рашэньне суду ў судах вышэйшай інстанцыі і паведамяць аб прысудзе ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
Міхаіл Крываў
Міхаіл Крываў: “Я чакаў, што правасудзьдзе будзе менавіта такім. Але ўсё адно абурэньне схаваць цяжка. Судзьдзя проста перакручвала факты. Яна вінаваціла нават болей, чым было у паказаньнях сьведкаў. Па справе Андрэя Кіма наагул няма ніякіх словаў. Яна кажа, што відэматэрыялы цалкам даказваюць віну. Хоць на здымках нічога не было відаць… Ганьба, што такое адбываецца ў 21-м стагодзьдзі ў эўрапейскай краіне. Нашыя адвакаты абскардзяць гэты прысуд”.
Алесь Стральцоў
Алесь Стральцоў: “Прысуд успрымаю як палітычна матываваны. Юрыдычных доказаў таго, што я груба парушаў грамадзкі парадак нідзе няма. Суд не знайшоў, і сьледзтва гэтых доказаў не выявіла, ніводны са сьведкаў на мяне не паказаў. Таму я лічу, што падставай для суду нада мною стала мая грамадзкая пазыцыя... Перакананы, што прысуд быў напісаны да пачатку сьледзтва і суду. Я ўпэўнены, што мы ўсе будзем абскарджваць гэты прысуд”.
Алесь Чарнышоў
Алесь Чарнышоў: “Мне, як і большасьці, далі 2 гады абмежаваньня волі. Перажыў... Я гэтага і чакаў, пасьля таго, што для мяне запрасіў пракурор. Я болей хваляваўся за Андрэя Кіма – гэта страшны прысуд”.
Аляксей Бондар
Аляксей Бондар: “Я цяжка успрыняў толькі прысуд Андрэю, з-за яго маці… А для ўсіх нас, на жаль, гэта было прадказальна. Я здагадваўся, што так і будзе, але не хацелася быць чорным прарокам. Сюрпрызаў чакаць не выпадае. Існасьць гэтай ўлады была вядомая і раней. Гэты прысуд – у шэрагу фарсавых працэсаў, якія адбываюцца ўжо даўно. Зразумела, будзем абскарджваць, бо з гэтым беззаконьнем трэба змагацца ў тым ліку і законнымі мэтадамі. Будзем абскарджваць да самага канца: Вярхоўны суд, а пасьля і Эўрапейскі суд па правах чалавека”.
Тацяна Цішкевіч
Тацяна Цішкевіч: “Натуральна, што прысуд будзем абскарджваць. Я шакаваная толькі прысудам Андрэю Кіму. Вельмі шкада ягоную маці. Яна вельмі дрэнна сябе адчувала на працэсе”.
Уладзімер Сяргееў
Уладзімер Сяргееў: Я атрымаў штраф. І, можна сказаць, задаволены – будзе падарункам на дзень народзінаў. Аднак усё гэта азмрочана прысудам Кіму і тым, што маіх сяброў пакаралі неабгрунтавана жорстка. Тое, што нас усіх прызналі вінаватымі, лічу, ганебна”.
Арцём Дубскі
Арцём Дубскі: “Мяне цалкам незаконна, як я лічу, асудзілі. Больш за ўсё мяне ўразіў прысуд Кіму, якому далі паўтары гады турмы літаральна ні за што. Абвінавачаньне проста высмактанае з пальцу. Можна любога, хто ходзіць на мітынгі, схапіць і зьвінаваціць у чым заўгодна. Два гады мы будзем сплачваць нейкую частку грошай – гэта не самае горшае, але прысуд усё адно несправядлівы”.
Міхась Пашкевіч
Міхась Пашкевіч: “На 2 гады мы сталіся закладнікамі любой дробязі, якая можа з намі здарыцца. Насамрэч, мы застаёмся пад той мерай стрыманьня, якая была нам абраная. Зараз за любую дробязь, нават за пераход вуліцы ў неўсталяваным месцы, можна выправіцца на Валадарку. Я не магу сказаць, што гэта добры прысуд. Мы робімся закладнікамі свайго мінулага і сяброўства ў грамадзкіх арганізацыях. Актыўная палітычная дзейнасьць для нас сёньня немагчымая”.
Андрэй Кім
Засуджанага да 1,5 зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму Андрэя Кіма міліцыя адразу пасьля вынясеньня прысуду адвезла ў сьледчы ізалятар. Маці Андрэя Тацяна Кім пасьля абвяшчэньня прысуду сказала: “Я лічу, што віна Андрэя не даказаная. У залі суду не толькі я, але ўсе бачылі, што гэта ня так. Матэрыялы справы, наадварот, даказваюць, што ён не вінаваты. Значыць, камусьці было патрэбна, каб яго асудзілі. Хай усё гэта застаецца на іхным сумленьні. На сумленьні Сычова, якія так моцна пацярпеў. На сумленьні судзьдзі Ільіной. Я да апошняга спадзявалася, што яна будзе справядлівай. Але гэта не адбылося. Таму я ня буду казаць нічога дрэннага ці добрага”.
Антон Койпіш
Антон Койпіш у часе вынясеньня прысуду быў шпіталізаваны ў пераднепрытомасным стане.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме