01:15 16.02.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Змiцер Дашкевiч З кнігі "Будзіцелі"
ДАВЕДКА: Зміцер Дашкевіч узначальвае незарэгістраваную арганізацыю «Малады фронт». 18 сакавіка 2006 года «Малады фронт» прыняў рашэнне аб выхадзе са складу кіруючых структур Аб’яднаных дэмакратычных сіл, якія не выканалі сваіх абавязкаў, што многімі было ўспрынята з вялікай павагай.
— Напэўна, пачалося ўсё ў 1979 годзе, калі мой бацька пазнаёміўся з маёй матуляй. Праз два гады нарадзіўся я. Дакладней, 20 ліпеня 1981 года. У пасведчанні аб нараджэнні напісана, што гэта вёска Кушняры Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
— Вялікая вёска?
— Мо з тысячу жыхароў. Я там некалькі разоў і быў толькі. Гэта радзі¬ма таты, Вячаслава Уладзіміравіча. А першыя дзіцячыя ўспаміны звязаны з магаданскім краем. Справа ў тым, што мае бацькі журналісты, і іх «насіла» па свеце. У Беларусь яны прыехалі ў госці да сваякоў. Маці была цяжарнай, таму геаграфічным месцам майго нараджэння сталася вёска Багуцічы, Ельскага раёна, а запісаны я быў пасля нараджэння, што дазваляла заканадаўства, на радзіме бацькі, у вёсцы Кушняры. А потым мы паехалі ў магаданскі край, дзе і пражылі да канца 1986 года. У нейкім сэнсе на Поўначы Расіі я пачаў займацца палітыкай, таму што на пяцігоддзе мне падарылі кніжачку пра Леніна. Яна і цяпер у мяне ёсць у бацькоўскай хаце, што ў Старых Дарогах. Шмат разоў яе чытаў. Мабыць, марыў стаць Ільічом. Сур’ёзна, я на той час быў кучаравым. Усё сыходзілася.
У Беларусь мы вярнуліся напрыканцы 1986-га. У Старых Дарогах я і скончыў школу.
Потым паступіў у Гродзенскі агратэхнічны універсітэт. Але настолькі быў далёкі ад гэтай галіны, што ўжо праз год напісаў заяву на адлічэнне. Пасля прыехаў у Мінск.
Хацеў паступаць на журфак: гены. Мне падабалася журналістыка, і я, напэўна, бачыў сябе ў гэтым. Аднак пакуль дабраўся да факультэта журналістыкі, паспеў пазнаёміцца з «Маладым фронтам» і далучыўся да іх дзейнасці. Прыйшоў падаваць дакументы ў БДУ ў маладафронтаўскай майцы. Камісія іх нават не прыняла. Яны патрабавалі нейкую даведкуаб тым, што ў мяне няма... вышэйшай адукацыі. Хаця ўсім было бачна і зразумела, што ў такія гады я проста не магу яе мець. Карацей , банальна «адфутболілі». І ўсім абсалютна зразумела, чаму зараз гэта адбываецца амаль усюды, калі браць Беларусь.
Сябра Алег Шэін параіў атрымаць адукацыю ў Літве, дзе я зараз і вучуся. Віленскі дзяржаўны універсітэт на факультэце славістыкі адкрыў беларускае аддзяленне. Там вучацца беларусы, якія жывуць у Віленскім краі і прыязджаюць адсюль. ЕГУ пачаў працаваць у Літве значна пазней.
Для мяне гэта было выйсцем. Гэта цяпер можна вучыцца ў той жа Польшчы, таму што Аляксандр Мілінкевіч падпісаў адпаведнае пагадненне з польскім урадам, і сітуацыя кардынальна змянілася. А раней адначасова займацца грамадскай дзейнасцю і вучыцца ў дзяржаўных ВНУ было немагчыма. Выганялі за налепкі. Зараз студэнтаў забіраюць з мітынгаў, яны адбываюць «суткі», і ўсё абыходзіцца толькі вымовамі. Дзякуй праграме Каліноўскага. Яе ролю тут пераацаніць цяжка.
Рывок атрымаўся даволі відавочны. Моладзі зараз стала значна прасцей, і яна больш ахвотна далучаецца да дзейнасці грамадскіх арганізацый. Таму што ведае: не здолее атрымаць вышэйшую адукацыю тут, ёсць магчымасць вучыцца ў прэстыжных еўрапейскіх універсітэтах. І далейшыя перспектывы будуць яшчэ лепшымі.
— Зразумела, што «адсідак» было нямала, але апошняя стала самай вядомай. Нагадайце, калі ласка, яшчэ раз, як усё адбылося?
— Будзе вельмі цяжка, таму даруйце, калі забуду пра нейкія дэталі. Супраць «Маладога фронту» крымінальную справу завялі ў той жа дзень, калі і на Казуліна, 24 красавіка 2006 года. Аб гэтым я ўжо даведаўся ў спецпрыёмніку, з нататак маладафронтаўцаў. Яны закручвалі свае лісты ў цукеркі. Крымінальная справа была супраць мяне, Барыса Гарэцкага, Алега Корбана і Сержука Лесічонка. Мяне адразу ж дапыталі. У прынцыпе, я ўжо пачаў рыхтавацца да таго, што з Акрэсціна да суду не выйду. Сакамернікі нават падрыхтавалі торбачку з адзеннем і ежай, каб пасля таго, як скончыцца арышт, мог пераехаць у следчы ізалятар на Валадарку. Аднак гэтага не адбылося. У адрозненне ад таго ж Казуліна.
Наша крымінальная справа то сціхала, то актывізавалася. І так некалькі разоў. Амаль паўгода. Бывала, месяц — цішыня, потым — канфіскацыі, допыты, ператрусы, і зноў месяц — цішыня. Усе мы не былі пад традыцыйнай падпіскай «аб нявыездзе». Ездзіць было можна, адзінае — заўжды своечасова прыходзіць на допыты. Гэта сведчыць аб тым, што ўлады давалі нам магчымасць выехаць за мяжу. Яны былі б вельмі рады, калі б нехта з нас не вярнуўся ў Беларусь. Але гэтага рабіць ніхто не збіраўся. Усе свой жыццёвы выбар зрабілі асэнсавана, свядома і пераканана.
15 верасня мяне выклікалі на чарговы допыт, сказалі, што гэта будзе кароткі следчы эксперымент, сутнасць якога ў відыёзапісе размовы са мной, таму што я ўвесь час адмаўляўся ад любых паказанняў. Ім як быццам бы трэба на штосьці абапірацца, зрабіць экспертызу майго голасу і параўнаць яго з нейкімі «праслушкамі». Як высветлілася пазней, гэта было цынічнай хлуснёй. Калі ўсё зрабілі, прапанавалі пачакаць. Маўляў, ёсць і яшчэ «фармальнасці». І паказалі пяць аркушаў, падпісаных генпракурорам, аб маім арышце. Усё было зроблена, каб псіхалагічна «зламаць». Па-першае, арышт адбыўся нечакана. Па-другое, трох астатніх увогуле перасталі лічыць падазронымі.
Абвінавачаным стаў толькі я. Артыкул Крымінальнага кодэкса быў «лёгкім», бо акрамя арышту прадугледжваў папярэджанне альбо штраф, і звычайна да суду нікога не накіроўваюць за краты, але са мной яны вырашылі зрабіць па-іншаму.
Чаму? Я ўсё прааналізаваў і прыйшоў да высновы: мяне арыштавалі таму, што «Малады фронт» у чарговы раз даволі блізка падышоў да рэгістрацыі.
16 верасня праходзіў «Джынсавы фэст». На яго прыехалі нашы людзі з усіх беларускіх рэгіёнаў і былі павінны намеціць дату ўстановачнага з’езда. Маўляў, раз улады патрабуюць рэгістрацыі, зробім яшчэ адну спробу. Але апошнія пачалі дзейнічаць прэвентыўна.
Усе вакол добра разумелі, што адбываецца поўны маразм. Улада нават не спрабавала трымацца нейкай логікі і прыстойнасці. Уявіце! Следчым мне прызначылі кіраўніка аддзела па асоба важных злачынствах рэспубліканскай пракуратуры. І гэта супраць дзяцей, уся віна якіх у тым, што яны не падтрымліваюць прэзідэнта, а прапаведуюць нацыянальную ідэю і хрысціянскія прынцыпы, ездзяць па Беларусі, заклікаюць моладзь кінуць курыць, піць, не ўжываць наркотыкі, думаць пра сваю краіну! Якая тут небяспека? Навошта намі ў КДБ займаецца аддзел па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, тэрарызмам і абаронай канстытуцыйнага ладу, а ў пракуратуры — аддзел па асоба важных злачынствах? Такія мы страшныя?
Следчы казаў: да ты не хвалюйся, мне да пенсіі застаўся месяц, таму няма сэнсу хлусіць, усё абыдзецца штрафам. Цукеркі мне прыносіў. Маўляў, у «Партнёрства» быў напал выбараў, а тут — усё проста.
— Не абышлося...
— Праз месяц майго знаходжання на Валадарцы справу перадалі ў суд. Асудзілі праз тры дні. Пракурор папрасіў максімум— два гады зняволення. А суддзя даў на паўгода менш, матывуючы гэта тым, што я «прызнаў сваю віну» (што няпраўда). Безумоўна, я прызнаваў усе дзеянні, якія мне інкрымінаваліся (сустрэчы, гутаркі, знаёмства з малада¬фронтцамі), але не бачыў самога факта віны.
Нагадаю, 193 артыкул Крымінальнага кодэкса забараняе дзейнасць арганізацый, якія ўчыняюць які-небудзь гвалт над асобай. Што цалкам адпавядае нашай Канстытуцыі і міжнародным пагадненням Беларусі. І гэта абсалютна нармальна.
Да 1 студзеня 2006 года быў толькі такі артыкул. Максімальная адказнасць — да шасці месяцаў арышту.
А потым пачаў дзейнічаць новы Крымінальны кодэкс. Пакаранні былі пашыраны да двух гадоў і з’явіўся новы артыкул — 193-1. Падкрэсліваю, не першая частка, а зусім новы, бо журналісты часта блытаюць. Гэты артыкул забараняў дзейнасць абсалютна ўсіх арганізацый, якія не прайшлі праз сіта рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі альбо былі ім забаронены. Па сутнасці, судзіць можна было нават тых, хто без дазволу займаецца, скажам, аховай птушак.
Але галоўная мішэнь была зусім іншай. Яе дэклараваў сам Лукашэнка, калі сказаў, што нельга дапусціць дзейнасці такіх арганізацый, як «Малады фронт» і «Зубр». Канешне, у такіх умовах спадзявацца на рэгістрацыю нам не выпадала. Тым больш мы не маглі займацца гэтым працэсам перад выбарамі, таму што ён вымагае вельмі шмат высілкаў. Каб правесці арганізацыйны сход, трэба збіраць людзей па ўсіх рэгіёнах, афармляць розныя дакументы. Перад выбарамі займацца ўсім гэтым амаль немагчыма. Яшчэ на пачатку 2000 года было некалькі спроб рэгістрацыі, але потым мы палічылі, што гэта на дадзены момант не самае галоўнае. Губляем і час, і сілы.
24 сакавіка 2006 года, у дзень разгону намётавага гарадка, мне пачалі інкрымінаваць артыкул 193-1 і канчаткова прысудзілі 1,5 года агульнага рэжыму. Але цяпер такіх калоній амаль няма. Мяне, напрыклад, прывезлі ў Шклоўскую калонію, дзе рэжым заўжды быў узмоцненым. Розніца толькі ў дробязях: колькасць перадач, сустрэч са сваякамі і г.д.
У судовай пастанове вычытаў вельмі цікавую фразу: «Малады фронт» — организация, которая стремится к духовному и национальнаому возрождению Беларуси...» — такую выснову, аналізуючы матэрыялы справы, робіць суд, і далей тлумачыць зніжэнне на паўгода пакарання «... во имя восстановления социальной справедливости и учитывая личность обвиняемого… ».
— А як сустрэлі ў Шклоўскай калоніі?
— Па-рознаму.
Мне было цяжка прыняць крымінальны свет з яго законамі, якія антычалавечыя па сутнасці. Канешне, гэтая супольнасць імкнецца абараніць сябе і стварае свае пастулаты. Але ахоўваюць яны людзей перш за ўсё, драпежнага складу характару, тых, хто можа быць ваўкамі і каго-небудзь загрызці. А слабейшых душыць яшчэ больш. Таму такую сістэму вельмі цяжка ўспрыняць. Канфлікты ў мяне з найбольш лютымі носьбітамі такой маралі пачаліся амаль адразу і вельмі часта ледзь не даходзілі да фізічных разборак...
Калісьці Андрэй Клімаў сказаў, што ўся зона «моліцца на Лукашэнку». Я зразумеў сэнс гэтых слоў толькі тады, калі трапіў за краты. «Моліцца» азначае прагне перамен. Я не сустракаў ніводнага чалавека, які б Лукашэнку падтрымліваў. Можна было з некім спрачацца. Але датычылася гэта таго, хто потым будзе лепшым прэзідэнтам. А пра неабходнасць змен нават не трэба было размаўляць. Часта бывала так, што некаторыя спачатку верылі ў штампы беларускага тэлебачання аб апазіцыі, аднак пасля 10 хвілін размовы пачыналі думаць зусім па-іншаму.
Такое адбывалася і на Валадарцы, і на «зоне».
Пасля першых канфліктаў (яны ёсць ва ўсіх, хто туды трапляе) да мяне адразу пачалі змяняцца адносіны. Тут ёсць пэўны псіхалагічны фактар: да цябе будуць ставіцца так, як ты сам дазволіш.
Па складзе характару і па хрысціянскай маралі, якой ў жыцці імкнуся прытрымлівацца, не мог адпавядаць поглядам тых людзей, якія спрабавалі мяне «зламаць». Калі адразу гэта не атрымоўваецца, становіцца цалкам відавочна, што чалавек мае свае перакананні і яго лепей не чапаць. А з часам пачынаюць і паважаць.
І, канешне, фактар грамадскай салідарнасці. Было вельмі шмат лістоў. Нават мая выхавальніца-псіхолаг (цэлы маёр) сказала, што такой колькасці не бачыла ніколі. А асуджаныя, бачачы сотні лістоў, што прыходзілі да мяне штотыдзень, гаварылі: «Дзіма, апазіцыя — гэта сіла!» Таму я вельмі ўдзячны кожнаму чалавеку, які выказваў мне сваю падтрымку. Перакананы, што наша салідарнасць сталася галоўнай падставай перамогі, якую атрымаў і я, і «Малады фронт» у гэтым выпрабаванні.
АЎТАРСКІ КАМЕНТАРЫЙ
Зміцер Дашкевіч прыйшоў да мяне з... пельменямі. Хутка, умела і смачна іх прыгатаваў. Тлумачылася ўсё вельмі проста — у вядомага кіраўніка «Маладога фронту» часам няма магчымасці нават паесці. Факт вельмі красамоўны, бо ў некаторых кожны дзень часу хапае на звычайны хакей.
ВАЛЕРЫЙ ДРАНЧУК
ДАВЕДКА: Валерый Дранчук нарадзіўся ў 1951 го¬дзе на хутары Гавязна Стаўпецка-Нясвіжскага памежжа. У 1974-м скончыў журфак Белдзяржуніверсітэта. Прыродаахоўнік, заснавальнік, выдавец і рэдактар асветна-публіцыстычнай газеты «Белавежская пушча».
— Давайце ўспомнім, як вы даведаліся пра тое, што вашага сына арыштавалі?
— Вельмі проста. Праз гадзіну пасля арышту мне патэлефанавала дачка Юля і ў тэлеграфным стылі, без панікі паведаміла наступнае: Цімафея затрымала КДБ, усё ператрэслі, тата, паглядзі добра, што дзе «не тое» ў цябе, магчымы таксама ператрус. Хоць Цімох жыве асобна, аднак было не выключана, што будуць шукаць і ў нас, дзе Цімафей пра¬пісаны і дзе шмат выдадзенага ім — яшчэ з 90-х — я захоўваю як рэліквію. Дый маёй «зялёнай» літаратуры з «кампраматам» назбіралася. Хто ведаў, за што могуць прычапіцца? Прычына арышту была яшчэ невядома. Канешне, я не стаў усё паліць, але сёе-тое прыхаваў на ўсякі выпадак.
Была сярэдзіна дня 21 лютага, месяц да выбараў. Праз некалькі гадзін я даведаўся з навінаў «Свабоды», што пасткі рэжыму пастаўлены на «Партнёрства». Яшчэ цяжка было ўявіць, што наперадзе нас чакае год выпрабаванняў. Што затрыманне маладзёнаў стане генеральнай спецаперацыяй па запалохванні Беларусі, шантажам выбарцаў перад 19 сакавіка.
А неўзабаве, як спланаваны працяг, была знакамітая прэс-канферэнцыя, якую круцілі, як сёння круцяць «Лато», ці не да самых выбараў. Сухарэнка, былы шэф КДБ, на ўсю краіну агучыў «праўду» пра пераварот у краіне з замахамі і выбухоўкамі. Незабыўнае і цяжкае ўражанне. Было відаць з экранаў (ішло па БТ), як страх перад праўдай скажаў фізіяноміі гэтых людзей — яны здаліся мне манекенамі ў мундзірах. Агучваўся дзікі падман. Напускаўся жудасны пафас хлусні. Акурат напярэдадні вечарам, за дні два, глядзеў на сцэне Купалаўскага тэатра містэрыю паводле «Сымона-музыкі», там быў цудоўны эпізод, які мяне ўразіў: мужчыны, пастаўшы ў адзін рад, б’юць у чырвоныя барабаны — парожнія бочкі. І вось гэта як бы паўтарылася, тая сцэна праецыравалася на сённяшні дзень, на нашу перадвыбарную рэчаіснасць. «Чырвоны» пошчак д’ябальскай арды, наступ тых самых, хто нам «культуру нёс з калом». Словы песняра гучалі вельмі актуальна. Я нават хацеў набыць квіткі для Цімоха, каб не прамінуў, убачыў гэты спектакль. А назаўтра яго арыштавалі.
— Гэта яшчэ быў і дзень нараджэння ягонай жонкі Вольгі?
— Ён ад’ехаў з дому па кветкі. А вярнуўся ў кайданках і ў суправа¬джэнні гэбістаў, двое былі ў чорных масках. Тое невыпадкова, я ўпэўнены. Гэта адзін почырк, адна традыцыя: ім хацелася растаптаць і гэты дзень, і гэтыя кветкі. Ім дакладна было вядома і тое, што Вольга на апошніх месяцах чакання. Пазней я пераконваўся не раз у тонкасцях здзеку — на іхні д’ябальскі лад, гэта найвышэйшы клас прафесіяналізму.
— І вы ўключыліся ў барацьбу за вызваленне сына...
— З першага дня. Усе мае справы — асабістыя, прафесійныя, грамадскія — былі адсунуты ў бок. Галоўным стала абараніць гонар Цімоха, як мага хутчэй вызваліць яго з турэмных засценкаў. І не толькі яго, а ўсіх чатырох. Міколу Астрэйку я ведаў яшчэ з часоў вучобы Цімоха ў ліцэі. Яны сябравалі. Колькі разоў перамаўляўся з маці, спадарыняй Яўгеніяй, жанчынай чулай і надзвычай трапяткой, неабыякавай. Цяпер нас аб’ядноўваў іншы паварот лёсу: нашы дзеці ў заложніках улады. Ізалятар, турма — гэта ўжо бяда, гэта кашмар. Для кожнага з нас. Для кожнай сям’і, кожнай маці і кожнага бацькі. Трэба дзейнічаць, змагацца за правы, гэта значыць ісці супраць рэжыму.
Адным з першых крокаў стала сустрэча з праваабаронцамі Людмілай Гразновай і Гары Паганяйлам. Была нядзеля. Мы сустрэліся ў ціхай кавярні. Я прыйшоў з дачкой і жонкай. Пазнаёміўся са спадарыняй Віялетай, маці Эніры Браніцкай, і жонкай Міколы — Палінай. Мы хацелі ведаць найперш юрыдычную сутнасць справы: якім шляхам трэба ісці, якія мэты ставіць — перад сабой, адвакатамі, якіх прынцыпаў трымацца, чым кіравацца і г.д. Зразумела, што мы жывём не ў прававой дзяржаве, але ж пра свае прававыя магчымасці хацелася ведаць усё і нават больш. Ужо было зразумела, што на справе «Партнёрства» ўлады не спяшаюцца ставіць кропку, трэба рыхтавацца да працяглай барацьбы.
Завязалася маленькая дыскусія: ці не нашкодзіць пазіцыя бацькоў, калі яна будзе выяўляцца ў пратэстнай, палітычна завостранай форме? З іншага боку, як можна змагацца за дзяцей-палітвязняў і заставацца лаяльнымі да гэтай сістэмы? Трэба было вызначацца і наконт рыторыкі, і наконт дзеянняў. Я адчуў, што сярод нас, бацькоў і сямейнікаў, у гэтым плане не ўсе аднолькава падрыхтаваныя, дзесьці спрацоўвала інерцыя, звычайная перастрахоўка: а раптам пачнуць помсціць? А там нашы дзеці. Неспакой за наступствы — гэта вельмі зразумела. З чаго ўлада і карыстае. Гары Паганяйла, праваабаронца з вялікім вопытам, выказаўся катэгарычна: баяцца не трэба, трэба гаварыць тое, што не могуць сказаць самі вязні. І прапанаваў актыўна дзейнічаць. Маўляў, справу маем з жорсткім рэжымам, грамадства скаванае страхам, каму ж, як не самім бацькам, заступацца.
Пасля, як кажуць, пайшлі будні. Напрыклад, што і як можна перадаць у камеру? Усюды свае парадкі, рэгламент, людзі. Тупыя, карніцкія абмежаванні. Трэба было прызвычайвацца. Усё гэта неспадзяваным гвалтам абрынулася на родных і блізкіх. Але найперш на сям’ю, на нас з жонкай і дачку Юлю. Мы апынуліся ў стане вайны, калі нехта з дому пайшоў ваяваць. Сярод клопатаў было шмат шараговых, побытава-празаічных, але заўсёды неадкладных — усе разам яны займалі нас цалкам, згодна той матывацыяй, якая ўласціва любой нармальнай сям’і: хацелася як мага хутчэй дапамагчы роднаму чалавеку, зменшыць ягоныя цяжкасці, даць адчуць, што мы застаёмся побач з ім.
Праз тыдні два я сустрэўся з адвакатам Паўлам Сапелкам. Прыехаў на Мележа, 4, дзе юрыдычная кансультацыя — месца ягонай працы. Трэба было абгаварыць магчымасці змянення меры ўтрымання на хатні арышт — я ставіў на гэта як на самае істотнае. Адзін з аргументаў — сям’я чакае сына, жонка на восьмым месяцы цяжарнасці. Менавіта цяпер, на этапе следства, так падказвала інтуіцыя, былі магчымыя перамогі. Аднак Павел хутчэй расчараваў, чым абнадзеіў. Ніякай пасіянарнасці. Настрой кабінетны, больш абыякавы, чым рашучы. Выказваўся асцярожна, з нейкай аглядкай. Я не адчуў з яго боку ні шчырага зацікаўлення, ні жадання нечага дамагацца, супрацьстаяць уладнай дактрыне зняволення. Я ведаў пра так званую падпіску аб невыдаванні тайны следства, што ў пэўнай ступені павязвала адваката, аднак гэта была неглыбокая пастка. Поле змагання за маладзёнаў, як я пераканаўся пасля, заставалася досыць шырокім, а часам бяскрайнім. На жаль, следчы этап — амаль паўгода (!) — дзякуючы недзеяздольнаму, залежнаму ад дзяржавы інстытуту абароны, быў цалкам упушчаны. Лічыў і лічу гэта самым ганебным правалам у справе «Партнёрства» з боку праваабарончага корпуса.
Ліставалі Цімоху амаль штодня, хіба з перапынкамі, калі не хадзіла пошта. Гэта быў такі наш бацькоўскі абавязак. З жонкай пісалі кожны свой ліст. Пасля клалі ў адзін канверт і пасылалі. Ускосна, праз нейкія словы, імкнуліся падтрымаць дух Цімафея. Найперш, каб ён адчуваў цеплыню дома, каб турма не прыніжала ягоную годнасць. Мы аднолькава хацелі супакоіць сына, надаць лістам пазітыву, на якім варта засяро¬дзіцца. Кожны з нас рабіў гэта па-свойму. Канешне, далёка не ўсё ў лістах было «адкрытым тэкстам». Але мне заўсёды было важна правесці думку, што за намі незалежнасць Беларусі, і турма — своеасаблі¬вая плата за наша жаданне быць сапраўднай краінай. Цімафей добра мяне разумеў і таксама знаходзіў словы для водгуку.
«Выбранае» з яго лістоў дадому надрукавала «Народная воля». Публі¬кацыю заўважылі, мне тэлефанавалі многія, каго яна закранула і ўзрушыла.
Лісты пісаліся выключна па-беларуску. Неяк на гэты конт Цімоха паклікаў дзяжурны і ўчыніў тыповую шавіністычную разборку: маўляў, што за мова, немагчыма чытаць лісты, перадай, каб пісалі на «магутнай» і ўсім «зразумелай»... Затым былі нараканні і на мой почырк, але раздражняла, канешне ж, мова.
Для Цімафея я падрыхтаваў і асабісты падарунак — сваю кніжку экалагічнай дыдактыкі «Кажу дзецям». Я прысвяціў яе Платону, сыну Цімафея, майму першаму ўнуку, якога бацька яшчэ не трымаў на руках. На тытуле невялічкая фатаграфія — Платон ціхамірна корміцца з грудзей маці. Кнігу я перадаў ужо на Кальварыйскую, дзе Цімох адбываў тэрмін. Было прыемна чытаць у лістах, што кніга пайшла па руках, многія знайшлі ў ёй і шмат асабістага, блізкага свайму дому, родным ваколіцам.
Безумоўна, ні на адзін дзень не спынялася інфармацыйная дзейнасць нашай, так бы мовіць, групы падтрымкі. Мы, бацькі, актыўна кантактаваліся між сабой, трымаліся адзін аднаго. Звычайна збіраліся ў якой-небудзь кавярні, дзе няшмат народу. Часам падставай для сустрэч былі інтэрв’ю для замежных выданняў, тэле- і радыёпраграм, дакументальных кінастужак. Бліжэй пазнаёміцца хацелі і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Іх цікавасць да справы была непадробнай і шчырай. Свет перажываў разам з намі, спрабаваў зразумець, чаму, напрыклад, замест адміністрацыйнага штрафу (у найгоршым выпадку) маладзёнаў кінулі ў турэмную камеру.
Свае напрацоўкі, уражанні, меркаванні мы стараліся перадаваць прэс-службам, бралі ўдзел у прэс-канферэнцыях, акцыях, стаялі на Кастрычніцкай... Усё, што было вартае ўвагі ў справе «Партнёрства», знаходзіла месца ў незалежнай прэсе. Журналісты таксама не пакідалі нас, і я мог бы пералічыць не адзін дзесятак прадстаўнікоў СМІ, хто да апошніх дзён ішоў з намі поруч, хто дамагаўся і чакаў вызвалення нашых дзяцей і ўрэшце віншаваў нас з днём чаканай свабоды. Справа «Партнёрства» далёка не шараговая, яна, магчыма, як ніякая іншая пасля палітычных знікненняў зноў паказала ўсю глыбіню маральнага падзення беларускага рэжыму.
Пра гэта я адразу, літаральна праз некалькі дзён пасля арышту сына, напісаў у сваім лісце да Рушайлы, бо СНД і Расія былі тады за галоўных назіральнікаў. А Рушайла стаяў на чале гэтай назіральніцкай «місіі». Ліст я занёс у штаб СНД і перадаў з захаваннем усіх належных працэдур, каб яго ўбачыў і прачытаў сам «уважаемый Владимир Борисович» (так я звяртаўся да яго першым радком). Беларускі грамадзянін, адказны супрацоўнік СНД Яўген Слабада ветла запэўніў, што адрасат пакуль не ў Мінску, але абавязкова прачытае ліст, які неўзабаве адправяць факсам яму ў Маскву.
Адказу ад Рушайлы я не прычакаў. Звычайную адпіску даслаў нехта Кажакоў Асан, да якога я не звяртаўся (калі не памыляюся, гэта быў нейкі намеснік Рушайлы). Слова ў слова ён паўтарыў тое, што даслалі мне і з пракуратуры Беларусі. Гісторыя майго ліста, аднак, не зусім банальная. Крыху пазней менавіта яна дала мне падставу зрабіць выснову, што справа «Партнёрства», як і выбары А.Лукашэнкі на трэці тэрмін, — гэта сумесная спецаперацыя КДБ і ФСБ. А сёння я ў гэтым перакананы яшчэ больш, калі бачым, якое сакавіцкае надвор’е ўсталёўваецца ў Расіі перад прэзідэнцкімі выбарамі.
— Нагадайце, калі ласка, што адбывалася ў час суду?
— Цэнтральны суд неўзабаве пасля працэсу перавялі ў будынак беларускага ліцэя, а раней ён быў у раёне сувораўскага вучылішча. Больш за ўсё ўражвала, радавала, давала надзею тое, што ўвесь час там былі неабыякавыя людзі — праваабаронцы, прадстаўнікі замежнага дыпламатычнага корпуса, журналісты. Прыязджалі актывісты з рэгіёнаў. Закрыты працэс цягнуўся шэсць дзён. І на ўсіх пасяджэннях, без выключэння, бывала, і пад праліўным дажджом, стаяла варта падтрымкі. Гэта была вельмі яскравая праява салідарнасці.
Сярод тых, хто пастаянна працаваў у судзе, хачу асабліва адзначыць Валерыя Шчукіна. У мяне з ім адбыўся плённы творчы тандэм. Штодня ён рабіў як бы хроніку працэсу, вечарам дасылаў яе мне, а я вярстаў газету. Гэтакі самвыдат. Назва— «Праспект Скарыны» і ўнізе словы «...будзе наш!». Як вядома, незадаўна зноў улада змяніла назву галоўнага праспекта сталіцы.
Канешне, з часам нейкія дэталі сціраюцца. Але сустрэч, прыемных і непрыемных, за той год было вялікае мноства. І шматразовыя паходы ў пракуратуру краіны, і ў Канстытуцыйны суд, і ў парламенцкія камісіі, і ў міжнародныя прадстаўніцтвы. Я шукаў людзей, якія перш за ўсё могуць дапамагчы палітвязням, асабліва на следчым этапе.
І вось тут ёсць момант, які я не прымаў і не прымаю, асабліва цяпер, азіраючыся назад, калі прайшоў час і многае засталося ў мінулым. Некаторыя гаварылі, што гэта палітычная справа, і нічога ні ад каго не залежыць, апроч адной асобы. Маўляў, пакуль Лукашэнка не скажа, ніхто пальцам не паварушыць, каб штосьці зрабіць, узяць на сябе адказнасць. Таму няма ніякага сэнсу ні хадзіць, ні прасіць. Датычыла гэта ўладных структур, дзяржаўных чыноўнікаў. Я разумеў, пра што размова, бо і сам катэгарычна не аматар калідораў улады, каб ісці туды прасіць міласціну. Але я ішоў не прасіць. Істотная розніца. Я ішоў шукаць паратунку і справядлівасці, выканання ад людзей — адказных асоб — канстытуцыйных абавязкаў, незалежна ад таго, ёсць там гэта ці няма. Я апеляваў да пэўных артыкулаў Канстытуцыі і законаў. Былі і гарачыя сутычкі. Бывала, перш чым зачыніць за сабою дзверы, я казаў на развітанне чыноў¬ніку ў крэсле: «Запомніце, вы дзяржаўны нягоднік». А бывала, развітваўся ўдзячным поціскам рукі. Гэта значна лепш, чым сядзець і чакаць. Чыноўнікі ад юстыцыі разумелі, што перад імі не проста бацька, а грамадзянін краіны. І мне было важна глядзець ім у вочы. З аднаго боку, спачуванне, з другога — сумная канстатацыя поўнага аўтарытарызму — толькі так сёння здольная «бараніць» чалавека дзяржава. Але пасля гэтага я з поўным маральным правам змог звярнуцца з індывідуальнай скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека. Гэта добра і таму, што людзі, у якіх яшчэ варушыцца сумленне, ёсць, і яны хоць як, але могуць дапамагчы. Я не магу пэўна сказаць, што гэта на нешта паўплывала ў нашым канкрэтным выпадку. Але ўрэшце мы мелі тое, што Цімох правёў за кратамі амаль на два месяцы менш, чым было адмерана прысудам.
— Пэўна ж, самым эмацыянальным у вашым канкрэтным выпадку было тое, што ў час зняволення Цімафея нарадзіўся Платон?
— Гэта было і вялікай радасцю, і драмай нашай сям’і. Я, а не бацька, забіраў Платона з раддома. І ў мяне быў як бы яшчэ адзін абавязак: вызваліць сына, каб ён як мага хутчэй убачыў Платона, узяў яго на рукі.
Дарэчы, на гэты момант мала хто звяртаў істотную ўвагу. Можа, прагучыць і залішне, але ў гэтым праяўляецца нейкая нясталасць грамадства — звяртаць увагу толькі на знешнія, палітычныя бакі, якія бачна здалёк і ляжаць на паверхні. На тым, што немаўля расце без бацькі, а бацька ў гэты час марнуецца ў следчым ізалятары за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, акцэнт не рабіў, бадай, ніхто. У гэтым, як не дзіўна, не бачылі тэму, не бачылі драму дня. Былі асобныя эпізоды. Але драмы не было. Часам я падказваў: вось палітвязень, вось ягоны трохмесячны сын, якога ён не трымаў на руках. Бярыце адваката, сацыёлага, палітолага, каго хочаце — ёсць міністэрствы, прававыя інстытуты, у рэшце рэшт, міжнародныя прадстаўніцтвы — і раскручвайце тэму правоў, правоў дзіцяці, правоў маці і бацькі.
— На жаль, пралікі тут ёсць...
— Пралікі відавочная. Палітыку трэба бачыць усюды, бо яна ўсюды ёсць. Асабліва тады, калі правіць дэспатычны аўтарытарны рэжым. На жаль, павярхоўнае ўспрыманне справы часта пераважае.
— Калі вы першы раз пасля арышту ўбачылі Цімафея?
— Першае спатканне атрымала Вольга. Неўзабаве пасля з’яўлення Платона на свет, у красавіку. А да гэтага я бамбіў следства, пракуратуру, каб далі спатканне мне. Адмаўлялі «ў інтарэсах следства». А дзе ж мае інтарэсы — бацькі?.. Калі з’явіўся Платон, тут нарэшце і спрацавалі тыя лісты. Вольгу дапусцілі нягледзячы на «інтарэсы». А сам я яшчэ доўга дамагаўся сустрэчы. Некалькі разоў хадзіў да важных чыноў краіны, прабіваўся праз бюракратычныя кардоны, пера¬гледзеў праваабарончую літаратуру, якую мне пакінуў Цімафей. Калі трэці раз атрымаў адмову, нахабна праштампаваную «інтарэсамі следства», сеў за камп’ютар і напісаў ліст адразу двум пракурорам — генеральнаму і гарадскому — аб сваім абурэнні і пратэсце. Напісаў, што гэта спланаваны цынічны здзек над зняволенымі і іх роднымі, які супярэчыць міжнародным нормам і называецца канкрэтным словам — катаванне. Адным з аргументаў быў мой унук Платон, сын Цімафея. Атрымалася гучная заява.
Тэкст адаслаў на беларускую службу «Свабоды» ў Прагу, якая імгненна адрэагавала. Літаральна праз гадзіну мне тэлефануе Алена Ціхановіч, каб узяць інтэрв’ю. А ў 18 гадзін заява ўжо стаяла першым радком падзей дня. Сітуацыю з «Партнёрствам» «Свабода» адсочвала рэгулярна.
Першую сустрэчу я атрымаў толькі ў чэрвені. Быў гарачы бясхмарны дзень. «Амерыканка». З вайскоўцам я прайшоў праз плац. Мяне перапаўнялі эмоцыі. Я не бачыў сына чатыры доўгія месяцы. Яго прывялі ў тыя ж дзверы, неўзабаве пасля мяне. Службовец дазволіў нават абняцца, хоць магло быць і па-іншаму. Усё залежыць ад людзей. Адны дазваляюць паціснуць рукі і абняцца. Другія — не. Адбылася першая наша гаворка. Мы разумелі, што сказаць можна далёка не ўсё, але нейкія істотныя моманты прагучалі. Размаўлялі праз шкло. Найперш я падзякаваў Цімафею за вытрымку і мужнасць, павіншаваў з нараджэннем Платона. А далей гаворка дапаўняла перапіску, якая, як я ўжо казаў, з абодвух бакоў была, бадай, штодзённай.
Да суду мы бачыліся яшчэ два разы. Калі быў прызначаны суддзя, дазвол на сустрэчы даваў толькі ён. Тут ён паводзіў сябе досыць лаяльна, безумоўна, ведаючы, што на гэтым ягоная лаяльнасць хутка закончыцца, і прысуды не будуць лаяльныя. Прынамсі, для Цімоха і Міколы.
— Пасля суду Цімафея не пагналі «па этапе»...
— Так, ён застаўся ў Мінску, сядзеў на Кальварыйскай. Канешне, выбару ніхто не даваў, але нейкім чынам паўплываць мы маглі. Рыхтавалі¬ся да ўсяго. Былі здагадкі — Шклоў, пасля Магілёў. Баяліся Воўчых Нораў дзесьці ў Брэсцкай вобласці. Я двойчы наведаў дэпартамент па выкананні пакаранняў. Галоўным было туды прайсці. А затым кабінет за кабінетам — і людзі адгукаліся на бацькоўскі клопат. Раіўся з былымі палітвязнямі — Валерыем Леванеўскім, Аляксандрам Васільевым.
Тое, што Цімафей атрымаў мінскую «прапіску», адначасова і добра, і дрэнна. Бліжэй да дому, але рэжым тут больш жорсткі, кантраляваны ведамствамі. Калі б Цімох трапіў у правінцыю, магчыма, выйшаў бы на які месяц раней. Магчыма. Цяжка сказаць. Шмат залежыць ад абставін, умоў, канкрэтных людзей. Напрыклад, пры кожнай такой установе ёсць так званыя назіральніцкія камісіі, якія таксама прымаюць рашэнне аб умоўна-датэрміновым вызваленні «часова прапісаных» на сваёй тэрыторыі. У яе ўваходзяць прадстаўнікі грамадскасці і мясцовай вертыкалі. Што да Кальварыйскай, там гэтую структуру каардынуе адміністрацыя Фрунзенскага раёна. Я вырашыў туды звярнуцца, напісаў бацькоўскі ліст і аднёс. І што вы думаеце — яго ніхто не захацеў браць. Зарэгістраваць — навошта лішні клопат? Нікому ён не патрэбен. Запомніўся малады чалавек, юрыст гэтай камісіі, трохі старэйшы за Цімафея. Пра справу «Партнёрства» чуў толькі здалёк. Ахвотна прачытаў ліст, паслухаў мяне і паабяцаў усё зачытаць на пасяджэнні, падчас абмеркавання кандыдатуры. Так і было. Як распавёў пасля Цімафей, падняўся і прачытаў мой ліст. Закончыў словамі ад сябе: «Малады чалавек хоча гадаваць сына, і мы павінны яму паверыць і дапамагчы». У Цімоха гэта засталося адным з самых пазітыўных успамінаў — пра чалавека, які нягледзячы на пасаду і становішча хацеў і спрабаваў дапамагчы палітвязню. Вось такі прыклад. А за тыдзень да гэтага я быў у начальніка ўстановы. Ён не выключаў датэрміновае вызваленне, што мяне радасна абнадзеіла. І я на эмоцыях, па-чалавечы папрасіў, каб гэта адбылося да першых Калядаў — 25 снежня акурат юбілей бабулі, ёй споўніцца 80 гадоў. Для яе гэта будзе такім падарункам! «Ну, вы ўжо шмат хочаце»,— адказаў начальнік. Цімафея пратрымалі ўсе святы і адпусцілі раніцай 26 снежня.
АЎТАРСКІ КАМЕНТАРЫЙ
Гэта той выпадак, калі бацьку ведаюць не менш, чым сына. Толькі адзін больш займаецца экалогіяй, а другі — палітыкай. Аднак... Даруйце, калі ласка, мне гэтую памылку. У нашай краіне ўсё палітыка. У тым ліку і экалогія.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме