17:45 02.03.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Зміцер Каспяровіч быў апытаны супрацоўніцай падатковай інспекцыі
2 сакавіка лідэр Руху "Маладая Беларусь" Зміцер Каспяровіч быў апытаны супрацоўніцай падатковай інспекцыі Заводскага раёна г.Мінска.
Каспяровіч быў выкліканы ў падатковую інспекцыю позвай з даволі дзіўнай фармулёўкай – “у сувязі з неаднаразовым перасячэннем беларуска-літоўскай мяжы ў 2008 годзе”.
Калі Каспяровіч прыйшоў у інспекцыю, супрацоўніца падатковай патлумачыла, што ён мусіць быць апытаны у сувязі з “праверкай пэўных асобаў, разам з якімі Каспяровіч на сваім аўтамабілі перасякаў беларуска-літоўскую мяжу”.
Супрацоўніца падатковай пералічыла Каспяровічу шэраг прозвішчаў дэмакратычных актывістаў. Падатковую інспекцыю вельмі цікавіла, ці не аказваў Каспяровіч гэтым грамадзянам камэрцыйныя паслугі, беручы за паездку грошы. Таксама супрацоўніца падатковай спрабавала дамагчыся ад Каспяровіча падрабязных мэтаў гэтых сумесных паездак, і чаму ён ездзіў туды менавіта з гэтымі актывістамі.
Каспяровіч адмовіўся весці падрабязную гутарку, патлумачыўшы, што ён часта ездзіць у Літву па ўласных справах, і не можа паведаміць падатковай пра канкрэтныя мэты кожнай з паездак, пасля чаго падпісаў пратакол гутаркі.
Сам Каспяровіч лічыць выклік у падатковую спробамі паўплываць на ягоную актыўнасць падчас перадвыбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы, у якой ён бярэ ўдзел.
“Відавочна, што такая актыўнасць падатковай звязана з перадвыбарчай кампаніяй. Не першы раз падатковая пачынае выклікаць актывістаў менавіта тады, калі яны пачынаюць падрыхтоўку да выбараў.
Смешна выглядае раптоўная цікавасць падатковай інспекцыі Заводскага раёну (дзе я не жыву) да маіх паездак у 2008 годзе (1,5-2 гады таму), да якіх наогул падатковыя ворганы не маюць дачынення.
Упэўнены, гэта спроба паўплываць на маю актыўнасць. Сення, замест збору подпісаў я мусіў страціць некалькі гадзін дзеля наведвання падатковай.
Але мушу запэўніць – падобныя дзеянні ніяк не паўплываюць ні на маю ўласную перадвыбарчую кампанію, ні на агульны ўдзел Маладой Беларусі ў мясцовых выбарах” – заявіў лідэр ММГА “Рух Маладая Беларусь” Зміцер Каспяровіч.
Прэсавая служба
Руху “Маладая Беларусь”
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме