00:46 11.02.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Жывадзёрня – не рашэньне
Эканамістка Тацяна Вайтовіч працуе ў адной са сталічных лізінгавых кампаній. А ў вольны ад працы час едзе на вуліцу Гурскага, 42, дзе месьціцца цэнтар бяздомных жывёлін “Фаўна гораду”. Нядаўна там пачаліся перамены, якія выклікалі хвалю пратэсту сярод валянтэраў, грамадзкасьці. Спадарыня Вайтовіч ад імя больш чым тысячы чалавек разаслала ў СМІ Беларусі адкрыты ліст з просьбай дапамагчы абараніць жывёлін, вынесьці гэтую праблему на шырокае абмеркаваньне. Журналіст Аляксандар Байчун размаўляе сёньня з ініцыятаркай акцыі. Дома ў Тацяны, дарэчы, жывуцьтакса Астрэлія Сільвестраўна і котка Маха – дужа маленькая, адсюль і імя.
– …Калі ўпершыню туды, на Гурскага, прыехала, дык убачыла жудасныя рэчы і вырашыла, што не змагу не вяртацца, разам зь іншымі валянтэрамі, актывістамі заалягічнай абароны – буду дапамагаць.
– Што менавіта вас уразіла?
– Усе клеткі, вальеры вельмі старыя. Калі такія добраахвотнікі, як я, не прыяжджаюць, жывёліны днямі стаяць бяз выгулу. Зь імі не размаўляюць, іх не даглядаюць, таму – вельмі сумуюць, у пастаянным стрэсе, хварэюць…
– Там зьбіраюць сабак і катоў?
– Каля 70 котак, і для сабак таксама ёсьць тры пакоі і вальер на 100 месцаў.
– Тое, што ёсьць, бачна, недастаткова па ўсіх нормах?
– Канечне, бо жывёлін ловяць штодня. А тэрмін іх утрыманьня там – усяго пяць дзён.
– Маецца на ўвазе, што за той няпоўны тыдзень (прычым у працоўны дні) нехта іх мусіць забраць?
– Палажэньне пра адлоў і эўтаназію безнаглядных жывёлін вызначае менавіта такі тэрмін. Калі гаспадар не знайшоўся, дык па лёгіцы аўтараў дакумэнту няма сэнсу траціць грошы на далейшае іхняе ўтрыманьне. Між тым у беларускай дзяржаве адпаведнага прыюту няма, таму празь пяць дзён ужо й няма каго аддаваць…
– Як я зразумеў, апошнім часам справы ў вас пагоршыліся?
– Калі папярэдні дырэктар ішоў насустрач зааахоўнікам – напрыклад, дазволіў нам праводзіць стэрылізацыі, увесьці такі панятак, як апякунства – то бок мы бралі на сябе адказнасьць і лекавалі жывёлін, даглядалі іх пасьля апэрацый цягам 45 дзён і паралельна шукалі гаспадароў…
– А потым дырэктар сышоў, і новая мятла па-новаму памяла, так?
– Прадпрыемства на Гурскага, 42, зразумела, прыбытак ня можа даць, у выніку прыехала камісія, кіраўніку не працягнулі кантракт, прыйшоў чалавек з боку… Ён не зразумеў усю складанасьць сытуацыі і пачаў рабіць справу з прыцэлам на эканомію, што надзвычай устрывожыла нас. Ну хто будзе працаваць на жывадзёрні? Прычым забіваюць жывёлін ня самымі гуманнымі прэпаратамі, якія ёсьць… І мы вырашылі біць трывогу ў СМІ. У выніку цяпер дырэктар трошкі саступіў назад, прапанаваў знайсьці нейкі кампраміс. Аднак тым лякальным кампрамісам праблему ня вырашыць. Яна куды шырэй.
– Хто і як адгукнуліся на ваш заклік ратаваць жывёлін у крытычнай сытуацыі?
– Прыехала вельмі шмат мінчукоў, зь іншых гарадоў… Яны й забіралі нашых выхаванцаў: за тыдзень больш за 50 катоў, вельмі шмат сабак, амаль усіх шчанюкоў – гэта больш за 30 малятаў…
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме