20:25 04.02.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Журналісты заступаюцца за "Вольнае Глыбокае"
Сябры Віцебскай філіі БАЖ патрабуюць ад Глыбоцкага райвыканкаму адказу, чаму адзіная ў вобласьці незалежная газэта мае праблемы з распаўсюдам.
Лісты ад імя журналісцкай суполкі накіраваныя старшыні райвыканкаму М.Кандзерскаму і начальніку аддзелу ідэалягічнай працы М.Чарапкоўскаму.
"Як нам стала вядома, у Глыбоцкім раёне склалася ўстойлівая практыка ўціску інтарэсаў недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. У прыватнасьці, газэта"Вольнае Глыбокае" з 2006 году выключана з паштовага каталёгу, і, нягледзячы на пратэсты мясцовай грамадскасці, на яе дагэтуль няма падпіскі. У гэтай сытуацыі жыхары рэгіёну ня маюць магчымасьці цалкам і паўнавартасна карыстацца гарантаваным дзяржавай правам на атрыманьне, захоўваньне і распаўсюд поўнай, дакладнай і апэратыўнай інфармацыі", – пішуць калегі рэдактара і заснавальніка газэты "Вольнае Глыбокае" Ўладзімера Скрабатуна.
Чыноўнікі мусяць даць адказ, чаму яны не спрыяюць рэалізацыі гэтага права – чаму замест падтрымкі прыватнай ініцыятывы ствараюць адны перашкоды рэдакцыі.
Паводле Ўладзімера Скрабатуна, ён вымушаны асабіста займацца рэалізацыяй газэты на гарадзкім кірмашы ў Глыбокім, хаця яшчэ пару год таму выданьне мела куды шырэйшыя перспектывы: яго хацелі выпісваць і набываць ня толькі жыхары райцэнтру, але і ў суседніх рэгіёнах – у Паставах, Мёрах, Полацку. Выключэньне з падпіснога каталёгу адразу пасля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году прадэмантравала стаўленьне мясцовых уладаў да "Вольнага Глыбокага" – газэту прызналі адназначна апазыцыйнай і вырашылі абмежаваць яе ўплыў.
Дэмакратычныя актывісты Глыбокага неаднаразова спрабавалі падтрымаць журналістаў. Адна з апошніх спробаў – гэта падрыхтоўка сэрыі пікетаў на абарону незалежнага выданьня. Але днямі сябра руху "ЗаСвабоду" Яраслаў Берніковіч атрымаў адмову з райвыканкаму: чыноўнікі не дазволілі праводзіць грамадзкія акцыі на кірмашы, дзе прадаецца газэта – згадалі, што ўсе масавыя мерапрыемствы праводзяцца толькі на ўскрайку райцэнтру, дзе амаль што няма мінакоў, тых самых чытачоў "Вольнага Глыбокага".
Цяпер глыбоцкія актывісты чакаюць адказу ад загадчыка раённага вузлу сувязі Алега Пачкоўскага. Яму накіраваны ліст з подпісамі некалькіх дзясяткаў мясцовых жыхароў, якія патрабуюць вяртаньня магчымасьці падпісацца на незалежнае выданьне. Бо раёнка "ВесьнікГлыбоччыны" падае толькі афіцыйную інфармацыю, а людзі хацелі б чытаць на газэтных старонках пра рэальнае жыцьцё, нягледзячы на тое, што іх гвалтам пазбавілі гэтага права.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме