12:31 16.07.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Журналісты дапамогуць зрабіць сьвядомы выбар
Як найлепш скарыстаць магчымасьці мэдыяў падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі? Гэтая праблема стала цэнтральнай на паседжаньні круглага стала незалежных журналістаў, палітыкаў і праваабаронцаў. Круглы стол арганізавалі аналітычны цэнтар “Стратэгія” і нацыянальны камітэт Аб’яднаных дэмакратычных сілаў.
Журналісты, палітыкі і праваабаронцы дамовіліся праводзіць такія сустрэчы рэгулярна. Усе сышліся на думцы, што супольна зьберагаць незалежныя мэдыі будзе лягчэй. Жана Літвіна, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў, распавядаючы пра сытуацыю ў сфэры мэдыяў, адзначыла, што зь дзяржаўнага распаўсюду выкідаюцца недзяржаўныя выданьні, спробы зарэгістраваць новыя недзяржаўныя СМІ палітычна актыўнымі асобамі ня маюць посьпеху, а за апошні год 20 журналістаў атрымалі папярэджаньні ад пракуратуры за працу на замежныя мэдыі без акрэдытацыі.
Тым не меней Жана Літвіна лічыць, што напярэдадні выбарчай кампаніі незалежная журналістыка змагла сфармуляваць свае ролю і месца ў гэтым працэсе:
“Мы абавязаныя ў першую чаргу даць інфармацыю выбарцам, каб яны на выбарчых участках маглі рабіць сьвядомы выбар. Мы абавязаныя стаць форумам, пляцоўкай, плятформай для палітычнай канкурэнцыі, для абмеркаваньня праграмаў, зь якімі ідуць на выбары прадстаўнікі розных плыняў грамадзтва. Мы абавязаныя даць інфармацыю, і як мага шырэй, якая адрозьніваецца ад голай прапаганды. І, бадай, самае асноўнае — мы проста абавязаныя выкарыстаць гэтую выбарчую кампанію найперш для наладжваньня дыялёгу ўнутры краіны”.
Як высьветлілася падчас дыскусіі, у палітыкаў і журналістаў ёсьць узаемныя прэтэнзіі. Напрыклад, журналісту Аляксандру Коктышу не падабаецца пасіўнасьць прэсавых службаў шмат якіх палітычных партыяў і рухаў. Палітык Мікалай Статкевіч лічыць, што ва ўмовах дыктатуры дэмакратычныя журналісты не павінны крытыкаваць апазыцыйных лідэраў, паколькі “ёсьць яны, то бок улада, і ёсьць мы — дэмакраты”.
А праваабаронца Сяргей Сыс заклікаў агульнымі сіламі дамагацца выключэньня з Крымінальнага кодэксу “дыфамацыйных артыкулаў”, як гэта ўжо зроблена ва Ўкраіне, Малдове, Румыніі ды шэрагу іншых краінаў
Старшыня Нацыянальнага камітэту АДС Анатоль Лябедзька застаўся задаволены вынікам дыскусіі:
“Мы напрацавалі плян канкрэтных супольных дзеяньняў — што мы можам зрабіць, каб мэдыйная прастора ня зьменшылася, ня скурчылася, каб яна захавалася падчас прэзыдэнцкай кампаніі, і мы данесьлі мэсыдж палітыкаў, дзякуючы мэдыям і пры падстрахоўцы праваабаронцаў”.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме