22:01 21.04.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Журналісты будуць скардзіцца на міліцыю

У Клецку супрацоўнікі міліцыі затрымалі незалежных журналістаў, сябраў БАЖ Настассю Краўчук і Кацярыну Ткачэнку, а разам з імі выдаўца рэгіянальнага бюлетэню «Бойкі Клецк» Сяргея Панамарова (таксама сябра БАЖ) і яго сына Уладзіміра. Іх пратрымалі ў пастарунку некалькі гадзін, пасля чаго забралі відэаапаратуру і касеты з адзнятым матэрыялам.

Як паведаміў Сяргей Панамароў, журналісты рыхтавалі ў Клецку сюжэт пра прыпыненне рамонтных работ у мясцовым праваслаўным храме, што лічыцца «помнікам гісторыі 1-й катэгорыі». Збіраючы матэрыял, здымачная група наведала Клецкую пракуратуру, пасля чаго, відавочна, трапіла ў поле ўвагі праваахоўных органаў.

У часе вонкавых здымкаў храма да іх падыходзіў капітан міліцыі Сянькевіч, які перапісаў усе дадзеныя з журналісцкіх пасведчанняў і пашпартоў і запатрабаваў дазвол на вядзенне здымкаў. Журналісты заявілі, што такога дазволу не патрабуецца, бо артыкулы 33 і 34 Канстытуцыі РБ гарантуюць грамадзянам права на свабоду меркаванняў, перакананняў, іх свабоднае выказванне і атрыманне, збор і распаўсюд інфармацыі.

Як распавяла ў гутарцы з прэс-службай БАЖ Настасся Краўчук, адразу пасля заканчэння здымкаў да іх падышлі некалькі міліцыянтаў і папрасілі прайсці ў аддзяленне міліцыі, дзе кожнага апыталі і склалі пратаколы.

Міліцыянты цікавіліся, з якой мэтай і для якога СМІ працуюць журналісты. Затрыманых некалькі гадзін пратрымалі ў аддзяленні міліцыі і ў выніку адабралі ў іх відэакамеру SONY і штатыў, а таксама 6 касет з адзнятым матэрыялам. Пры гэтым міліцыянты катэгарычна адмовіліся выдаць ім копію пратаколу вынятку. Толькі пасля таго, як журналісты запатрабавалі кнігу скаргаў, ім выдалі «даведку» за подпісам выканаўца абавязкаў намесніка начальніка Клецкага РАУС падпалкоўніка міліцыі А.Бурака.

«Міліцыянты не мелі ніякіх падстаў ні для затрымання журналістаў, ні для вынятку абсталявання, — лічыць намеснік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец. — Я асабіста размаўляў з міліцыянтам Сянькевічам, які кіраваў працэсам затрымання, і звяртаў яго ўвагу на парушэнні правоў журналістаў і Працэсуальна-адміністратыўнага кодэксу. Да таго ж, працэдура вынятку не была аформлена належным чынам. Гэта парушэнне закону і нагода для таго, каб звярнуцца са скаргамі на дзеянні супрацоўнікаў клецкай міліцыі ў пракуратуру».

Як паведаміў Сяргей Панамароў, ён ужо склаў такую скаргу. Паводле сп. Панамарова, ён разглядае інцыдэнт як «класічнае рабаўніцтва» і просіць пракурора «прыцягнуць вінаватых міліцыянтаў да адказнасці ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам».

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме