14:45 06.11.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Ж. Літвіна ўпэўнена, што «нармальна – гэта калі ў дзяржаве няма дзяржаўных СМІ». А. Зімоўскі таксама лічыць, што з-за раздзяржаўлення СМІ «ніхто асабліва плакаць не будзе»
Гэткія тэзы прагучалі 4 лістапада на ХІІ Мінскім форуме ў часе працы тэматычнай секцыі «Дзяржава, грамадскасць і грамадства: Германія і Беларусь у параўнанні».
У якасці выступоўцаў на секцыю былі запрошаныя кіраўнік сацыялагічнай лабараторыі «Новак» Андрэй Вардамацкі, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі, старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанна Літвіна, а таксама супрацоўнік аналітычнага бюлетэню «Беларускі тыдзень» Аляксандр Фядута.
Сп. Вардамацкі на падставе шэрагу сацыялагічных даследаванняў у розных сферах – палітыцы, медыя, маркетынгу – параўноўваў свядомасць беларусаў і немцаў з гледзішча «монамернасці» і «шматмернасці».
Сацыёлаг адзначыў павелічэнне разнастайнасці беларускага медыяландшафту за апошнія 10 гадоў. Але ў нас гэтая «дыверсіфікацыя» ў асноўным адбываецца за кошт забаўляльных, а не інфармацыйных медыя.
Жанна Літвіна лічыць, што спробы далучэння Беларусі да еўрапейскіх працэсаў пакуль застаюцца па-за ўвагай шырокай грамадскасці, бо ўсе дыскусіі з большага адбываюцца на ўзроўні інтэлектуальных эліт. «Гэтая праблема існуе з прычыны таго, што ўлада, абвяшчаючы прыгожыя лозунгі, не ў стане адмовіцца ад кантролю над грамадствам і ад манаполіі на інфармацыйную прастору. СМІ — гэта механізм, які мог бы стаць галоўнай платформай узаемадзеяння ўнутры грамадства», — зазначыла Ж. Літвіна.
Яна пералічыла «хранічныя хваробы» беларускай медыясферы: няроўныя эканамічныя ўмовы існавання СМІ з рознай формай уласнасці, у тым ліку забарона на распаўсюд шэрагу выданняў; доступ да інфармацыі і акрэдытацыя журналістаў і г.д. Бягучая эпідэмія грыпу, на яе думку, яскрава дэманструе, да якога напалу жарсцяў можа прывесці ігнараванне патрэбаў грамадства ў важнай для яго інфармацыі.
«“Нармальна” – гэта тады, калі ў дзяржаве няма дзяржаўных СМІ. Улада павінная адмовіцца ад успрымання СМІ як часткі кіруючага механізму і пазбавіць іх прапагандысцкай функцыі», — упэўненая старшыня БАЖ.
Прэс-служба ГА «БАЖ» папрасіла пракаментаваць тэзу пра раздзяржаўленне СМІ Аляксандра Зімоўскага. «Дзяржаўная прэса будзе існаваць да таго часу, пакуль дзяржава не адмовіцца ад сваіх паўнамоцтваў па кіраванні СМІ, — зазначыў кіраўнік Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. — Калі дзяржава адмовіцца ад сваёй кампетэнцыі ў сферы СМІ (у маім выпадку – электронных), думаю, ніхто асабліва плакаць не будзе».
Галоўнае адрозненне беларускага грамадства ад нямецкага, на яго думку, палягае ў яго «крайняй індывідуалізацыі». Сярод нешматлікіх «сістэмаўтваральных» платформаў ён бачыць каналы інфармацыі, палітычныя кампаніі і дзяржаву як «асноўнага размеркавальніка істотных дабротаў».
«Для Беларусі вельмі характэрна, што грамадства цікавіцца толькі тым, што цікавіць індывідуала», — лічыць А. Зімоўскі.
«Любая газета зараз, выдаўшы бясплатны наклад з артыкулам на тэму засцерагання ад грыпу і расклаўшы яго ў медустановах, гарантавана атрымала б аўдыторыю», — лічыць А. Зімоўскі.
Аляксандр Фядута, са свайго боку, заўважыў, што гэткі спосаб распаўсюду можа сабе дазволіць сёння хіба што «Советская Белоруссия». «Маёй жонцы якраз не хапала нейкага супакойваючага сродку, калі ў панядзелак у аптэцы ёй сказалі, што патрэбныя лекі будуць завезеныя ў пятніцу», — зазначыў журналіст.
Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме