21:15 24.04.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Ж.Літвіна: «Не хачу быць саўдзельніцай няшчырасці»
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў адмовілася ад удзелу ў тэлепраграме Аляксандра Мартыненкі «Ответный ход», што выходзіць у эфір па панядзелках на Першым нацыянальным канале.
Запіс праграмы адбыўся 22 красавіка. Тэмай размовы было развіццё беларускай інфармацыйнай прасторы.
У гутарцы з прэс-службай БАЖ Жанна Літвіна патлумачыла прычыну свайго рашэння адмовіцца ад удзелу ў ток-шоў:
«Праграма не прадугледжвае трансляцыі ў прамым эфіры. Гэта азначае магчымасць умяшальніцтва ў выказванні яе ўдзельнікаў. Яшчэ горш, калі пры мантажы інфармацыю „адфільтруюць“, выхапіўшы асобныя выказванні з кантэксту. На жаль, гэта сёння шырока практыкуецца на нашым тэлебачанні. Я не хачу быць саўдзельніцай няшчырасці і скажэння рэаліяў.
Лічу, што мой шматгадовы досвед працы ў сістэме Белтэлерадыё дае мне маральнае права адмаўляцца альбо прымаць запрашэнні на ўдзел у такіх праграмах. На шчасце, я заспела часы росквіту беларускага тэлебачання і радыё, часы прамых эфіраў, калі галоўным правілам журналістаў было — данесці да аўдыторыі кожную думку свайго суразмоўцы. Аднак сёння ўсё гэта перакрэслена. Выглядае на тое, што нашы калегі змірыліся з роляй выканаўцаў ідэалагічнага заказу.
Да таго ж, праблемы, з якімі сутыкаюцца недзяржаўныя СМІ, ужо больш чым паўгода назад пісьмова выкладзеныя і дасланыя кіраўнікам шэрагу дзяржаўных органаў, агучаныя ў прысутнасці прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта, Міністэрства інфармацыі, падчас круглых сталоў - не кажучы ўжо пра старонкі недзяржаўнай прэсы і Інтэрнет. Рэакцыя на нашы звароты — нулявая, праблемы не вырашаныя, а толькі яшчэ больш абвастраюцца. Я маю на ўвазе ў першую чаргу новую хвалю адмоваў у распаўсюдзе недзяржаўных газет і ў акрэдытацыі журналістаў.
На сёння мы наблізіліся да той мяжы, калі нам неабходна прынцыповае рэфармаванне медыясферы. Заканадаўцам, экспертам, усім зацікаўленым бакам варта сабрацца на грамадскія слуханні, вынікам якіх сталі б крокі па ўрэгуляванні стасункаў улады з прэсай, вызначэнне ролі і месца СМІ ў грамадстве ў адпаведнасці з Канстытуцыяй».
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме