18:31 04.11.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Заява Мінінфармацыі гучыць як папярэджанне медыя
Мінінфармацыі абяцае «ў адпаведнасці з заканадаўствам спыняць любыя спробы дэзінфармаваць насельніцтва краіны». Пра гэта заявіла 3 лістапада першая намесніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч, — перадае агенцтва БелТА.
Па словах спн. Ананіч, Мінінфармацыі «ўважліва аналізуе» працу СМІ, звяртаючы ўвагу не толькі на друкаваныя і электроныя медыя, але і на інтэрнет-версіі зарэгістраваных СМІ.
Дзяржаўнае інфармагенцтва ўдакладняе, што каментар прагучаў у звязку з «ажыятажам, які раздзьмуваецца некаторымі СМІ… адносна захворвальнасці ВРВІ і грыпам».
«Заява Мінінфармацыі гучыць як папярэджанне медыя, — пракаментаваў прэс-служэбе БАЖ гэтую заяву намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. — У СМІ пачалі з’яўляцца дакументы, якія сведчаць пра, мякка кажучы, няпоўнае інфармаванне суграмадзян афіцыйнымі асобамі. Cпробы супакоіць людзей шляхам дазавання інфармацыі, як бачым, ні да чаго не прыводзяць. І зараз улады спрабуюць выкарыстаць іншыя звыклыя механізмы — ціск на медыя і пагрозы».
На думку юрыста, «ажыятаж і паніку ствараюць не медыя, а гэтая практыка закрыцця дзяржавай грамадска значнай інфармацыі».
«Апошнім часам мы наогул бачым у Беларусі тэндэнцыю закрыцця інфармацыі дзяржаўнымі органамі ад СМІ, — зазначыў А. Бастунец у інтэрв’ю Радыё «Свабода». — Яшчэ год таму былі ўнесены змены ў заканадаўства аб дзяржслужачых, якія забаранілі ім даваць каментар у СМІ без узгаднення з кіраўніцтвам органа. На пачатку гэтага года зявіўся ўказ прэзідэнта, які ўсе кантакты СМІ з дзяржаўнымі органамі, прадпрыемствамі звёў да сувязі праз прэсавых сакратароў і гэтак далей, якія падпарадкоўваюцца кіраўніку органа, дзейнасць якіх маніторыць адміністрацыя прэзідэнта. Мы бачым, што ўсё накіравана на тое, каб людзі атрымлівалі толькі тую інфармацыю, якая адцэнзуравана і якая павінна быць карыснай для дзяржавы. Я думаю, гэта было зроблена ў звязку з эканамічным крызісам. Але мы бачым: калі мяняецца эпідэміялагічная сітуацыя, гэтыя нормы таксама могуць быць узгаданыя».
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме