14:01 18.11.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Захараў: З Навумавым праблем няма, 100% паклічу Крыкунова

Новы трэнер хакейнай зборнай праз дзве гадзіны пасля прызначэння распавёў Еўрарадыё пра будучую Алімпіяду, мінскае “Дынама” і Федэрацыю хакея

Як толькі Еўрарадыё даведалася пра нечаканае прызначэнне трэнерам зборнай Міхаіла Захарава, мы адразу патэлефанавалі яму на мабільны. Захараў толькі-толькі прыняў віншаванні ад Уладзіміра Крыкунова.

ЕРБ: Віншуем Вас з прызначэннем, Міхаіл Міхайлавіч!

Захараў: Хлопцы, такі шум. Сітуацыя такая, што адзін чалавек яшчэ супраць, на сённяшні дзень.

ЕРБ: Ну, мы здагадваемся, хто гэта…

Захараў: Так, здаецца. Хаця ён не мае аніякага дачынення, як мне казалі. Усю гэтую акрэдытацыю Міністэрства спорту робіць. Разумееце, пакуль Федэрацыя хакея, як мне кажуць, ані “так”, ані “не” – не кажа. Хаця гэта афіцыйнае прызначэнне, ніхто нічога не можа адмяніць.

ЕРБ: Дык атрымліваецца, што вы яшчэ афіцыйна не прызначаныя?

Захараў: Прызначаны. Але Федэрацыя хакея павінна пацверджанне даць. Размова на гэты момант ідзе толькі пра Алімпіяду ў лютым. Пра іншыя турніры гаворкі пакуль не было.

ЕРБ: Тады адкажыце на такое нашае пытанне: трэнер зборнай Міхаіл Захараў сёння і Захараў чатыры гады таму – гэта розныя людзі?

Захараў: Вядома, розныя. Тады былі зробленыя памылкі, якія нікім не былі заўважаныя. Сёння я бачу, чаму тады мы не трапілі на Алімпіяду, хаця шанцаў было дастаткова. Калі мінае чатыры гады – гэта вельмі і вельмі вялікі досвед — і перамогаў, і паразаў. За гэты час у мяне былі і два чэмпіёнствы, і Кантынентальны Кубак, і Кубак Беларусі, якія было не проста выйграць.

ЕРБ: А як думаеце, ці пайшлі на карысць нашаму хакею тыя чатыры гады, калі са зборнай працавалі замежныя трэнеры?

Захараў: Гэта ўсё ж такі мае калегі былі, ведаеце. Якія б яны ні былі, яны трэнеры. Я не хацеў бы абмяркоўваць гэтае пытанне. Іншая рэч, што хацелася, каб больш беларускіх гульцоў гуляла ў КХЛ, калі ёсць магчымасць. Чым больш іх гуляе, тым лепшая зборная будзе на Алімпійскіх гульнях. Усё-такі гульцы беларускага чэмпіянату не даходзяць да ўзроўню гэтага турніру. Гэта гульцы КХЛ павінны быць. І чым больш іх, тым лепш.

ЕРБ: Дарэчы, мінскі клуб “Дынама” задумваўся як базавы клуб беларускай зборнай. Але стаў не зусім беларускім. Ці нешта зменіцца пасля вашага прызначэння?

Захараў: Ну, ведаеце, там свае кіраўнікі. Сапраўды задумваўся праект дзеля зборнай, бо гэта ўсё на бюджэтныя грошы. Але ведаеце, без легіянераў таксама нельга. З іншага боку, можна нейкую залатую сярэдзіну знайсці. Усім бачна: зборнай не хапае абаронцаў – трэба больш гульнявога часу даваць абаронцам нашым.

ЕРБ: Дынама застанецца базавым клубам зборнай?

Захараў: Не думаю, што мінскае “Дынама” сёння базавая каманда зборнай. Ну што там? Усе гульцы там з “Юнацтва” выступаюць. Вядучыя гульцы зборнай – гэта Грабоўскі, Калюжны, Увараў і Кальцоў, якія не гуляюць у гэтай камандзе. Мезін — так, ён вядучы гулец. Як бы тое ні было, хоць там і не вядучыя гульцы, без іх таксама нельга. Ёсць людзі, якія будуць выконваць канкрэтную задачу: ад абароны гуляць, недзе ў меншасці, хтосьці ў большасці, камусьці больш часу будзе. Усе бачаць, што Салей – гэта, можна так сказаць, стопар нашай каманды. Такіх бы два-тры абаронцы – вельмі добра было бы.

ЕРБ: Хто з хакеістаў Вас можа ужо павіншаваў?

Захараў: Касціцын павіншаваў, Крыкуноў некалькі хвілін таму набіраў. Ды амаль усе хакеісты павіншавалі. З-за мяжы хутчэй набіраюць: у мяне ж вельмі добрыя стасункі і з Калюжным, і з Уваравым, і з Касцючонкам.

ЕРБ: А прэзідэнт павіншаваў?

Захараў: Не, прэзідэнт тут не прычым. Ён жа прэзідэнт, ды і прызначэнне фактычна дзве гадзіны таму было… Калі павіншуе, тады і скажу.

ЕРБ: А што, дарэчы, будзе з “Юнацтвам”?

Захараў: Нейкіх праблем я тут не бачу. Нейкія паразы там, нагрузка, трошкі не пашчасціла. Гэта хакей, ведаеце, усё нельга выйграць.

ЕРБ: То бок вы будзеце сумяшчаць працу ў зборнай і ў "Юнацтве", наколькі я разумею…

Захараў: Вядома!

ЕРБ: А ва Ўкраіне не пакрыўдзіліся на вас?

Захараў: Ведаеце, калі афіцыйнае будзе прызначэнне, тады вернемся да гэтага пытання. Я з людзьмі размаўляў, людзі не супраць, людзі – за.

ЕРБ: А вось зараз можа і “Юнацтва” паспрабаваць прасунуць у КХЛ?

Захараў: Такое пытанне нават не абмяркоўваецца зараз. Аднак трэба разумець, што гэта не толькі Захараву патрэбна, а ўсёй краіне. Каб дастойна выступіць на чэмпіянаце свету 2014 года, трэба каб у Беларусі было не дзве паўнавартасныя каманды, а тры, ці чатыры. І каб не 15 было ў камандзе легіянераў, а хаця б 9-10, а астатнія беларусы. Вось пры такіх умовах будзе і канкурэнцыя, і будучыня ў беларускага хакея.

ЕРБ: Скажыце, ці атрымаецца ў вас працаваць разам з Уладзімірам Навумавым?

Захараў: Ведаеце, у мяне аніякіх праблем з Навумавым увогуле няма. Калі размова ідзе пра хакей – я заўжды кажу праўду. Гэта ўсе ведаюць. Папросту не можа адзін чалавек адначасова кіраваць Федэрацыяй хакея і мець 51% ад мінскага “Дынама”. Не можа ж канадская Федэрацыя хакея мець ва ўласнасці 51% ад “Дэтройта!” Вось пра гэта я гавару заўжды. Таму і праблемы. Заўтра Навумаў сыдзе і замест яго прыйдзе які-небудзь Пятроў. І што — адразу ж ён узначальвае мінскае “Дынама?” На развіццё хакея гэта не ідзе. Але ў мяне з Навумавым вельмі прадуктыўныя адносіны, насамрэч.

ЕРБ: Вось новы міністр спорту, відаць, таксама не вельмі задаволены працай Федэрацыі хакея…

Захараў: У нас атрымалася наогул так, што ўсе спартовыя федэрацыі узначалілі вельмі “вялікія” людзі. І міністэрства сышло ў цень. А так не павінна быць. Міністэрства павінна быць заўжды “зверху”, як яно раней было. Таму зараз міністр спорту, мне падаецца, спрабуе выправіць сітуацыю. У яго, я спадзяюся, павінна гэта атрымацца.

ЕРБ: Ці вырашылі ўжо, каго з трэнераў вы паклічыце да сябе ў зборную?

Захараў: Калі ў мяне атрымаецца, я адразу, адназначна, паспрабую знайсці агульную мову з Андрыеўскім, каб ён дапамагаў мне працаваць са зборнай, і Крыкунова. Крыкунова я паклічу 100%.

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме