22:15 29.10.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
За перамогу альбо за выжываньне? Новы БНБ = стары БНФ
«Гэта БНФ у новай канфігурацыі», – такое азначэньне старшыня АГП Анатоль Лябедзька даў створанаму заўчора Беларускаму незалежніцкаму блоку, пра стаўленьне да якога кіраўнікам Аб’яднанай грамадзянскай партыі задавалі пытаньні на сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі. Прагучалі прапановы АГП адносна правядзеньня «праймэрыз»: правесьці папярэднія выбары ў адзін дзень з выбарамі мясцовымі; перад гэтым зрабіць пробныя «праймэрыз» у 1–2 раёнах Беларусі. Гэтаксама выказана патрабаваньне адстаўкі Цэнтрвыбаркама.
Анатоль Лябедзька лічыць, што не варта было шукаць нейкую сьпецыяльную назву для новаўтварэньня, бо па сутнасьці гэта быў «аб’яднальны з’езд БНФ»: склад удзельнікаў паказвае, што «мае месца спроба склеіць тое, што тым ці іншым чынам адкалолася ад Беларускага народнага фронту напрыканцы 90-х гадоў».
Старшыня АГП выказаў скептычнае стаўленьне да спробы стварыць выгляд масавасьці шляхам нарошчаньня колькасьці штучных суб’ектаў, што ўвайшлі ў БНБ. «Мы маем права пра гэта казаць, бо самі лёгка маглі б скласьці падобны “блок” з дваццаці арганізаціяў, якія ўваходзяць у АГП, – заўважыў ён. – Мы прайшлі праз тое, што людзі дабраахвотна адмовіліся ад “скураных партфеляў”».
Увогуле ж А.Лябедзька перакананы, што «стварэньне кааліцыяў ды блокаў, якія разбураюць больш шырокія аб’яднаньні – гэта стратэгічная памылка».
Як зазначылі ўсе тры ўдзельнікі прэсавай канфэрэнцыі, у БНБ няма ніякіх адметнасьцяў, – тым больш такіх, якія б заміналі супольнай працы з Аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі. Анатоль Лябедзька вылучыў хіба што адну: «Тактыка выжываньня замест стратэгіі перамогі».
Яго намесьнік эканаміст Яраслаў Раманчук на гэты конт выказаўся больш падрабязна: «Гэты блок можна было назваць “Я люблю Мілінкевіча” – і больш нічога не трэба. Ёсьць яшчэ тэзіс: “Свабода і дэмакратыя – гэта другасна, а галоўнае – гэта незалежнасьць”. Пры гэтым няма ніводнага дакумента, ніводнай распрацоўкі. У чым вы большыя “еўрапейцы”, чым іншыя? У чым пагроза незалежнасьці і як вы зьбіраецеся яе бараніць? Адказаў няма. Гэта выключна асабістая кампанія аднаго чалавека, са спробаю зрабіць пэўны піяр у Еўропе».
І зусім ужо хісткімі выглядаюць аргуманты, якія прыхільнікі Мілінкевіча высоўваюць, каб апраўдаць нежаданьне ўдзельнічаць у папярэдніх выбарах. Напрыклад, ідэялагічныя разыходжаньні з камуністамі. «З гэткім жа посьпехам можна не хадзіць на выбары наогул – на той падставе, што на іх будудь балатавацца кандыдаты, з якімі вы нязгодныя, – заўважае намесьнік старшыні АГП, адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху Леў Марголін. – Ёсьць ідэялагічныя разыходжаньні – дык выходзьце на “праймэрыз”, перамагайце ў канкурэнтнай барацьбе, даводзьце людзям, што ваша пазіцыя больш правільная. Насамрэч гэта тлумачыцца тым, што яны не адчуваюць упэўненасьці ў сваіх сілах, у сваёй здольнасьці заручыцца падтрымкай людзей».
Л.Марголін паведаміў, што «абкатку» папярэдніх выбараў АГП прапануе правесьці ў студзені ў адным ці двух раёнах Беларусі. «Як адзін з такіх рэгіёнаў мы прапанавалі Аршаншчыну», – удакладніў ён.
Дзень правядзеньня «праймэрыз» прапанавана сумясьціць з датай мясцовых выбараў.
Поруч з тым, лідары АГП пракаментавалі заяву Палітсавета партыі, дзе канстатуецца неабходнасьць адстаўкі Цантральнай выбарчай камісіі і фармаваньня «новага складу камісіі на плюралістычнай аснове».
Леў Марголін падкрэсьліў, што не меншае значэньне за заканадаўства мае правапрымяняльная практыка. «Гэтым людзям ужо няма даверу, якім раздэмакратычным ні было б выбарчае заканадаўства», – адзначае Марголін датычна ЦВК.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме