03:00 17.09.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Зінаіда Ганчар: “Не супрацоўнічаем са сьледзтвам? Хлусьня!”
Жонка зьніклага апазыцыянэра Віктара Ганчара Зінаіда абвергла заявы Аляксандра Лукашэнкі, якія той зрабіў для літоўскіх мэдыяў адносна справы яе мужа.
“Віктар Ганчар? Ну які ён быў апазыцыянэр? Хто грошы заплаціць, на таго ён і працаваў”, — гэтак адказаў Аляксандр Лукашэнка на пытаньне пра лёс аднаго зь лідэраў апазыцыі Віктара Ганчара. Таксама Аляксандар Лукашэнка выказаўся пра пазыцыю сваякоў зьніклых: “А самае галоўнае, што ні сваякі, ні блізкія людзі не спрабуюць дапамагчы, каб высьветліць праўду. Усё палітызавана”.
Вось што Зінаіда Ганчар сказала пра гэтыя заявы Аляксандра Лукашэнкі адносна яе мужа Віктара Ганчара, які быў выкрадзены невядомымі 10 гадоў таму разам зь сябрам Анатолем Красоўскім:
“Складана камэнтаваць тое, што ён кажа, бо тут ужо патрэбны адмыслоўцы іншага профілю. Тое, што Віктар нібыта ня быў апазыцыянэрам — гэта выклікае ўсьмешку. Магчыма, чалавек страціў памяць. А тое, што мы нібыта не супрацоўнічаем са сьледзтвам, гэта поўная хлусьня. Мы некалькі разоў зьвярталіся да сьледчага з просьбай пра сустрэчу, каб, магчыма, падказаць што — а раптам яны не туды рухаюцца? Але мы ўвесь час атрымлівалі адмову.
І яшчэ я хачу сказаць: магчыма, супрацоўнікам пракуратуры лепш дапытаць Аляксандра Лукашэнку, які апошнім часам некалькі разоў казаў, што яму ўсё вядома. Дзе нашы сваякі, што зь імі, хто і дзе злачынцы? Мяркую, гэта быў бы самы просты спосаб дазнацца праўды”.
Зінаіда Ганчар згадала, што за мінулыя 10 гадоў шмат разоў зьвярталася з адкрытымі лістамі да прэзыдэнтаў Расеі Барыса Ельцына і Ўладзіміра Пуціна, да кіраўнікоў Эўразьвязу і ЗША з просьбай паспрыяць у пошуку яе мужа Віктара Ганчара, а таксама іншых зьніклых беларускіх апазыцыянэраў.
“З адміністрацыі прэзыдэнта Расеі мне прыходзілі адказы, што мой зварот атрыманы. І ўсё. Эўрапейскія краіны і ЗША ўводзілі санкцыі супроць беларускага рэжыму з патрабаваньнем, у тым ліку, расьсьледаваць справы зьніклых. Але, па вялікім рахунку, пакуль ніхто істотна на сытуацыю не паўплываў”, — канстатуе Зінаіда Ганчар.
Маё пытаньне пра тое, як ёй жылося мінулыя 10 гадоў, спадарыня Ганчар успрыняла як вельмі асабістае:
“Увогуле на гэтую тэму адказваць не хачу, бо ўсе ведаюць, як я жыву, а скардзіцца я не хачу. Жыву, дзякуй Богу”.
Вядома, што пэўны час таму Зінаіда Ганчар сышла з ранейшай працы ў навукова-дасьледчым інстытуце. Цяпер жонка Віктара Ганчара працуе ў апараце Камуністычнай партыі беларускай, якой кіруе Сяргей Калякін. Некалькі гадоў таму Зінаіда Ганчар стала бабуляй.
Ірына Красоўская, жонка зьніклага 10 гадоў таму сябра і аднадумцы Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, цяпер стала жыве ў ЗША, дзе ў яе новая сям’я. Сёньня Ірына Красоўская ўдзельнічае ў мерапрыемствах, прысьвечаных памяці зьніклых у Беларусі. Найперш гэта будзе спэктакль “Спасьцігаючы каханьне”, які на сцэне тэатру Джоржтаўнскага ўнівэрсытэту дасьць “Свабодны тэатар” зь Беларусі, а таксама прыём для прадстаўнікоў грамадзкасьці. Ірына Красоўская перадала падзяку людзям, якія памятаюць пра зьніклых і салідарныя зь іхнімі сваякамі:
“Хачу перадаць словы падзякі тым, хто падтрымліваў нас усе гэтыя 10 гадоў, і тым, хто прыйдзе 16-га верасьня на плошчу. На жаль, я не магу там быць, я буду нешта рабіць тут, у Вашынгтоне, але я вельмі хацела б, каб вы перадалі мае прывітаньні праз вашу радыёстанцыю”.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме