01:15 10.07.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
“Востраў Крым” — беларуская мара
Сьмерць пісьменьніка Васіля Аксёнава — нагода яшчэ раз памысьліць пра яго, пачытаць гутаркі зь яго ўдзелам, развагі крытыкаў.
Для мяне асабіста ён заўсёды быў, бадай, адзіным блізкім мне з расейскіх пісьменьнікаў, з былых эмігранцкіх, у прыватнасьці. У яго не было ўхілу ці ў нацыянальную ідэю, ці ў праваслаўе, ці ў манархізм, ці яшчэ кудысь, ён быў эўрапейцам, якім адчуваў сябе і я.
Сьвядомае знаёмства з Аксёнавым пачалося са скарочанага “Вострава Крыма”. Яго нечакана надрукаваў папулярны на зломе 1980—90-х гадоў расейскамоўны часопіс “Радуга”, што выдаваўся ў Таліне. Гэта было чытаньне, калі баісься, што тэкст неўзабаве скончыцца. Задума мне падалася папросту геніяльнай. Пазьней у тэлеінтэрвію пісьменьнік прызнаўся: яму прапанавалі напісаць сцэнар паводле раману для адной галівудзкай студыі, і каб яго выкарысталі, аўтар зрабіўся б багатым чалавекам. Але гэта шмат у чым лятарэя, сказаў Аксёнаў: там сотні сцэнараў на паліцах, і ўсе лічацца добрымі, і які трапіць у рукі да рэжысэра, нікому невядома. Карацей, “Востраў Крым” так і застаўся толькі раманам. Хаця відавочна, сюжэт для кіно надзвычай выйгрышны, вельмі прыдатны для здымкі.
Мне асабіста дужа падабалася задума Аксёнава — стварыць гэткі расейскі Тайвань, капіталістычную крымскую дзяржаву, аб якую абламалі зубы бальшавікі ў 1920-м. Для беларуса востраў Крым — гэта прыблізна Слуцкая рэспубліка, якую не здушылі чырвоныя. Мяне ідэя вельмі захапляла, але свайго пораху не хапіла, толькі зьявіўся разьдзельчык у адным тэксьце: “Аднойчы ў консульстве ў Любэку зьявіўся стары эмігрант з кіёчкам, які распавёў рамантычна-трагічную гісторыю. Як узьнікла і загінула Пушчанская Народная Рэспубліка, Пэ-эн-эр. На кавалку нэўтральнай тэрыторыі, пакінутай адным замежным войскам і не занятай другім — згодна з асобным пратаколам Парыскай канфэрэнцыі ў справе замірэньня. Штосьці накшталт Андоры ці Сан-Марына, толькі сярод пушчаў і багнаў… “Мы любім шкадаваць аб тым, што каб нейкая частка Беларусі праіснавала ў міжваенны час незалежна, як тая ж Літва, сёньня мы жылі б у зусім іншай краіне…”
У іншым маім апавяданьні мова пра тое, што фінал раману “Востраў Крым” — ён можа паўтарацца: “Любоў прыніжаных і зьняважаных бывае эгаістычнай, пачварнай, самаразбуральнай. З банальным заканчэньнем. У адказ на слабасьць, а самапрыніжэньне гэта слабасьць, у адказ — неба — бясхмарнае, над усёй Гішпаніяй, неба — засьмечана крыжамі летакоў і парашутнымі дзьмухаўцамі. Захоплены аэрапорты, памежныя пераходы, вайсковыя базы, а праспэкты запоўнены, быццам статкамі няўклюдных мастадонтаў, калёнамі бранятэхнікі”. Захоп савецкай армадай незалежнага “Вострава Крым” Аксёнавым быў сьпісаны, напэўна ж, з праскіх падзеяў 1968-га, якія мне таксама цікавыя як літаратару.
Як чытач мог зразумець, мая мэта — распавесьці, што мне асабіста падабалася ў творчасьці Аксёнава, як я зь ёю знаёміўся і як яна на мяне паўплывала. Яшчэ раз спыняесься на цікавым факце: у Доме Элізы Ажэшкі сярод здымкаў пісьменьнікаў заўсёды была вялікая чорна-белая фатаграфія Васіля Аксёнава і Юстынаса Марцінкявічуса, кадар зрабіў у Рыме сам Васіль Быкаў, які любіў фатаграфаваць і які раней кіраваў у Горадні пісьменьніцкай філіяй. Дык вось: 1984-ты год, пакой Гарадзенскага абласнога аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў, празаік Аляксей Карпюк зьяўляецца яго кіраўніком, працуе тут над сваімі творамі, а на сьцяне — пакінутае Быкавым фота антысаветчыка, эмігранта, пазбаўленага савецкага грамадзянства, літаратара Аксёнава. Пагадзіцеся, факт незвычайны. Здымак гэты, дарэчы, захаваўся, цяпер яго можна ўбачыць у грамадзкім музэі Васіля Быкава ў Горадні, туды яго перадаў паэт, кіраўнік абласной арганізацыі СБП Юрка Голуб.
Цяпер прачытаў іранічнае: Аксёнаў, калі яму ў СССР пачалі перакрываць кісларод, дзеля грошай напісаў у суаўтарстве пародыю на шпіёнскі баявік “Джын Грын — недатыкальны”. Імя аўтара на вокладцы выглядала экзатычна: Гривадий Горпожакс. Зазначаюць, што гэта анаграма з імёнаў і прозьвішчаў Аксёнава, Гарчакова і Пажаняна, якія стварылі гісторыю кар’еры “агента ЦРУ №14”. У прадмоўцы падкрэсьлена, што раман, па сутнасьці, — “тугасплеценая котка зь дзевяцьцю хвастамі”. Гэта цяпер, калі працуюць канвэеры на “фабрыках раманаў”, чытво апанавала кнігарні, а тады — гэта быў адзінкавы твор, напісаны з захапленьнем, як калісьці былі створаны кнігі пра Астапа Бэндэра. Карацей, выдатная, незвычайна сьмешная кніжка атрымалася пра Джына Грына, я прачытаў яе ў школе ў сярэдзіне 1970-х. Дагэтуль нават у памяці адна фраза: для закідкі ў СССР расейскім фразам шпіёнаў у ЦРУ вучылі па аналёгіі з мовай ангельскай, таму “я люблю вас, Маруся” гучала як — “йелоў блю бас, Марусья”. У “Джыну Грыну” ўжо адчуваўся будучы аксёнаўскі стыль яго наступных рэчаў, такіх, як “Востраў Крым”, у прыватнасьці.
Што мне імпанавала ў Аксёнаве яшчэ? Ён гаварыў, што ніколі не адчуваў сябе савецкім чалавекам, што больш за ўсё любіў пісаць і падкрэсьліваў, што “трэба ўвесь час пісаць, раз ты пісьменьнік”, і тады абавязкова будзе плён. Сам ён любіў параўноўваць прозу з джазам, іншыя параўноўвалі пабудову ягонай прозы з джазавым выкананьнем. Мне, у сваю чаргу, здаецца, што сучасная проза павінна мець энэргію рок-н-ролу, што, зрэшты, блізка да поглядаў Аксёнава. Між іншым, у ЗША ён некалі чытаў курс “Сучасны раман — пругкасьць жанру”, ён у гэтым разумеў. Не магла не імпанаваць і яго прага свабоды, свабоднай творчасьці. Расейскі прэзыдэнт зазначыў, што “яго імкненьне да свабоды, гатоўнасьць сумленна і адкрыта адстойваць свае погляды выклікалі асаблівую павагу”. Экс-прэзыдэнт, у сваю чаргу, назваў Аксёнава “мужным і свабодалюбным пісьменьнікам”. Узгадалася таксама, як група расейскай інтэлігенцыі на чале зь Міхалковым Мікітам заклікала Пуціна абавязкова застацца на трэці тэрмін. У адказ некалькі вядомых творцаў, сярод якіх быў Васіль Аксёнаў, зьвярнуліся да Ўладзіміра Пуціна з заклікам не рабіць гэтага. Вынікі вядомыя. Міжволі падумалася, што наш Васіль Быкаў, які сфатаграфаваў калісьці Аксёнава ў Рыме, такой павагі з боку вялікага начальства ня меў.
І апошняе: мне прыемна, што Васіль Аксёнаў пісаў калісьці для Радыё Свабода, і адносна нядаўна выйшла кніга з тымі яго радыйнымі тэкстамі.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме