19:30 17.05.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Вячэслаў Сіўчык З кнігі "Будзіцелі"

ДАВЕДКА: Вячаслаў Сіўчык нарадзіўся 18 снежня 1962 года ў Мінску. У 1984 годзе скончыў геафак Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Каля дзесяці гадоў жыў у Абхазіі, дзе потым кароткі тэрмін працаваў пасля заканчэння БДУ малодшым навуковым супрацоўнікам. У Беларусь вярнуўся канчаткова толькі ў 1988 годзе. Праз год уступіў у БНФ.
Вячэслаў Сіўчык

— Менавіта з гэтага моманту давайце і пачнём нашу размову...

— Я стварыў групу падтрымкі БНФ (яна потым стала суполкай), што даволі складана толькі арганізацыйна, а не ідэалагічна. Справа ў тым, што я ніколі не быў сябрам КПСС, і ў маім акружэнні не гаварылі: «Дарагі Леанід Іліч!». Ва ўсякім разе, такіх студэнтаў не сустракаў. Грамадскае жыццё было зафармалізаваным, і мяне вельмі доўга ўгаворвалі стварыць структуру фронту. Наогул жа маё жыццё можна падзяліць на некалькі этапаў. Да БНФ, у БНФ і пасля БНФ. На кожным шмат што змянялася.

Калі я прыйшоў у Дом літаратара, каб здаць паперку аб стварэнні суполкі, шчыра кажучы, лічыў, што на гэтым мая грамадская актыўнасць і скончыцца. Не адбылося. Справа ў тым, што мне самому прыйшлося яе і ўзначаліць — ніхто іншы не хацеў быць начальнікам. Савецкі інфантылізм, які быў характэрны і для мяне. У Доме літаратара сказалі, што трэба яшчэ стаць на ўлік у Савецкім раёне. З гэтага ўсё і пачалося. Мяне нават у 1990 годзе вылучалі кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Адмовіўся сам, бо шчыра лічыў, што гэтым павінны займацца зусім іншыя людзі.

На другім з’ездзе БНФ мяне першы раз абралі сябрам Сойма. У той час падтрымка фронту ў Савецкім раёне была даволі моцнай. Сярод шасці магчымых дэпутатаў Вярхоўнага Савета адразу абралі чатырох — трое з БНФ. Вельмі шмат нашых людзей прайшло ў гарсавет. На раённы савет мы асаблівай увагі не звярталі, што, з пункта гледжання барацьбы за ўладу, было абсалютным глупствам. Нават быў такі выпадак. Адзін з кандыдатаў зрабіў толькі адну ўлётку, дзе напісаў, што з’яўляецца сябрам БНФ. Гэтага было дастаткова, каб набраць 40 адсоткаў.

— Тады было добра, а зараз?

— Я расказваю толькі пра 1990 год.

Акрамя чыстай палітыкі займаўся экалагічнымі праблемамі па лініі фонду «Дзецям Чарнобыля». Яны тады, на вялікі жаль, былі вельмі моднымі. «На вялікі жаль» таму, што экалогія — вельмі сур’ёзная рэч. Шкада, што сёння на яе амаль ніхто не звяртае неабходнай увагі, за што і плацяць звычайныя беларусы.

У часы перабудовы ўсе структуры, якія мелі якое-небудзь дачыненне да гэтай сферы, вырашылі, што яны будуць гэтым займацца. У тым ліку і Міністэрства геалогіі, дзе я працаваў у ВА «Беларусгеалогія». Існавалі цэлыя праграмы, хаця толькі нямногія разумелі, што гэта такое. Нашым аб’яднаннем быў створаны з маім удзелам праект «Эколого-геологическое картирование территории БССР в масштабе 1:500 000». Такая работа ў былым Савецкім Саюзе не мела аналагаў. Вельмі сур’ёзны праект. Там было апісанне ўсіх вытворчасцяў і заводаў краіны. Яны тады не мелі экалагічных пашпартоў. На жаль, наколькі я ведаю, гэты праект не даведзены да ладу па гэты дзень.

Акрамя гэтага мы займаліся маніторынгам па Чарнобыля. Я шмат ездзіў па краіне і заўжды імкнуўся выкарыстоўваць атрыманую інфармацыю для гэтай тэматыкі. Шмат працаваў і для БНФ. У Чарнобыльскай зоне актыўна ствараліся нашы суполкі.Трэба аддаць належнае — за кароткі тэрмін нам удалося «прабіць» галоснасць па чарнобыльскай трагедыі. Як на асабістым, так і на дзяржаўным узроўні. Што прывяло да прыняцця закона аб мінімізацыі аварыі на ЧАЭС, які Лукашэнка практычна знішчыў. А закон быў лепшым у СССР.

Яшчэ тады я стаў куратарам ад БНФ Гродзенскай вобласці. На момант майго прызначэння там было каля дзесяці рэальных структур, а ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання ўжо існавала фракцыя БНФ. Дэпутаты аб’ехалі практычна ўсю Беларусь, у тым ліку ўсе раёны краіны і сельсаветы Заходняй Беларусі, і былі вельмі папулярнымі людзьмі. Таму стварыць іншыя раённыя арганізацыі было вельмі проста, і заслуга мая — мінімальная. Чыста тэхнічная работа. Аформіць неабходныя дакументы. Звычайна гэта праходзіла так. У нейкі раён прыязджаў хто-небудзь з вядомых лідэраў: Пазьняк, Навумчык, Зданевіч, Заблоцкі. Пасля выступаў у перапоўненай зале пачынаўся запіс у сябры БНФ. Такім чынам, уся структура суполак Гродзенскай вобласці вельмі хутка была пабудавана. Насельніцтва заходніх раёнаў ідэі фронту падтрымлівала вельмі моцна. Толькі ўжо ў часы Лукашэнкі такі горад, як Гродна аднойчы быў пазбаўлены дэпутатаў любога ўзроўню. Тых, каго раіла ўлада, проста не выбралі.

Быў шэраг гучных публічных акцый, дзе я кіраваў дружынай БНФ. У тым ліку і антыкамуністычны марш 1990 года. І самае галоўнае — сесія Вярхоўнага Савета, дзе была абвешчана незалежнасць Беларусі.
 
      Кіраваць дружынай даволі складана. Улада заўсёды імкнулася да сутыкненняў, чыніла розныя правакацыі. Акрамя дружыны мы таксама стварылі з добраахвотнікаў (каля дзвюх тысяч чалавек) нацыянальную гвардыю. Яна вельмі многае зрабіла для таго, каб дзяржава забрала ў кампартыі маёмасць — будынкі абкама, гаркама і ЦК КПБ. А ўжо ўсё астатняе сталічная міліцыя апячатала, не чакаючы рашэння Вярхоўнага Савета 12-га склікання аб забароне дзейнасці кампартыі як злачыннай арганізацыі. Такая дамова між БНФ і міліцыяй была заключана каля сямі гадзін раніцы, а толькі бліжэй да абеду было прынята адпаведнае дэпутацкае рашэнне.

Гэта даволі сур’ёзныя падзеі. Мабыць, можна ганарыцца, што быў сярод тых, хто неяк дапамог абвясціць незалежнасць.

Людзі зразумелі, што гэта перамога, і чамусьці вырашылі, што яна канчатковая і далей усё будзе вельмі добра. Яны разышліся, і ў выніку на плошчы Незалежнасці засталіся толькі некалькі чалавек. Апаратура і шмат смецця. Пры ўсіх недахопах Вінцука Вячоркі, менавіта ён тады арганізаваў уборку. Парадаксальна, але мае спробы захаваць апаратуру на будучыя акцыі выклікалі ў яе гаспадара вялікае здзіўленне. Маўляў, навошта, бо больш яна не спатрэбіцца. Прыйшлося «злавіць» таксі, каб адвезці тэхніку ў мінскі страйкам, які ў той час знаходзіўся на плошчы Свабоды.
У 1994 годзе я на раённым узроўні прымаў удзел у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі Зянона Пазьняка. Так атрымалася, што ў Івашкевіча, які ў той час быў сакратаром Управы фронту, пайшлі камні з нырак, і мне абсалютна нечакана прыйшлося яго замяніць. А ў 1995 годзе, калі адбыўся такі трагічны для лёсу нашай нацыі рэферэндум, а улада не пусціла ў парламент  ніводнага прадстаўніка БНФ, пасля чацвёртага з’езда мяне выбралі кіраўнікам выканаўчай структуры фронту.

Тут спыніцца трэба больш падрабязна, таму што не ўсё было так проста. Практычна ўся каманда Пазьняка ўжо сышла, і сакратарамі Управы сталі людзі, якія паспяхова кіравалі раённымі радамі ў Мінску. Ды і сам Зянон Станіслававіч пасля паражэнняў 1994 ды 1995 гадоў, нягледзячы на атрыманыя адсоткі крыху змяніўся. Спецыяльна для мяне была ўведзена пасада адказнага сакратара БНФ, які сачыў за выкананнем усіх партыйных рашэнняў. Я прыйшоў у кіраўніцтва БНФ, калі сітуацыя там была досыць цяжкая. Нагадаю, што нягледзячы на падтрымку насельніцтва ў складзе Вярхоўнага Савета 13-га склікання не было ніводнага сябра БНФ. Напрыклад, каб Юрась Беленькі не стаў дэпутатам, раптам з’явілася 2000 «мёртвых душ». А ў Смаргоні, калі перамог Пазьняк, умяшаліся спецслужбы і зрабілі тое, што зрабілі...

Але ўсё ж такі фронт стаў лакаматывам усёй апазіцыі, бо ў адрозненне ад іншых меў свой цвёрды электарат. Напрыклад, у Мінску сітуацыя была амаль патавай: калі мы не здымалі свайго кандыдата, то ўлада не праводзіла ў гэтай акрузе выбары ўвогуле. Менавіта ў 1995-м пачалі рыхтавацца самыя буйныя акцыі наступнага года — Дзень волі і Чарнобыльскі шлях.

Сітуацыя, паўтараю, была вельмі складанай. Легітымнага Вярхоўнага Савета пакуль не існавала, і аўтарытарны рэжым Лукашэнкі мог быць сфарміраваны на некалькі гадоў раней. Мы разумелі добра, што дапамагаем стварыць пралукашэнкаўскі парламент, бо ўжо тады былі сур’ёзныя фальсіфікацыі (у параўнанні з сённяшнім часам гэта нішто), але ўсё роўна Вярхоўны Савет павінен быў быць.

Тое, што ў 1996 годзе людзі выйшлі на вуліцы для святкавання Дня волі, было нечаканым для ўладаў і некаторых іншых. Добра памятую, як у адной газеце вядомы публіцыст, які ўжо пахаваў БНФ, напісаў, што наступае новы час, і бел-чырвона-белых сцягаў на вуліцах мы больш не ўбачым. Аднак рэальнасць аказалася зусім іншай. Па падзеях 23 сакавіка 1996 года была распачата крымінальная справа, якую следчыя дапоўнілі падзеямі 26 красавіка. Усё кіраўніцтва фронту падпала пад рэпрэсіі. Пазьняк з Навумчыкам, дзякуй Богу, здолелі эмігрыраваць. Мы з Хадыкам апынуліся за кратамі. Адходзіў я ў бальніцах цэлае лета і ачуняў толькі восенню. Вясна 1996-га стала своеасаблівым падмуркам далейшага супраціву. Пазней нават пралукашэнкаўскі Вярхоўны Савет даспеў да імпічменту. У лістападзе 1996 года рэальна ўзнікла двоеўладдзе. І Лукашэнка прайграў бы, каб не візіт Строева, Чарнамырдзіна і Селязнёва. Усе карты былі пераблытаны, Вярхоўны Савет распушчаны, Лукашэнка стаў сапраўдным дыктатарам. Практычна адразу ўдалося без разгубленасці і апатыі перайсці да вясны 1997 года, калі на вуліцах Мінска пачалася дастаткова сур’ёзная барацьба. Менавіта тады на з’ездзе БНФ і скончыўся бэнээфаўскі этап маёй біяграфіі. З вуснаў Пазьняка (дэлегатам паказалі відэакасету) прагучала тое, з чым я цалкам не быў згодны ні тады, ні цяпер: «вулічныя акцыі зараз маюць значэнне толькі ў якасці ўмацавання сілы рэжыму». Маўляў, такім шляхам далей ісці немагчыма. З замежжа вельмі лёгка каго-небудзь крытыкаваць. Атрымалася, што вулічнымі акцыямі мы рабілі не тое, што патрэбна было рабіць. Як быццам існаваў нейкі іншы шлях. Ва ўмовах дыктатуры гэта проста немагчыма. Пачалося нейкае адштурхванне «вуліцы», пошук таго, чаго, на мой погляд, не існуе. У 1997 годзе ўжо праявіліся ўсе тыя рэчы, што прывялі да расколу БНФ-99. Толькі яго ўдалося аднесці на два гады.

 Нягледзячы на тое, што знешне той з’езд прайшоў цалкам нармальна, ён прынёс вялікія страты для Беларусі — непрыкметна былі зменены некаторыя ўстаноўкі фронту, пашырана кіраўніцтва. Для расколу была закладзена база.

— На жаль, менавіта ён і здарыўся.

— Так. Але вернемся да выбараў Вярхоўнага Савета 13 склікання. Гэта не толькі мая думка (такой пазіцыі прытрымлівалася і фракцыя «Грамадзянскае дзеянне»): вельмі шкада, што ў тым парламенце не было ніводнага прадстаўніка БНФ.

Вяртаючыся да 1997 года, нягледзячы на змены ўстановак, мы ўсё роўна спрабавалі дзейнічаць па тым алгарытме, які быў ужо выпрацаваны, але практычна былі раздроблены.

Гэта і падзеі восені, і фактычны разгром «Маладога фронту» на дзень так званага «яднання», 2 красавіка 1998 года, калі ўвесь актыў (больш чым 30 чалавек) быў пакладзены спецслужбамі  на плошчы Перамогі. Пасля гэтага лідэр «Маладога фронту» Павал Севярынец пайшоў па першай крымінальнай справе на Валадарку. Ні за што. Калі ён выйшаў, «Малады фронт» стаў ужо зусім іншы, чым быў раней.

Далей была спроба Віктара Ганчара зняць Лукашэнку праз арганізацыю легітымных выбараў прэзідэнта. Гэта прывяло да палітычнага крызісу ў Беларускім народным фронце. І з’езд 1999 года — адна з самых цяжкіх з’яў у дэмакратычнай гісторыі Беларусі.
Калі хто-небудзь не разумее, магу дакладна і ясна растлумачыць, што адбылося ў 1999 годзе. Бо чутак і плётак, у тым ліку і пра сябе, чуў даволі многа.

Па-першае, на мой погляд, рэжым тады атрымаў моцную перамогу, таму што замест адзінага БНФ былі створаны дзве самастойныя структуры. З адной назвай, з адной палітычнай праграмай, але з рознымі тактыкамі.
Пакрыўдзіла тое, што З.Пазьняк сам жа пераканаў актывістаў БНФ увайсці ў выбарчыя камісіі Ганчара, а потым паставіў пытанне аб іх сяброўстве ў нашай арганізацыі. Я выступаў супраць далейшага кіраўніцтва Пазьняка і падтрымаў Вінцука Вячорку. Але быў і катэгарычна супраць стварэння двух палітычных партый. Нават калі адбылося тое, што адбылося, я, будучы намеснікам Вячоркі, спрабаваў хоць нейкім чынам арганізаваць мінімальны кампрамісны варыянт: каб у Пазьняка заставалася партыя, а ў нас быў рух. Але гэта нікому не было патрэбным. Мінюст нахабна, парушаючы ўсе законы, зарэгістраваў дзве палітычные партыі з аднолькавай назвай. Нават спачатку пад адным нумарам. Што кожная партыя выдавала за перамогу сваіх юрыстаў. А калі ўдумацца, адбылася сапраўдная драма.
Мая асабістая пазіцыя палягала на тым, што я вельмі хацеў у 2001 годзе выкарыстаць прэзідэнцкія выбары, каб Беларусь усё-такі развіталася з Аляксандрам Лукашэнкам. Але ва ўмовах, што склаліся на той час, яна стала абсалютна бессэнсоўнай.

Барацьбы з Лукашэнкам тады было мінімум. Апазіцыя засяродзілася на сваіх праблемах, найбольш на персанальных. Цяпер гэта ўсё выглядае смешна, бо зараз мы ведаем, хто, дзе працуе з тых людзей, што мусілі адыгрываць галоўную ролю ў 2001 годзе.

Пасля гэтага адбыліся добра вядомыя падзеі па абароне Курапатаў, чарговы з’езд БНФ, дзе сярод іншых таксама вылучаўся на старшыню. Гэты з’езд я прайграў недзе за два тыдні да яго правядзення, калі Вячорка і яго паплечнікі скасавалі квоту «Маладога фронту», які прынцыпова быў за мяне. Я наогул вельмі хацеў зняцца, але спыніла толькі тое, што Павал Севярынец у такім выпадку не выбіраўся б намеснікам старшыні. Адразу пасля галасавання я выключыў мабільны тэлефон і зышоў са з’езда.
У адрозненне ад іншых у мяне была канкрэтная праграма дзеянняў.

Выбранае з’ездам новае кіраўніцтва БНФ яе рэалізаваць проста не магло. І я разумеў: што акрамя таго, што ўсе бачылі на прэзідэнцкіх выбарах, нічога іншага ў такім варыянце не будзе. Далейшая гісторыя паказала, што не памыляўся.

Зыход з БНФ для мяне быў даволі моцным ударам. Я аддаў гэтай арганізацыі 13 гадоў жыцця. Паўтаруся, у снежні 2001 года я сышоў з прэзідыума з’езда адразу пасля галасавання. Натуральна, што пасля гэтага я як асоба адчуваў пэўны дыскамфорт. Сумленне мне не дазваляла ісці туды і дапамагаць людзям, якія, на мой погляд, абралі тупіковы шлях. Зразумеў, што вынікі могуць быць толькі за межамі гэтай арганізацыі, бо я ніколі не лічыў, што нешта можа адбывацца выпадкова.
Замест таго, каб паставіцца да гэтага спакойна, мае калегі не знайшлі нічога лепшага, як выключыць мяне з партыі за раскол БНФ, хаця добра разумелі, што гэта няпраўда. А для таго, каб я не мог прыйсці на наступны з’езд, яны штучна стварылі суполку з мяне, Севярынца і Шэіна і выключылі яе са складу руху. Доўжылася такая цягамоціна каля двух гадоў. Абсалютна тыповая для беларускай апазіцыі сітуацыя. Замест таго, каб змагацца з Лукашэнкам, яны змагаюцца паміж сабой. Частка апазіцыі ідзе сваім шляхам, падзеі — сваім.

АЎТАРСКІ КАМЕНТАРЫЙ
Маці вядомага апазіцыянера падлічыла, што на Акрэсціна ён правёў каля года жыцця. Сіўчык некалькі разоў «перакрываў» цэнтральны сталічны праспект, з’яўляецца адным з «хросных бацькоў» «Маладога фронту» і аўтарам шматлікіх акцый, якія вельмі не падабаліся беларускай уладзе.
Не зразумела толькі, чаму ідэйныя паплечнікі часцей змагаюцца з Сіўчыкам, а не з ёй.

Ссылки по теме:
  • 20.01.2009 - Прэзентацыя кнігі "Будзіцелі"
    http://www.ucpb.org/?lang=rus&open=19685
  • 10.01.2009 - Яўгенія Астрэйка

    З кнігі "Будзіцелі"
    http://www.ucpb.org/?lang=rus&open=19663
  • 12.04.2009 - Наста Палажанка

    З кнігі “Будзіцелі”
    http://www.ucpb.org/?lang=rus&open=20387
  • 10.05.2009 - Таццяна Севярынец

    З кнігі "Будзіцелі"
    http://www.ucpb.org/?lang=rus&open=20604
  • 21.03.2009 - Таццяна Кім

    З кнігі "Будзіцелі"
    http://www.ucpb.org/?lang=rus&open=20209

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме