16:18 27.01.2012 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Ветэраны НХЛ адмаўляюцца граць па брыдкіх правілах
Філ Эспазіта: “У мяне няма жадання ехаць у Расію”
Нягледзячы на ходкую фразу пра несумяшчальнасць спорта й палітыкі, аўтарытарныя ды дыктатарскія ражымы ХХ стагоддзя ніколі не адмаўляліся ад ідэі зладзіць уласны піяр на спартовых дасягненнях сваіх ды чужых нацый. Вось і цяпер, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Расіі, навінныя агенцтвы прынеслі «свету і сеціву» вестку пра сустрэчу савецкіх і канадзкіх хакейных зорак, прысвечаную 40-м угодкам славутай суперсерыі «СССР-Канада» 1972 года. Сустрэча мусіць адбыцца (хто б мог падумаць!) на Краснай плошчы ў Маскве, і прысутнічаць на ёй мусіць (хто б мог уразіць!) Прэм’ер і Галоўны кандыдат у прэзідэнты сам Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін!
Спачатку пляны былі сціплейшыя – правесці проста матчы паміж зборнымі «Авечкіна і Кросбі». Таксама нешта казалі пра сустрэчы каманд прэм’ераў – Пуціна і Стывена Харпера (канадзкі прэм’ер), якія маглі б прайсці ў верасні бягучага году ў Маскве і Таронта. Праўда, гэтую навіну хуценька адвергла прэсавая служба Харпера.
Але нечакана для Галоўнага кандыдата запахла смажаным. І пляны адразу выраслі ледзь не да маштабаў нацыянальнае ідэі. Гаворка ўжо пайшла пра магчымасць гульні паміж сборнымі ветэранаў і «камандай прэм’ера» (як нам гэта знаёма – ці не так? Падаецца, цяпер любы беларус можа з дакладнасцю да сантыметру прадказаць будучыню палітычнай сітуацыі у краіне-суседцы). І, што характэрна, гульня гэта мусіць адбыцца 26 лютага, то бок меней чым за тыдзень да гістарычнага галасавання. Так і ўяўляецца, як 4 сакавіка расіяне ідуць да лакавых урнаў, і з думкамі кшталту: «Які мужчына! Як яму пасуе клюшка ды ботэкс!», - галасуюць так, як трэба.
І вось ужо РИА Новости ўчора радасна паведамілі, што такія зоркі мінулых гадоў як Пол Хэндэрсан, Рэй Брук, Яры Куры й Эса Тыканен далі згоду прыехаць у Расію на юбілей.
Вось гэта навіна! Дык што, сапраўды, як глумліва сцвярджаюць адэпты аўтарытарызму, «спорт па-за палітыкай»? А вось і так. Спорт ня толькі па-за палітыкай. Ён нават існуе ў розных з ёй вымярэннях. Прынамсі, для заходніх спартоўцаў. Што выцякае з адказу таго ж Хэндэрсана на пытанні з боку Yahoo Sports: «Са мной пра гэта ніхто не размаўляў, увогуле ніхто. Акрамя таго, я збіраўся правесці ўікэнд на Карыбскіх выспах. Ды я б у любым выпадку не паехаў. Мне гэта не цікава».
Але, як і падчас суперсерыі, Хендэрсан меркне на фоне вялікага Філа Эспазіта. Каментар таго, дадзены ў інтэрвэю канадзкаму агенцтву Postmedia News, цягне не меней як на выказванне году: "У мяне няма жадання ехаць у Расію. Ніколі, калі толькі мне не заплоцяць 100 тысячаў даляраў. Во як моцна я жадаю ехаць... Чаму вы жадаеце, каб я ехаў у Расію? Толькі таму, што смярдзючыя рускія жадаюць ад мяне гэтага? Хай хто іншы едзе. Ніхто не пажадае. Паверце мне». (І вось ў арыгінале, на ўсялякі выпадак, а тое ўжо з’явіліся жадаючыя недаперакласці бліскучую цытату: "I have no desire to go to Russia. None, not unless I get paid $100,000. That's how bad I want to go... Why would you want me to go Russia? Why, because the stinkin' Russians want me to go? Get somebody else to go. Nobody will. Trust me.").
Філ, вялікі Філ! Ягоную фразу ўжо суткі як смакуюць разнастайныя расійскія медыйныя рэсурсы. Што характэрна, на расійскіх форумах сярод традыцыйных заяваў кшталту таго, што «канадцы дагэтуль баяцца русскіх і адмаўляюцца пад любой падставай», сустракаюцца (і ўжо нярэдка) і меркаванні, падобныя таму, што выказаў адзін заўзятар з Яраслаўлю: «Канадцы малойцы – не жадаюць быць пуцінскімі блазнамі! Рэспект!» Сапраўды: Рэспект!
Нагадаем, што суперсерыя паміж канадскай і савецкай хакейнымі зборнымі адбылася ў верасні 1972 года і складалася з 8 гульняў. Чатыры адбыліся ў Канадзе (па гульні ў Манрэалі, Таронта, Вініпегу і Ванкуверы) і чатыры – у СССР (усе – на лядовай пляцоўцы Лужнікоў). Самай драматычнай выдалася апошняя, восьмая, гульня ў Лужніках. Да яе лік у серыі быў роўным – па тры перамогі на баку кожнай з зборных пры адным нічыйным выніку. Меньш чым за хвіліну да канца гульні лік быў роўным – 5:5. Савецкі прадстаўнік ужо абвесціў, што ў выніку нычыёй перамога ў серыі будзе на баку той каманды, якая закінула болей шайбаў (г.ё. на баку зборнай СССР). Але за 34 секунды да канца матчу Пол Хендэрсан, які толькі скочыў на лёд пляцоўкі, замяніўшы Петэра Махоўліча, забіў пераможную шайбу, паставіўшы кропку ў матчы і серыі. Філ Эспазіта быў лепшым гульцом у серыі (13 ачкоў), Хендэрсан заняў другі радок сярод канадцаў (10 ачкоў), саступіўшы агульны другі радок Аляксандру Якушаву (11 ачкоў). Трэба адзначыць, што падчас шостай гульні канадзец Кларк нанёс сур’ёзную траўму савецкай суперзорцы Валерыю Харламаву, пасля якой той ня здолеў працягвць удзел у суперсерыі (у 2002 годзе Хендэрсан падверг за гэта Кларка крытыцы). Зараз Эспазіта, якому 20 лютага споўніцца 70 год, працуе спартовым каментатарам. Крыху маладзейшы за яго Хэндэрсан – прапаведнік-евангеліст.
ПС. А хакейны чэмпіянат-2014 у Менску, думаем, адбудзецца. Бо да гэтага часу кардынальныя змены ў нашай краіне непазбежны.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме
25 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |