01:31 25.12.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Вершы Міцкевіча чуюць закаханыя
Cёньня – 210 гадоў зь дня нараджэньня славутага беларускага паэта (захоўваем аўтарскую трактоўку. — ucpb.org) Адама Міцкевіча. У Чырвоным касьцёле адбудзецца (ужо, трэба меркаваць, адбылася. — ucpb.org) сьвятая імша, потым яе ўдзельнікі накіруюцца ў працэсіі са зьнічамі да помніка паэту, дзе адбудзецца імпрэза паэтычнага тэатру “Арт.С”
Днямі моладзь з мястэчка Беняконі Воранаўскі раёну прывезла ў Менск сена, нарыхтаванае з тых палёў, па якіх Адам Міцкевіч бегаў у дзяцінстве. Сена было ўрачыста перададзена ў рукі Мітрапаліта Менска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Урачыстасьці, прысьвечаныя дню народзінаў Адама Міцкевіча, пачнуцца ў сераду ў Чырвоным касьцёле, паведаміў сьвятар касьцёлу:
«А 12-й гадзіне будзе сьвятая імша ў касьцёле, якую будзе служыць ксёндз, біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка. І пасьля сьвятой імшы ўрачыста, працэсійна ўсе пойдуць да помніка Адаму Міцкевічу. Там будзе сьвяточная пастаноўка і калядаваньне”.
Карэспандэнтка: “А каго запрашалі?”
“Звычайна прыходзіць шмат інтэлігенцыі. Гарадзкіх уладаў няма, а інтэлігенцыя ёсьць”.
А творчая моладзь з паэтычнага тэатру “Арт.С” рыхтуе рамантычнае паэтычнае прадстаўленьне з прыгожым назовам “Народжаны ў калысцы Беларусі”. Распавядае паэтка Аксана Спрынчан:
“Калісьці мой каханы сядзеў каля помніка Міцкевічу і слухаў яго вершы. Як я потым сказала, гэта вершы, невядомыя ні польскім, ні беларускім дасьледчыкам, таму што іх чуюць толькі тыя, хто закаханы. І таму, калі мы даведаліся, што будзе выступ каля помніка Міцкевічу, паэтычны тэатар “Арт. С” захацеў стварыць нешта таксама цікавае, арыгінальнае. У строях таго часу ў нас будзе літаратурная кампазыцыя, у якой будзе ўдзельнічаць і той закаханы Яраш Малішэўскі, і я, і Зьміцер Арцюх, і іншыя паэты. І мы паспрабуем стварыць вось гэту энэргетыку вялікага творцы, зьвязанага з каханьнем і Беларусьсю”.
Вершы Адама Міцкевіча будуць гучаць па-беларуску, па-польску, па-літоўску, па-расейску. Пасьля сьвята паэзіі біскуп Антоні Дзям’янка правядзе кароткую малітву і асьвеціць аплаткі да сьвята Божага Нараджэньня. Мяркуецца, што ва ўрачыстасьцях возьмуць удзел прадстаўнікі амбасадаў Польшчы, Літвы, Чэхіі, Украіны, Турцыі.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме