14:04 03.02.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Вэртыкаль легалізуе вершніка?
Улады прапанавалі зрабіць "Пагоню" афіцыйным гербам Віцебшчыны. Але патлумачылі: гэта – перапрацаваны геральдычны сымбаль Віцебскай губерні 1856 году.
Цяжка сказаць, чаму рабочая група па стварэньні сучаснага герба вобласьці пад кіраўніцтвам старшыні аблсавету Аляксандра Ацясава вырашыла "забыцца" на той гістарычны факт, што "Пагоня" была гербам Вялікага Княства Літоўскага. А таксама на тое, што Віцебскае ваяводзтва, якое ўваходзіла ў склад той сярэднявечнай беларускай дзяржавы, мела выяву "Пагоні" на сваім сьцягу, як, зрэшты, і многія іншыя землі, што былі ў складзе ВКЛ.
Апісваючы праект гербу Віцебшчыны, старшыня аблсавету зазначыў, што срэбная выява ўзброенага вершніка на чырвоным полі мусіць сымбалізаваць памяць пра ўсіх воінаў, якія загінулі ў шматлікіх войнах, якія адбываліся на тэрыторыі вобласьці.А такія элемэнты герба Віцебскай губэрні, як імпэрская карона над вершнікам і вянок з дубовага лісьця, абвітага "андрэеўскай" стужкай, вырашана скасаваць.
Такім чынам, у якасьці галоўнага геральдычнага сымбалю вобласьці застаецца ўласна "Пагоня". Жыхарам Віцебшчыны прапанавана выказваць свае заўвагі і прапановы адносна гэтага эскізу – дасылаць лісты ў рэдакцыі газэт "Віцебскі рабочы" і "Народнае слова". З гэтае нагоды сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў падрыхтавалі адмысловую ўлётку – з заклікам падтрымаць аднаўленьне гістарычнай "Пагоні" на гербе вобласьці. Але не як спадчыны Расейскай імпэрыі, у складзе якой Віцебшчына была бяспраўным рэгіёнам, а як даніну слаўнаму мінуламу беларускай дзяржаўнасьці.
Грамадзкае абмеркаваньне праз газэты будзе працягвацца да пятага лютага, а на наступным пасяджэньні абласнога савету герб вобласьці зацьвердзяць. Але пакуль незразумела, ці будзе ён мець нейкае афіцыйна-прававое значэньне: да прыкладу, ці зьявіцца выява "Пагоні" на пячатках дзяржаўных устаноў, ці герб будуць выкарыстоўваць толькі ў дэкаратыўных мэтах – на сувэнірнай прадукцыі для гасьцей рэгіёна ды ў рэклямных выданьнях.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме