17:30 09.09.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
"Ведомости": адцягваньне выбараў – прыкмета няўпэўненасьці Лукашэнкі
Замежныя сродкі масавай інфармацыі пішуць пра загадкавую сьмерць журналіста Алега Бябеніна, арышт маладых людзей, якіх падазраюць у нападзе на расейскую амбасаду ў Менску, а таксама замаруджваньне з абвяшчэньнем даты прэзыдэнцкіх выбараў.
Расейская "Новая газета" распавядае пра загадкавую сьмерць апазыцыйнага журналіста, заснавальніка сайту "Хартыя-97" Алега Бябеніна. Аўтарка Ірына Халіп піша, што ніхто з калегаў Бябеніна ня верыць у афіцыйную вэрсію пра ягонае самагубства:
"Мы будзем расьсьледаваць гэтую справу і высьвятляць, што насамрэч адбылося ўвечары 2 верасьня. Ці ўдзень 3 верасьня. Бо калі праваахоўныя органы ня могуць нават вызначыць дакладны час сьмерці, а хібнасьць складае суткі, то мы ня можам верыць таму, што яны гавораць аб прычыне сьмерці".
Працягвае тэму брытанская "The Guardian". Выданьне піша, што грамадзкасьць патрабуе незалежнага расьсьледаваньня па факце сьмерці мэдыя-актывіста. Паплечнікі Алега Бябеніна не пагаджаюцца з вэрсіяй самагубства, схіляючыся да таго, што ён быў забіты. Бябенін быў кіраўніком аднаго з самых вядомых апазыцыйных сайтаў Беларусі, а таксама зьяўляўся "унікальнай крыніцай інфармацыі аб рэжыме". Паводле "The Guardian", дэмакратычная грамадзкасьць адчувае пастаянны ціск з боку прэзыдэнта Лукашэнкі, які ад моманту прыходу да ўлады трымаецца жорсткай патэрналісцкай лініі і не пераносіць іншадумства. За час кіраваньня Лукашэнкі, піша газэта, шэраг палітыкаў і журналістаў былі забітыя і кінутыя ў турмы; апазыцыянэраў выкрадалі і інсцэніравалі самагубства, альбо яны проста зьнікалі.
"Сьмерць журналіста павінна паслужыць сыгналам для тых эўрапейскіх палітыкаў, якія шукаюць цёплае месца побач з тыранам". Пра гэта ў "Independent" піша Майк Харыс, мэнэджэр брытанскай праваабарончай арганізацыі "Індэкс цэнзуры". Як кажа аўтар, у мінулую пятніцу ён прыехаў у Менск дзеля таго, каб сустрэцца з актывістамі грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку з апазыцыйным журналістам Алегам Бябеніным. Замест гэтага давялося прысутнічаць на пахаваньні Алега. Журналіст быў знойдзены павешаным на гамаку ягонага 5-гадовага сына ў дачным доме. Далей аўтар піша пра шэраг супярэчлівых фактаў, якія не дазваляюць адназначна казаць, што Алег скончыў жыцьцё самагубствам.
Найбольшая колькасьць матэрыялаў, прысьвечаных Беларусі, у расейскай прэсе. Газэта "Труд" піша пра затрыманую ў Менску моладзь, якую падазраюць у датычнасьці да нападу на расейскую амбасаду ў Менску 30 жніўня. Дырэктар расейскага Цэнтру палітычных тэхналёгій Ігар Бунін кажа: хто б ні быў арганізатарам атакі на дыпмісію, ён дабіўся чарговага абвастрэньня адносінаў паміж дзьвюма краінамі. Экспэрт не выключае, што менавіта складаныя адносіны кіраўнікоў Беларусі і Расеі, а таксама палітыка ўмяшаньня Крамля, які ўскосна абраў тактыку адхіленьня ад улады Аляксандра Лукашэнкі, вымусілі грамадзянаў Беларусі выказаць сваё стаўленьне такім супрацьзаконным мэтадам. Аднак палітоляг лічыць, што паводзіны бакоў у зацягнутым канфлікце прыблізна аднолькавыя.
Кіраўнік Фонду абароны галоснасьці Аляксей Сіманаў таксама схільны лічыць, што вытокі беларуска-расейскіх непаразуменьняў трэба шукаць у непрымірымай пазыцыі вышэйшых кіраўнікоў:
"Ня трэба наўпрост асацыяваць беларускі народ з Лукашэнкам, як і расейскі — зь Мядзьведзевым ці Пуціным. Гэта рэчы рознага парадку. Я, прыкладам, не хаваю, што цярпець не магу Лукашэнку. Але я вельмі люблю Беларусь, вельмі пяшчотна стаўлюся да многіх беларусаў, бо ўдзячны за тое, што яны зрабілі для памяці майго бацькі.У мяне шмат падставаў да таго, каб да беларусаў ставіцца вельмі добра, ня кажучы ўжо пра тое, што яны былі пастаяннымі і вернымі маімі сябрамі на працягу 20 гадоў барацьбы за свабоду слова. На жаль, у гэтай самай свабодзе ім пашчасьціла крыху меней, чым мне, хоць, як паказвае час, не нашмат. Зараз тэндэнцыі ў Расеі ня лепшыя. І пра гэта я таксама не забываюся".
"Беларусь сьмяротна стамілася ад Лукашэнкі", — матэрыял пад такой назвай зьявіўся ў "Московском комсомольце". Аўтар — кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька: "Лукашэнка пераўтварыў Беларусь у экспэрымэнтальную лябараторыю па вытворчасьці і распаўсюдзе нэааўтарытарнай ідэалёгіі — "лукашызму", гэткай сумесі камунізму, фашызму і лацінаамэрыканскага папулізму. "Лукашызм — галоўны экспартны тавар беларускага рэжыму", — піша спадар Лябедзька і рэзюмуе, што беларусы псыхалягічна стаміліся ад свайго лідэра: "24 гадзіны ў суткі на тэлеэкране — адзін твар, адны вусы. Людзі сапраўды стаміліся. Лукашэнка — сыходзячы палітык. Ягоны час скончыўся".
Тэму маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў падхопліваюць "Ведомости". Як піша выданьне, парлямэнт Беларусі насуперак чаканьням пакуль не абвясьціў дату выбараў. І гэта, як лічаць экспэрты, прыкмета няўпэўненасьці Аляксандра Лукашэнкі. Другое паседжаньне пазачарговай сэсіі прызначанае на 14 верасьня, і, калі выбары будуць аб’яўленыя ў гэты дзень, то яны пройдуць у сярэдзіне сьнежня. Але, як лічаць аналітыкі "Ведомостей", улады не сьпяшаюцца даваць старт выбарчай кампаніі па двух прычынах: дагэтуль незразумелая стратэгія Масквы на выбарах, а таксама ня выкананае галоўнае эканамічнае абяцаньне — давесьці паказьнік сярэдняга заробку да 500 даляраў. А ў такой сытуацыі лепш пацягнуць час.
"Известия" друкуюць зьедлівы артыкул пад назвай "Беларускі народны Кітай", які пачынаецца такімі словамі: "З космасу бачныя толькі два тварэньні чалавечых рук — Вялікая Кітайская сьцяна і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Будынак, збудаваны ў Менску ў выглядзе гіганцкага брыльянта, выконвае ў сьвеце людзей тую ж таямнічую функцыю, што і любая Неймаверная Перашкода. Таму зусім не выпадкова, што плястмасавыя копіі Вялікай Бібліятэкі, якія прадаюцца ў якасьці сувэніраў, робяць менавіта ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы". Далей — аповед пра тое, як ва ўмовах абвешчанай дывэрсыфікацыі Беларусь намагаецца любым спосабам "урваць" ад Пэкіна 15 мільярдаў даляраў на падтрымку сваёй стратнай эканомікі.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме