18:15 26.02.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Валерый Дранчук З кнігі "Будзіцелі"
ДАВЕДКА: Валерый Дранчук нарадзіўся ў 1951 годзе на хутары Гавязна Стаўпецка-Нясвіжскага памежжа. У 1974-м скончыў журфак Белдзяржуніверсітэта. Прыродаахоўнік, заснавальнік, выдавец і рэдактар асветна-публіцыстычнай газеты «Белавежская пушча».
— Давайце ўспомнім, як вы даведаліся пра тое, што вашага сына арыштавалі?
— Вельмі проста. Праз гадзіну пасля арышту мне патэлефанавала дачка Юля і ў тэлеграфным стылі, без панікі паведаміла наступнае: Цімафея затрымала КДБ, усё ператрэслі, тата, паглядзі добра, што дзе «не тое» ў цябе, магчымы таксама ператрус. Хоць Цімох жыве асобна, аднак было не выключана, што будуць шукаць і ў нас, дзе Цімафей прапісаны і дзе шмат выдадзенага ім — яшчэ з 90-х — я захоўваю як рэліквію. Дый маёй «зялёнай» літаратуры з «кампраматам» назбіралася. Хто ведаў, за што могуць прычапіцца? Прычына арышту была яшчэ невядома. Канешне, я не стаў усё паліць, але сёе-тое прыхаваў на ўсякі выпадак.
Была сярэдзіна дня 21 лютага, месяц да выбараў. Праз некалькі гадзін я даведаўся з навінаў «Свабоды», што пасткі рэжыму пастаўлены на «Партнёрства». Яшчэ цяжка было ўявіць, што наперадзе нас чакае год выпрабаванняў. Што затрыманне маладзёнаў стане генеральнай спецаперацыяй па запалохванні Беларусі, шантажам выбарцаў перад 19 сакавіка.
А неўзабаве, як спланаваны працяг, была знакамітая прэс-канферэнцыя, якую круцілі, як сёння круцяць «Лато», ці не да самых выбараў. Сухарэнка, былы шэф КДБ, на ўсю краіну агучыў «праўду» пра пераварот у краіне з замахамі і выбухоўкамі. Незабыўнае і цяжкае ўражанне. Было відаць з экранаў (ішло па БТ), як страх перад праўдай скажаў фізіяноміі гэтых людзей — яны здаліся мне манекенамі ў мундзірах.
Агучваўся дзікі падман. Напускаўся жудасны пафас хлусні. Акурат напярэдадні вечарам, за дні два, глядзеў на сцэне Купалаўскага тэатра містэрыю паводле «Сымона-музыкі», там быў цудоўны эпізод, які мяне ўразіў: мужчыны, пастаўшы ў адзін рад, б’юць у чырвоныя барабаны — парожнія бочкі. І вось гэта як бы паўтарылася, тая сцэна праецыравалася на сённяшні дзень, на нашу перадвыбарную рэчаіснасць. «Чырвоны» пошчак д’ябальскай арды, наступ тых самых, хто нам «культуру нёс з калом». Словы песняра гучалі вельмі актуальна. Я нават хацеў набыць квіткі для Цімоха, каб не прамінуў, убачыў гэты спектакль. А назаўтра яго арыштавалі.
— Гэта яшчэ быў і дзень нараджэння ягонай жонкі Вольгі?
— Ён ад’ехаў з дому па кветкі. А вярнуўся ў кайданках і ў суправаджэнні гэбістаў, двое былі ў чорных масках. Тое невыпадкова, я ўпэўнены. Гэта адзін почырк, адна традыцыя: ім хацелася растаптаць і гэты дзень, і гэтыя кветкі. Ім дакладна было вядома і тое, што Вольга на апошніх месяцах чакання. Пазней я пераконваўся не раз у тонкасцях здзеку — на іхні д’ябальскі лад, гэта найвышэйшы клас прафесіяналізму.
— І вы ўключыліся ў барацьбу за вызваленне сына...
— З першага дня. Усе мае справы — асабістыя, прафесійныя, грамадскія — былі адсунуты ў бок. Галоўным стала абараніць гонар Цімоха, як мага хутчэй вызваліць яго з турэмных засценкаў. І не толькі яго, а ўсіх чатырох. Міколу Астрэйку я ведаў яшчэ з часоў вучобы Цімоха ў ліцэі. Яны сябравалі. Колькі разоў перамаўляўся з маці, спадарыняй Яўгеніяй, жанчынай чулай і надзвычай трапяткой, неабыякавай. Цяпер нас аб’ядноўваў іншы паварот лёсу: нашы дзеці ў заложніках улады. Ізалятар, турма — гэта ўжо бяда, гэта кашмар. Для кожнага з нас. Для кожнай сям’і, кожнай маці і кожнага бацькі. Трэба дзейнічаць, змагацца за правы, гэта значыць ісці супраць рэжыму.
Адным з першых крокаў стала сустрэча з праваабаронцамі Людмілай Гразновай і Гары Паганяйлам. Была нядзеля. Мы сустрэліся ў ціхай кавярні. Я прыйшоў з дачкой і жонкай. Пазнаёміўся са спадарыняй Віялетай, маці Эніры Браніцкай, і жонкай Міколы — Палінай. Мы хацелі ведаць найперш юрыдычную сутнасць справы: якім шляхам трэба ісці, якія мэты ставіць — перад сабой, адвакатамі, якіх прынцыпаў трымацца, чым кіравацца і г.д. Зразумела, што мы жывём не ў прававой дзяржаве, але ж пра свае прававыя магчымасці хацелася ведаць усё і нават больш. Ужо было зразумела, што на справе «Партнёрства» ўлады не спяшаюцца ставіць кропку, трэба рыхтавацца да працяглай барацьбы.
Завязалася маленькая дыскусія: ці не нашкодзіць пазіцыя бацькоў, калі яна будзе выяўляцца ў пратэстнай, палітычна завостранай форме? З іншага боку, як можна змагацца за дзяцей-палітвязняў і заставацца лаяльнымі да гэтай сістэмы? Трэба было вызначацца і наконт рыторыкі, і наконт дзеянняў. Я адчуў, што сярод нас, бацькоў і сямейнікаў, у гэтым плане не ўсе аднолькава падрыхтаваныя, дзесьці спрацоўвала інерцыя, звычайная перастрахоўка: а раптам пачнуць помсціць? А там нашы дзеці. Неспакой за наступствы — гэта вельмі зразумела. З чаго ўлада і карыстае. Гары Паганяйла, праваабаронца з вялікім вопытам, выказаўся катэгарычна: баяцца не трэба, трэба гаварыць тое, што не могуць сказаць самі вязні. І прапанаваў актыўна дзейнічаць. Маўляў, справу маем з жорсткім рэжымам, грамадства скаванае страхам, каму ж, як не самім бацькам, заступацца.
Пасля, як кажуць, пайшлі будні. Напрыклад, што і як можна перадаць у камеру? Усюды свае парадкі, рэгламент, людзі. Тупыя, карніцкія абмежаванні. Трэба было прызвычайвацца. Усё гэта неспадзяваным гвалтам абрынулася на родных і блізкіх. Але найперш на сям’ю, на нас з жонкай і дачку Юлю. Мы апынуліся ў стане вайны, калі нехта з дому пайшоў ваяваць. Сярод клопатаў было шмат шараговых, побытава-празаічных, але заўсёды неадкладных — усе разам яны займалі нас цалкам, згодна той матывацыяй, якая ўласціва любой нармальнай сям’і: хацелася як мага хутчэй дапамагчы роднаму чалавеку, зменшыць ягоныя цяжкасці, даць адчуць, што мы застаёмся побач з ім.
Праз тыдні два я сустрэўся з адвакатам Паўлам Сапелкам. Прыехаў на Мележа, 4, дзе юрыдычная кансультацыя — месца ягонай працы. Трэба было абгаварыць магчымасці змянення меры ўтрымання на хатні арышт — я ставіў на гэта як на самае істотнае. Адзін з аргументаў — сям’я чакае сына, жонка на восьмым месяцы цяжарнасці. Менавіта цяпер, на этапе следства, так падказвала інтуіцыя, былі магчымыя перамогі. Аднак Павел хутчэй расчараваў, чым абнадзеіў. Ніякай пасіянарнасці. Настрой кабінетны, больш абыякавы, чым рашучы. Выказваўся асцярожна, з нейкай аглядкай. Я не адчуў з яго боку ні шчырага зацікаўлення, ні жадання нечага дамагацца, супрацьстаяць уладнай дактрыне зняволення. Я ведаў пра так званую падпіску аб невыдаванні тайны следства, што ў пэўнай ступені павязвала адваката, аднак гэта была неглыбокая пастка. Поле змагання за маладзёнаў, як я пераканаўся пасля, заставалася досыць шырокім, а часам бяскрайнім. На жаль, следчы этап — амаль паўгода (!) — дзякуючы недзеяздольнаму, залежнаму ад дзяржавы інстытуту абароны, быў цалкам упушчаны. Лічыў і лічу гэта самым ганебным правалам у справе «Партнёрства» з боку праваабарончага корпуса.
Ліставалі Цімоху амаль штодня, хіба з перапынкамі, калі не хадзіла пошта. Гэта быў такі наш бацькоўскі абавязак. З жонкай пісалі кожны свой ліст. Пасля клалі ў адзін канверт і пасылалі. Ускосна, праз нейкія словы, імкнуліся падтрымаць дух Цімафея. Найперш, каб ён адчуваў цеплыню дома, каб турма не прыніжала ягоную годнасць. Мы аднолькава хацелі супакоіць сына, надаць лістам пазітыву, на якім варта засяродзіцца. Кожны з нас рабіў гэта па-свойму. Канешне, далёка не ўсё ў лістах было «адкрытым тэкстам». Але мне заўсёды было важна правесці думку, што за намі незалежнасць Беларусі, і турма — своеасаблівая плата за наша жаданне быць сапраўднай краінай. Цімафей добра мяне разумеў і таксама знаходзіў словы для водгуку.
«Выбранае» з яго лістоў дадому надрукавала «Народная воля». Публікацыю заўважылі, мне тэлефанавалі многія, каго яна закранула і ўзрушыла.
Лісты пісаліся выключна па-беларуску. Неяк на гэты конт Цімоха паклікаў дзяжурны і ўчыніў тыповую шавіністычную разборку: маўляў, што за мова, немагчыма чытаць лісты, перадай, каб пісалі на «магутнай» і ўсім «зразумелай»... Затым былі нараканні і на мой почырк, але раздражняла, канешне ж, мова.
Для Цімафея я падрыхтаваў і асабісты падарунак — сваю кніжку экалагічнай дыдактыкі «Кажу дзецям». Я прысвяціў яе Платону, сыну Цімафея, майму першаму ўнуку, якога бацька яшчэ не трымаў на руках. На тытуле невялічкая фатаграфія — Платон ціхамірна корміцца з грудзей маці. Кнігу я перадаў ужо на Кальварыйскую, дзе Цімох адбываў тэрмін. Было прыемна чытаць у лістах, што кніга пайшла па руках, многія знайшлі ў ёй і шмат асабістага, блізкага свайму дому, родным ваколіцам.
Безумоўна, ні на адзін дзень не спынялася інфармацыйная дзейнасць нашай, так бы мовіць, групы падтрымкі. Мы, бацькі, актыўна кантактаваліся між сабой, трымаліся адзін аднаго. Звычайна збіраліся ў якой-небудзь кавярні, дзе няшмат народу. Часам падставай для сустрэч былі інтэрв’ю для замежных выданняў, тэле- і радыёпраграм, дакументальных кінастужак. Бліжэй пазнаёміцца хацелі і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Іх цікавасць да справы была непадробнай і шчырай. Свет перажываў разам з намі, спрабаваў зразумець, чаму, напрыклад, замест адміністрацыйнага штрафу (у найгоршым выпадку) маладзёнаў кінулі ў турэмную камеру.
Свае напрацоўкі, уражанні, меркаванні мы стараліся перадаваць прэс-службам, бралі ўдзел у прэс-канферэнцыях, акцыях, стаялі на Кастрычніцкай... Усё, што было вартае ўвагі ў справе «Партнёрства», знаходзіла месца ў незалежнай прэсе. Журналісты таксама не пакідалі нас, і я мог бы пералічыць не адзін дзесятак прадстаўнікоў СМІ, хто да апошніх дзён ішоў з намі поруч, хто дамагаўся і чакаў вызвалення нашых дзяцей і ўрэшце віншаваў нас з днём чаканай свабоды. Справа «Партнёрства» далёка не шараговая, яна, магчыма, як ніякая іншая пасля палітычных знікненняў зноў паказала ўсю глыбіню маральнага падзення беларускага рэжыму.
Пра гэта я адразу, літаральна праз некалькі дзён пасля арышту сына, напісаў у сваім лісце да Рушайлы, бо СНД і Расія былі тады за галоўных назіральнікаў. А Рушайла стаяў на чале гэтай назіральніцкай «місіі». Ліст я занёс у штаб СНД і перадаў з захаваннем усіх належных працэдур, каб яго ўбачыў і прачытаў сам «уважаемый Владимир Борисович» (так я звяртаўся да яго першым радком). Беларускі грамадзянін, адказны супрацоўнік СНД Яўген Слабада ветла запэўніў, што адрасат пакуль не ў Мінску, але абавязкова прачытае ліст, які неўзабаве адправяць факсам яму ў Маскву.
Адказу ад Рушайлы я не прычакаў. Звычайную адпіску даслаў нехта Кажакоў Асан, да якога я не звяртаўся (калі не памыляюся, гэта быў нейкі намеснік Рушайлы). Слова ў слова ён паўтарыў тое, што даслалі мне і з пракуратуры Беларусі. Гісторыя майго ліста, аднак, не зусім банальная. Крыху пазней менавіта яна дала мне падставу зрабіць выснову, што справа «Партнёрства», як і выбары А.Лукашэнкі на трэці тэрмін, — гэта сумесная спецаперацыя КДБ і ФСБ. А сёння я ў гэтым перакананы яшчэ больш, калі бачым, якое сакавіцкае надвор’е ўсталёўваецца ў Расіі перад прэзідэнцкімі выбарамі.
— Нагадайце, калі ласка, што адбывалася ў час суду?
— Цэнтральны суд неўзабаве пасля працэсу перавялі ў будынак беларускага ліцэя, а раней ён быў у раёне сувораўскага вучылішча. Больш за ўсё ўражвала, радавала, давала надзею тое, што ўвесь час там былі неабыякавыя людзі — праваабаронцы, прадстаўнікі замежнага дыпламатычнага корпуса, журналісты. Прыязджалі актывісты з рэгіёнаў. Закрыты працэс цягнуўся шэсць дзён. І на ўсіх пасяджэннях, без выключэння, бывала, і пад праліўным дажджом, стаяла варта падтрымкі. Гэта была вельмі яскравая праява салідарнасці.
Сярод тых, хто пастаянна працаваў у судзе, хачу асабліва адзначыць Валерыя Шчукіна. У мяне з ім адбыўся плённы творчы тандэм. Штодня ён рабіў як бы хроніку працэсу, вечарам дасылаў яе мне, а я вярстаў газету. Гэтакі самвыдат. Назва— «Праспект Скарыны» і ўнізе словы «...будзе наш!». Як вядома, незадаўна зноў улада змяніла назву галоўнага праспекта сталіцы.
Канешне, з часам нейкія дэталі сціраюцца. Але сустрэч, прыемных і непрыемных, за той год было вялікае мноства. І шматразовыя паходы ў пракуратуру краіны, і ў Канстытуцыйны суд, і ў парламенцкія камісіі, і ў міжнародныя прадстаўніцтвы. Я шукаў людзей, якія перш за ўсё могуць дапамагчы палітвязням, асабліва на следчым этапе.
І вось тут ёсць момант, які я не прымаў і не прымаю, асабліва цяпер, азіраючыся назад, калі прайшоў час і многае засталося ў мінулым. Некаторыя гаварылі, што гэта палітычная справа, і нічога ні ад каго не залежыць, апроч адной асобы. Маўляў, пакуль Лукашэнка не скажа, ніхто пальцам не паварушыць, каб штосьці зрабіць, узяць на сябе адказнасць. Таму няма ніякага сэнсу ні хадзіць, ні прасіць. Датычыла гэта ўладных структур, дзяржаўных чыноўнікаў. Я разумеў, пра што размова, бо і сам катэгарычна не аматар калідораў улады, каб ісці туды прасіць міласціну. Але я ішоў не прасіць. Істотная розніца. Я ішоў шукаць паратунку і справядлівасці, выканання ад людзей — адказных асоб — канстытуцыйных абавязкаў, незалежна ад таго, ёсць там гэта ці няма. Я апеляваў да пэўных артыкулаў Канстытуцыі і законаў. Былі і гарачыя сутычкі. Бывала, перш чым зачыніць за сабою дзверы, я казаў на развітанне чыноўніку ў крэсле: «Запомніце, вы дзяржаўны нягоднік». А бывала, развітваўся ўдзячным поціскам рукі. Гэта значна лепш, чым сядзець і чакаць. Чыноўнікі ад юстыцыі разумелі, што перад імі не проста бацька, а грамадзянін краіны. І мне было важна глядзець ім у вочы. З аднаго боку, спачуванне, з другога — сумная канстатацыя поўнага аўтарытарызму — толькі так сёння здольная «бараніць» чалавека дзяржава. Але пасля гэтага я з поўным маральным правам змог звярнуцца з індывідуальнай скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека. Гэта добра і таму, што людзі, у якіх яшчэ варушыцца сумленне, ёсць, і яны хоць як, але могуць дапамагчы. Я не магу пэўна сказаць, што гэта на нешта паўплывала ў нашым канкрэтным выпадку. Але ўрэшце мы мелі тое, што Цімох правёў за кратамі амаль на два месяцы менш, чым было адмерана прысудам.
— Пэўна ж, самым эмацыянальным у вашым канкрэтным выпадку было тое, што ў час зняволення Цімафея нарадзіўся Платон?
— Гэта было і вялікай радасцю, і драмай нашай сям’і. Я, а не бацька, забіраў Платона з раддома. І ў мяне быў як бы яшчэ адзін абавязак: вызваліць сына, каб ён як мага хутчэй убачыў Платона, узяў яго на рукі.
Дарэчы, на гэты момант мала хто звяртаў істотную ўвагу. Можа, прагучыць і залішне, але ў гэтым праяўляецца нейкая нясталасць грамадства — звяртаць увагу толькі на знешнія, палітычныя бакі, якія бачна здалёк і ляжаць на паверхні. На тым, што немаўля расце без бацькі, а бацька ў гэты час марнуецца ў следчым ізалятары за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, акцэнт не рабіў, бадай, ніхто. У гэтым, як не дзіўна, не бачылі тэму, не бачылі драму дня. Былі асобныя эпізоды. Але драмы не было. Часам я падказваў: вось палітвязень, вось ягоны трохмесячны сын, якога ён не трымаў на руках. Бярыце адваката, сацыёлага, палітолага, каго хочаце — ёсць міністэрствы, прававыя інстытуты, у рэшце рэшт, міжнародныя прадстаўніцтвы — і раскручвайце тэму правоў, правоў дзіцяці, правоў маці і бацькі.
— На жаль, пралікі тут ёсць...
— Пралікі відавочная. Палітыку трэба бачыць усюды, бо яна ўсюды ёсць. Асабліва тады, калі правіць дэспатычны аўтарытарны рэжым. На жаль, павярхоўнае ўспрыманне справы часта пераважае.
— Калі вы першы раз пасля арышту ўбачылі Цімафея?
— Першае спатканне атрымала Вольга. Неўзабаве пасля з’яўлення Платона на свет, у красавіку. А да гэтага я бамбіў следства, пракуратуру, каб далі спатканне мне. Адмаўлялі «ў інтарэсах следства». А дзе ж мае інтарэсы — бацькі?.. Калі з’явіўся Платон, тут нарэшце і спрацавалі тыя лісты. Вольгу дапусцілі нягледзячы на «інтарэсы». А сам я яшчэ доўга дамагаўся сустрэчы. Некалькі разоў хадзіў да важных чыноў краіны, прабіваўся праз бюракратычныя кардоны, перагледзеў праваабарончую літаратуру, якую мне пакінуў Цімафей. Калі трэці раз атрымаў адмову, нахабна праштампаваную «інтарэсамі следства», сеў за камп’ютар і напісаў ліст адразу двум пракурорам — генеральнаму і гарадскому — аб сваім абурэнні і пратэсце. Напісаў, што гэта спланаваны цынічны здзек над зняволенымі і іх роднымі, які супярэчыць міжнародным нормам і называецца канкрэтным словам — катаванне. Адным з аргументаў быў мой унук Платон, сын Цімафея. Атрымалася гучная заява.
Тэкст адаслаў на беларускую службу «Свабоды» ў Прагу, якая імгненна адрэагавала. Літаральна праз гадзіну мне тэлефануе Алена Ціхановіч, каб узяць інтэрв’ю. А ў 18 гадзін заява ўжо стаяла першым радком падзей дня. Сітуацыю з «Партнёрствам» «Свабода» адсочвала рэгулярна.
Першую сустрэчу я атрымаў толькі ў чэрвені. Быў гарачы бясхмарны дзень. «Амерыканка». З вайскоўцам я прайшоў праз плац. Мяне перапаўнялі эмоцыі. Я не бачыў сына чатыры доўгія месяцы. Яго прывялі ў тыя ж дзверы, неўзабаве пасля мяне. Службовец дазволіў нават абняцца, хоць магло быць і па-іншаму. Усё залежыць ад людзей. Адны дазваляюць паціснуць рукі і абняцца. Другія — не. Адбылася першая наша гаворка. Мы разумелі, што сказаць можна далёка не ўсё, але нейкія істотныя моманты прагучалі. Размаўлялі праз шкло. Найперш я падзякаваў Цімафею за вытрымку і мужнасць, павіншаваў з нараджэннем Платона. А далей гаворка дапаўняла перапіску, якая, як я ўжо казаў, з абодвух бакоў была, бадай, штодзённай.
Да суду мы бачыліся яшчэ два разы. Калі быў прызначаны суддзя, дазвол на сустрэчы даваў толькі ён. Тут ён паводзіў сябе досыць лаяльна, безумоўна, ведаючы, што на гэтым ягоная лаяльнасць хутка закончыцца, і прысуды не будуць лаяльныя. Прынамсі, для Цімоха і Міколы.
— Пасля суду Цімафея не пагналі «па этапе»...
— Так, ён застаўся ў Мінску, сядзеў на Кальварыйскай. Канешне, выбару ніхто не даваў, але нейкім чынам паўплываць мы маглі. Рыхтаваліся да ўсяго. Былі здагадкі — Шклоў, пасля Магілёў. Баяліся Воўчых Нораў дзесьці ў Брэсцкай вобласці. Я двойчы наведаў дэпартамент па выкананні пакаранняў. Галоўным было туды прайсці. А затым кабінет за кабінетам — і людзі адгукаліся на бацькоўскі клопат. Раіўся з былымі палітвязнямі — Валерыем Леванеўскім, Аляксандрам Васільевым.
Тое, што Цімафей атрымаў мінскую «прапіску», адначасова і добра, і дрэнна. Бліжэй да дому, але рэжым тут больш жорсткі, кантраляваны ведамствамі. Калі б Цімох трапіў у правінцыю, магчыма, выйшаў бы на які месяц раней. Магчыма. Цяжка сказаць. Шмат залежыць ад абставін, умоў, канкрэтных людзей. Напрыклад, пры кожнай такой установе ёсць так званыя назіральніцкія камісіі, якія таксама прымаюць рашэнне аб умоўна-датэрміновым вызваленні «часова прапісаных» на сваёй тэрыторыі. У яе ўваходзяць прадстаўнікі грамадскасці і мясцовай вертыкалі. Што да Кальварыйскай, там гэтую структуру каардынуе адміністрацыя Фрунзенскага раёна. Я вырашыў туды звярнуцца, напісаў бацькоўскі ліст і аднёс. І што вы думаеце — яго ніхто не захацеў браць. Зарэгістраваць — навошта лішні клопат? Нікому ён не патрэбен. Запомніўся малады чалавек, юрыст гэтай камісіі, трохі старэйшы за Цімафея. Пра справу «Партнёрства» чуў толькі здалёк. Ахвотна прачытаў ліст, паслухаў мяне і паабяцаў усё зачытаць на пасяджэнні, падчас абмеркавання кандыдатуры. Так і было. Як распавёў пасля Цімафей, падняўся і прачытаў мой ліст. Закончыў словамі ад сябе: «Малады чалавек хоча гадаваць сына, і мы павінны яму паверыць і дапамагчы». У Цімоха гэта засталося адным з самых пазітыўных успамінаў — пра чалавека, які нягледзячы на пасаду і становішча хацеў і спрабаваў дапамагчы палітвязню. Вось такі прыклад. А за тыдзень да гэтага я быў у начальніка ўстановы. Ён не выключаў датэрміновае вызваленне, што мяне радасна абнадзеіла. І я на эмоцыях, па-чалавечы папрасіў, каб гэта адбылося да першых Калядаў — 25 снежня акурат юбілей бабулі, ёй споўніцца 80 гадоў. Для яе гэта будзе такім падарункам! «Ну, вы ўжо шмат хочаце»,— адказаў начальнік. Цімафея пратрымалі ўсе святы і адпусцілі раніцай 26 снежня.
АЎТАРСКІ КАМЕНТАРЫЙ
Гэта той выпадак, калі бацьку ведаюць не менш, чым сына. Толькі адзін больш займаецца экалогіяй, а другі — палітыкай. Аднак... Даруйце, калі ласка, мне гэтую памылку. У нашай краіне ўсё палітыка. У тым ліку і экалогія.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме