19:30 27.07.2012 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Валер Карбалевіч. Комплекс Герастрата
Лукашэнку зноў не пусьцілі. Гэтым разам на Алімпіяду ў Лёндан. Колькі ўжо было такіх гісторыяў. І ўсе яны разьвіваюцца паводле аднаго сцэнара.
Беларускае кіраўніцтва ведае, што на нейкім міжнародным саміце або форуме прысутнасьць Лукашэнкі не пажаданая, ён там пэрсона нон грата. Тым ня менш, МЗС Беларусі робіць вялікія высілкі, каб пераадолець гэты бар’ер. Уся беларуская дыпляматыя мабілізоўваецца, вядзе вялікую закулісную працу, каб вывезьці кіраўніка краіны за мяжу. Урэшце гэта не дае ніякага выніку, Лукашэнку ўсё роўна не пускаюць, інфармацыя пра гэта трапляе ў публічную прастору, узьнікае скандал. Сам беларускі лідэр звычайна камэнтуе гэтую забарону вельмі рэзка, груба, бэсьціць усіх вінаватых у ягонай ізаляцыі, не выбіраючы словаў.
Толькі некалькі прыкладаў. У 2002 годзе Лукашэнка вельмі хацеў трапіць у Прагу на саміт НАТО, на які запрашалі ўсіх кіраўнікоў краін-партнэраў Паўночнаатлянтычнага альянсу. Праз дыпляматычныя каналы ў Менск перадалі, што прыезд туды Лукашэнкі непажаданы. І тым самым давалі магчымасьць кіраўніку Беларусі самому адмовіцца ад паездкі і захаваць твар. Але беларускія ўлады заўпарціліся, пачалі абвінавачваць ва ўсіх сьмяротных грахах Чэхію, Захад і нават Расею (апошнюю – за тое, што не абараняе Беларусь). Усё скончылася тым, што ЭЗ, каб дапамагчы чэскаму ўраду выйсьці з далікатнай дыпляматычнай сытуацыі, пастанавіў забараніць Лукашэнку і вышэйшым дзяржаўным асобам Беларусі ўезд у краіны Эўразьвязу.
У красавіку 2010 году ў Вашынгтоне адбыўся саміт у пытаньнях ядзернай бясьпекі. На яго былі запрошаныя ў тым ліку кіраўнікі некаторых краін СНД, на тэрыторыі якіх засталіся ядзерныя матэрыялы. Але Лукашэнку праігнаравалі. Беларускі прэзыдэнт ня мог схаваць сваёй амаль дзіцячай крыўды. У часе паездкі ў Гомельскую вобласьць ён спачатку запэўніваў журналістаў: «Я і не зьбіраўся ехаць на гэты саміт... Але мы гэта перажывём. Я, напрыклад, спакойна перажываю». Потым выявілася, што ўсё ж ён хацеў туды трапіць і выказаў папрок на адрас саюзьнікаў: «Калі б Расея, Казахстан і іншыя дзяржавы СНД, якія там прысутнічаюць, былі сапраўды надзейнымі сябрамі Беларусі, яны б жорстка паставілі пытаньне: Беларусь – яна наша, і яна павінна быць на саміце, і нікуды б амэрыканцы тут ня дзеліся». І каб адпомсьціць вялікім дзяржавам за прычыненыя крыўды, Лукашэнка пайшоў на шантаж. Ён заявіў, што ў Беларусі ёсьць сотні кіляграмаў высокаўзбагачанага ўрану. Затым прагучала прыхаваная пагроза ў форме адмаўленьня: «Мы не зьбіраемся рабіць брудныя бомбы і не зьбіраемся камусьці іх прадаваць». Трэба разумець так, што пакуль не зьбіраемся, пры ўмове, што вялікія дзяржавы будуць зьвяртаць на нас увагу і з намі лічыцца. Таму «давайце сядаць за стол перамоваў і будзем вырашаць, што рабіць з гэтай вялікай колькасьцю ўзбагачанага ўрану».
У красавіку 2011 году Лукашэнку не запрасілі ў Кіеў на міжнародную канфэрэнцыю, прысьвечаную 25-годзьдзю Чарнобыльскай аварыі. Прэзыдэнт Беларусі абурыўся, назваў старшыню Эўракамісіі Барозу «казлом» і абвінаваціў у «вашывасьці» кіраўніцтва Ўкраіны.
У верасьні 2011 году Лукашэнку не запрасілі ў Варшаву на саміт праграмы «Ўсходняе партнэрства». Ён адрэагаваў як звычайна. «Паеду я ці не – пытаньне дзясятае, але запрасіць прэзыдэнта туды, дзе ўдзельнічаюць прэзыдэнты іншых краін, яны былі абавязаныя», – сказаў беларускі лідэр і патлумачыў, чаму так адбылося. «У іх усё дрыжала там унутры: прыедзе Лукашэнка – і што скажа? Што пачуюць ад яго палякі?», – сказаў ён.
Здавалася б, навошта плішчыцца туды, куды не запрашаюць? Зрабіў бы выгляд, што ня надта і хочацца некуды ехаць. Маўляў, галоўнае, што мяне паважае і любіць беларускі народ. А Лукашэнка ж робіць усё з дакладнасьцю да наадварот. І ўвесь час нарываецца на скандал, акцэнтуючы ўвагу і беларускага грамадзтва, і замежнай супольнасьці на тым факце, што рэжым – у міжнароднай ізаляцыі.
Нагадаю, што падчас Алімпійскіх гульняў 2004 году ў Афінах таксама здарыўся скандал. Тады Грэцыя не дала дазволу на прыезд міністра спорту Беларусі Юрыя Сівакова, які быў у сьпісе неўязных у краіны ЭЗ. Тады ў Лукашэнкі хапіла цьвярозага розуму не прарывацца самому на Алімпіяду. А вось цяпер паспрабаваў.
На мой погляд, адказ, як і ў многіх іншых выпадках, хаваецца ў псыхалёгіі. Роля міжнароднага ізгоя – для любога палітыка псыхалягічна цяжкая ноша, якая выклікае цалкам зразумелы ўнутраны душэўны дысананс, комплекс непаўнавартасьці. Тым больш для палітыка з мэсіянскімі амбіцыямі. Таму правакаваньне скандалу – гэта сродак пераадоленьня комплексаў, спосаб самасьцьвярджэньня на міжнароднай арэне. Хоць такім чынам, але апынуцца у цэнтры міжнароднай увагі. Такі своеасаблівы «комплекс Герастрата». Але, падаецца, беларускі лідэр атрымлівае ад гэтага псыхалягічнае задавальненьне.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме