14:00 20.07.2012 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Валер Карбалевіч. Анатомія абсурду
Паведамленьне пра тое, што журналіст, рэдактар сайту Антон Сурапін арыштаваны па падазрэньні ў спрыяньні незаконнаму перасячэньню мяжы (маецца на ўвазе – швэдзкім самалётам), пры тым, што Міністэрства абароны і Памежны камітэт адмаўляюць гэты факт, узарвала інтэрнэт-супольнасьць. Кажуць пра абсурднасьць сытуацыі – маўляў, левая рука ня ведае, што робіць правая, узгадваюць Кафку і Оруэла.
Але праблема ў тым, што мы спрабуем ацэньваць дзеяньні беларускага рэжыму з гледзішча нармальнай лёгікі, шукаць прычыны і наступствы падзеяў, кіруючыся здаровым сэнсам. І ўвесь час трапляем у сытуацыю кагнітыўнага дысанансу, аксюмарану.
Любая складаная сыстэма, асабліва такая, як дзяржава, павінна працаваць паводле нейкіх адзіных узгодненых правілаў. Інакш, калі розныя яе часткі дзейнічаюць у процілеглым кірунку, то сыстэма ідзе ўразнос, робіцца крыніцаю самаразбурэньня. Што, напрыклад, адбылося з СССР у часы гарбачоўскай перабудовы.
Такія фармальныя правілы ў беларускай дзяржавы ёсьць. Гэта Канстытуцыя, сыстэма заканадаўства, ведамасныя інструкцыі. Аднак справа ў тым, што ўся гэтая сыстэма правілаў ня дзейнічае. Дакладней, дзейнічае выбарачна. Бо ў пэрсаналісцкіх аўтарытарных рэжымах, рэжымах асабістай улады функцыянуе мэханізм ручнога кіраваньня. Гэта значыць, што ўказаньні і распараджэньні кіраўніка дзяржавы замяняюць законы, інструкцыі, Канстытуцыю. Усе чыноўнікі гэта добра ведаюць і таму кіруюцца ў паўсядзённай дзейнасьці менавіта імі.
І вось тут узьнікаюць праблемы. Справа ў тым, што распараджэньні Лукашэнкі супярэчлівыя. Часта ён у адным выступе выказвае супрацьлеглыя, узаемавыключальныя тэзісы. У сваёй кнізе я прыводжу шмат такіх прыкладаў. І тады ўзьнікаюць сумненьні, ці правільна чыноўнікі разумеюць, што ім трэба рабіць.
Апошні прыклад. Лукашэнка дае загад давесьці сярэдні заробак у краіне да канца году да 500 даляраў. І адначасова патрабуе рабіць гэта не з дапамогай друкаваньня пустых грошай, а за кошт росту прадукцыйнасьці працы. Ня трэба быць эканамістам, каб разумець, што за некалькі месяцаў павысіць прадукцыйнасьць амаль на 40% немагчыма. І як павінен дзейнічаць урад у такім выпадку?
Іншая праблема. Што рабіць чыноўнікам, калі няма ніякіх указаньняў з самага верху адміністрацыйнай піраміды, а працаваць неяк трэба?
Тут існуе некалькі варыянтаў. Самы просты – імітацыя дзейнасьці. Гэта найлепш бачна ў эканамічнай сфэры. Урад прымае ўвесь час нейкія праграмы (імпартазамяшчэньня, інавацыйнай дзейнасьці), якія ніколі не выконваюцца. Дырэктары прадпрыемстваў, кіраўнікі рэгіёнаў распрацоўваюць пляны прыцягненьня замежных інвэстыцый, якія ніхто не зьбіраецца рэалізоўваць.
Найбольш часта чыноўнікі пачынаюць кіравацца асабістымі альбо ведамаснымі інтарэсамі. І тады пэрыядычна здараюцца сытуацыі дзяржаўнага абсурду. Вось, напрыклад, была дадзена каманда не выпускаць за мяжу шэраг апазыцыйных палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, а мэханізму рэалізацыі няма. І кожнае ведамства выконвае сваю частку працы, перакладаючы адказнасьць на іншых. КДБ стварае «чорныя сьпісы», памежны камітэт не выпускае, дэпартамэнт па міграцыі МУС штучна прыдумляе прычыну. У выніку атрымліваецца абсурд, калі мужчыны ва ўзросьце 40 гадоў і нават жанчына абвінавачваюцца ва ўхіленьні ад вайсковай службы.
Так і ў гэтай сытуацыі з швэдзкім «мядзьведжым дэсантам». Міністэрства абароны і Памежны камітэт кіруюцца сваімі ведамаснымі інтарэсамі і заяўляюць: перасячэньня мяжы не было. Бо ў адваротным выпадку ім жа трэба адказваць за тое, што недагледзелі. А КДБ важна зрабіць справаздачу аб раскрыцьці злачынства, пакараньні вінаватых у скандале.
Іншая справа, што такая мадэль дзяржаўнага кіраваньня вядзе да вельмі нэгатыўных наступстваў. Калі афіцыйныя дзяржаўныя інстытуты (парлямэнт, мясцовыя саветы, прафсаюзы, суды і інш.) імітуюць дзейнасьць, замест іх рэй вядуць нефармальныя структуры і працэдуры (арышт грамадзян невядомымі людзьмі ў цывільным, кіроўныя ўказаньні, не аформленыя ў выглядзе прававога акту), то адбываецца параліч дзяржавы. Страчваецца вера насельніцтва ў дзяржаўныя органы, пра што сьведчаць сацыялягічныя апытаньні. Гэта значыць, пад пытаньне ставіцца легітымнасьць дзейнай улады.
Калі закон выконваецца выбарачна, то гэта значыць, што ў дзяржаве перастае дзейнічаць права. Бо калі сёньня міліцыянт дае ілжывыя паказаньні, што апазыцыйны актывіст лаяўся, і судзьдзя на гэтай падставе выносіць прысуд, то заўтра наўрад ці яны будуць дзейнічаць паводле закону ў дачыненьні да іншага грамадзяніна – не апазыцыянэра. У выніку зьнікае інстытут правасудзьдзя, ад самаўпраўства не застрахаваны ніхто, у тым ліку самыя высокія чыноўнікі.
І калі сытуацыя трошкі ўскладняецца, становіцца відавочным, што дзяржава ня ў стане выконваць свае функцыі. Гэта яскрава выявілася падчас мінулагодняга фінансавага крызісу. Альбо ў час гэтага трагікамічнага швэдзкага «мядзьведжага дэсанту».
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме
29 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |