14:32 12.02.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Візіт Сяргея Мартынава
Дамова аб малым памежным руху, удзел Беларусі ў праграме "Усходняе партнёрства" - гэта тэмы, што будуць абмяркоўваць сёння ў Варшаве кіраўнікі дыпламатыі Польшчы і Беларусі Радаслаў Сікорскі і Сяргей Мартынаў.
Як паведаміў прэсавы сакратар беларускага пасольства ў варшаве Аляксей Зелянко, у 11.30 пачынаецца сустрэча кіраўнікоў дыпламатыі Польшчы і Беларусі Радаслава Сікорскага і Сяргея Мартынава ў фармаце сам на сам. Паводле пратаколу яна пвінна доўжыцца каля 30 хвілінаў, пасля адбудуцца сустрэчы ў пашыраным складзе з удзелам амбасадараў, консулаў і экспертаў.
Апошнімі днямі да пытанняў, якія абмяркуюць міністры, трапіла і пытанне канфлікту вакол Саюза Палякаў у Беларусі і сітуацыя вакол Польскага дома ў Івянцы.
Беларускі бок нязменна заяўляе, што канфлікт вакол Саюза Палякаў не павінен уплываць на польска-беларускія міждзяржаўныя адносіны, бо гэта канфлікт унутры грамадскай арганізацыі, маўляў, палякі пасварыліся - няхай разбіраюцца.
З гэтым меркаваннем нязгодны польскі бок.
Старшыня соймавай камісіі Марэк Бароўскі пракаментаваў для Радыё Рацыі пазіцыю польскага боку:
- Калі Беларускі бок кажа, што гэта не палітычная справа, што гэта канфлікт унутры грамадскага аб’яднання, дык чаму ўвесь час адмаўляецца зарэгістраваць Саюз Палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс? Гэта грамадскае аб’яднанне, не палітычнае! Няхай тады беларускія ўлады дадуць магчымасць легальна дзейнічаць абодвум Саюзам Палякаў. Няхай гэтыя арганізацыі і працуюць на карысць польскай меншасці ў Беларусі”, - адзначае Марэк Бароўскі старшыня Соймавай камісіі па сувязях з Палоніяй.
Прэсавае бюро Міністэрства замежных спраў Польшчы паведамляе, што цягам сустрэчы міністры замежных спраў абмяркуюць галоўным чынам праблемы двухбаковых стасункаў, а таксама супрацоўніцтва ў галіне энэргетыкі, эканомікі, сельскай гаспадаркі і культуры.
Асаблівая ўвага будзе прыцягнута на сітуацыю вакол польскай меншасці ў Беларусі. Важным пунктам падчас перамоваў стане супрацоўніцтва з Еўразвязам, асабліва на фоне ўдзелу ў праграме "Усходняга партнёрства." Чакаецца падпісанне дамовы аб малым памежным руху.
Пасля сустрэчы з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім Сяргей Мартынаў прадставіць даклад у Прымасоўскім палацы ў Варшаве адносна замежнай палітыкі Беларусі і развіцця польска-беларускіх стасункаў, арганізаваны Польскім інстытутам міжнародных адносінаў і амбасадай Рэспублікі Беларусь ў Варшаве.
На сустрэчу ў Прымасоўскім палацы запрошаны дэпутаты Сойма і палітыкі зацікаўленыя беларускім пытаннем. Пасля дакладу прадугледжана і дыскусія. Сустрэча ў Прымасоўскім палацы закрытая для прэсы. Пасля 14 гадзіны запланаваны толькі кароткі брыфінг для прэсы міністраў замежных спраў Беларусі і Польшчы.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме