02:30 29.06.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Уладзімер Кацора працягвае сухую галадоўку ўжо на волі
У нядзелю апоўдні дзясяткі актывістаў Гомеля з кветкамі прыйшлі на вуліцу Барысенкі да ізалятара часовага ўтрыманьня сустракаць каардынатара руху “За Свабоду” Ўладзімера Кацору. Акурат у гэты час мінаў тэрмін трохсуткавага арышту палітыка за ўдзел у ланцугу памяці зьніклага экс-міністра ўнутраных спраў генэрала Захаранкі. На знак пратэсту супраць пакараньня удзельнікаў акцыі Ўладзімер Кацора яшчэ ў залі суду абвясьціў сухую галадоўку.
Літаральна за пяць хвілінаў да заканчэньня тэрміну арышту да ізалятара пад’ехала машына “хуткай мэдычнай дапамогі”. Людзі захваляваліся: палічылі, што Ўладзімеру кепска – сухая галадоўка досыць небясьпечная справа. Але спадар Кацора выйшаў з ізалятару сам, без дапамогі мэдыкаў:
Кацора: “Жыве Беларусь!”
Воклічы ў адказ: “Жыве!”
На запыт пра самаадчуваньне пасьля трох сутак галадоўкі Ўладзімер Кацора адказаў:
“Нармальнае. У ізалятары па маёй просьбе адключылі ваду. Я сядзеў ў адзіночнай камэры, як і належыць галадоўніку, нават без вады. А ў Цэнтральным райаддзеле міліцыі… яшчэ й цяпер ад кайданак бачны сьлед. Чатыры гадзіны везьлі ад райаддзела да ізалятару ў кайданках – не маглі ўсё давезьці. Зараз паеду на Палескую – і буду працягваць галадоўку”.
52-гадовы палітык на выгляд схуднеў, голас яго крыху дрыжыць. На сьлёзную просьбу жонкі ён адмаўляецца ехаць дадому, цалуе ўнучку й накіроўваецца на Палескую, 52, дзе ў прыватным доме месьціцца й офіс рэгіянальнай арганізацыі АГП.
У доме на Палескай спадар Кацора паведаміў некаторыя акалічнасьці слядоў ад кайданак на руках пасьля абвяшчэньня сухой галадоўкі:
“З суда мяне павезьлі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі. Там абшукалі й зьмясьці ў так званы “абязьяньнік”, дзе я быў, мяркую, каля дзьвюх гадзінаў, бо гадзіньніка ў мяне ўжо не было. Потым з этапам павезьлі ў сьледчы ізалятар, потым яшчэ кудысьці. Потым другі раз у СІЗА. Ці то наўмысна так рабілі, гэта ўжо іншая справа. Але чатыры гадзіны трымалі ўмашыне ў кайданках з рукамі за сьпінаю. Во й зараз сьлед застаўся, і рука ня вельмі працуе”.
“Зараз яшчэ раз пацьверджваю, – заявіў палітык, – што галадоўка будзе працягвацца. Да якой пары – пакажа час. Заўтра я пабуду ў судзе Цэнтральнага раёну, паколькі мне не далі на рукі судовую пастанову. Папрашу пастанову і паспрабую паглядзець у вочы самай “справядлівай” судзьдзі Цэнтральнага раёну Марыне Дамненцы. Потым мы пойдзем у пракуратуру, пакінем заяву, каб калегія абласнога суду разгледзела апэляцыі й скасавала цалкам незаконныя пастановы судзьдзі Цэнтральнага раёну.
У аўторак галадоўка працягнецца ў абласным судзе – да той пары, пакуль я не атрымаю адказ, будзе ці не разглядацца нашая справа”.
Спадар Кацора звярнуў увагу, што суд можа рэагаваць на заявы цэлы месяц, але ж “сухая галадоўка такога рэглямэнту не прадугледжвае”.
Разам з Кацорам на вуліцу Палеская, 52 прыехалі галадаваць Валер Рыбчанка са Жлобіну й Сьвятлана Міхальчанка са Сьветлагорску. Тут на знак салідарнасьці трэці дзень галадуюць гомельскія дэмакратычныя актывісты – Васіль Палякоў, Уладзімер Сякерка, Анатоль Паплаўны, Юрась Захаранка.
Міліцыянты пэрыядычна робяць налёты на прыватны дом, калі тут вывешваюць расьцяжкі “Галадоўка пратэсту” альбо нацыянальны бел-чырвона белы сьцяг.
Апавядае галадоўнік, старшыня абласной арганізацыі АГП спадар Палякоў:
“Усе тры дні вялося назіраньне з боку міліцыі. Яны сарвалі дзьве расьцяжкі. Апрача гэтага, калі на браме мы напісалі “Галадоўка пратэсту”, яны ўсё гэта зафарбоўвалі – учора два разы й сёньня. Учора таксама быў сарваны з дому вывешаны бел-чырвона белы сьцяг”.
Васіль Палякоў запатрабаваў, каб міліцыянты склалі акт на канфіскацыю сьцяга. Міліцыянты гэта зрабілі, а заадно склалі два пратаколы на галадоўніка пра парушэньне правілаў утрыманьня населеных пунктаў.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме