21:45 15.04.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Уладзімір Раманоўскі: Месцу гібелі вязняў канцэнтрацыйнага лагера “Дразды” павінен быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці
15 красавіка Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звярнулася да Міністэрства культуры з прапановай пра наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці месцу гібелі і пахавання ваеннапалонных і мірных грамадзян – вязняў канцэнтрацыйнага лагера “Дразды”.
Гэты зварот быў падрыхтаваны дзякуючы шматмесячнай руплівай працы старшыні камісіі АГП па рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій, члена Рэспубліканскага савета Таварыства Уладзіміра Іванавіча Раманоўскага, які дасканала вывучыў пытанне і на падставе дакументальных матэрыялаў падрыхтаваў прапанову.
“У пачатку ліпеня 1941 г. нямецкімі захопнікамі каля вёскі Дразды быў створаны часовы канцэнтрацыйны лагер, які праіснаваў 2-3 месяца, - распавядае Уладзімір Раманоўскі. - У гэтым лагеры ўтрымоўвалася каля 100 тысяч савецкіх ваеннапалонных і 40 тысяч мірных грамадзян. Каля лагера адбываліся масавыя растрэлы вязняў. Дакладна месца растрэлаў і пахавання вызначалася як "траншэя", прыкладна ў 500 метрах ад лагера. У гэтай траншэі пахаваныя каля 10 тысяч чалавек: мужчын, жанчын, дзяцей.
Пасля вайны месца зараўнялі і адвялі пад пасевы. Праз шмат гадоў, у траўні 1972, на полі ў раёне "Салдацкай горкі" адкапалі чалавечыя парэшткі. Так аднавіўся ўспамін пра трагедыю 1941-га. Але толькі ў 1995 г. на гэтым месцы па вуліцы Новавіленскай была ўсталяваная невялікая памятная пліта.
У 1996 г. пасля комплекснага абследавання пахавання спецпадраздзяленнем Міністэрства абароны былі вызначаныя месца і геаграфічныя межы аб’ектаў. На сродкі фабрыкі імя Крупскай быў усталяваны вялікі камень - памятная пліта. Але гэтым усё і абмежавалася.
Да 2009 г. за станам пахавання сачылі толькі вучні школы № 104. У межах сваіх сціплых магчымасцяў яны займаліся даследаваннем яго гісторыі, пошукам імёнаў загінуўшых.
У 2009 г. пры ўдзеле адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска быў распрацаваны план па добраўпарадкаванню месца. Пасадзілі дрэвы, паставілі лавы, пачысцілі помнік, паклалі плітку і… узнагародзілі прадстаўнікоў Мінабароны Міхея і Куфцэрына за ўшанаванне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў вайны. Аднак якіх-небудзь захадаў па вызначэнні і ахове межаў пахавання па-ранейшаму не прынята. Такі стан спраў непазбежна вядзе да непакаранага вольнага ці міжвольнага вандалізму ў адносінах да пахавання”.
На думку Уладзіміра Раманоўскага, прычына такога становішча палягае ў адсутнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, абароненасці захавання уладамі і дагляду за ім з боку дзяржавы.
“Месцу згубы і пахавання ваеннапалонных і мірных грамадзян - вязняў канцэнтрацыйнага лагера "Дразды" павінен быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі "2", якая мае нацыянальнае значэнне”, - упэўнены Уладзімір Раманоўскі.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме