14:30 22.03.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Уладзімір Някляеў: Сказаная ўголас і разам праўда змяніла рэчаіснасць да лепшага
20 сакавіка дабрачыннай грамадскай арганізацыі донараў “Кропля жыцця” споўнілася 2 гады. У Магілёве, дзе месціцца арганізацыя, з гэтай нагоды наладзілі ўрачыстыя святкаванні – У Доме культуры чыгуначнікаў выступы знаных людзей і канцэрт беларускіх музычных і танцавальных калектываў.
Сярод запрошаных – лідэр грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў.
Праблема донарства ў нашай краіне – такая ж актуальная, як і ва ўсім свеце. Кроў патрэбная пастаянна, таму што не ўсе яе кампаненты можна захоўваць доўга. Але пры тым інтэрвалы паміж дачамі крыві павінны быць пастаяннымі: каб не пашкодзіць здароўю донара. Адсюль – патрэба ў вялікай колькасці людзей, якія згодны “працаваць” донарамі: рэгулярна даваць кроў, але ж таксама рэгулярна праходзіць асбледванні, - каб якасць крыві была гарантаванай.
Ва ўсім свеце донарства заахвочваецца матэрыяльна ў той ці іншай ступені. Донару патрэбныя дадатковыя меры па аднаўленні свайго здароўя.
Доўгі час шэраг льгот мелі і беларускія донары. Але паводле указа ад 14 чэрвеня 2007 года “Пра дзяржаўныя сацыяльныя льготы, правыі гарантыі для асобных катэгорый грамадзян” донары пазбавіліся вялікай колькасці льгот. Сярод іх – льготы на бясплатнае пратэзаванне, 50% аплата лекаў, санаторна-курортнае лячэнне і 40% прыбаўка да пенсіі. Разам у краіне 119 тысяч ганаровых донараў. Менавіта яны згубілі істотныя льготы.
Магілёўская арганізацыя донараў, якую узначальвае Ігар Каваленка, дамаглася амаль поўнага аднаўлення льготаў на мясцовым – абласным узроўні. Зараз донары Магілёўскай вобласці ізноў маюць права на бясплатны праезд у грамадскім транспарце, на льготныя кошты санаторна-курортнага лячэння, а кіраўнікі прадпрыемстваў, дзе яны працуюць, павінны матэрыяльна заахвочваць донараў.
Усё гэта стала вынікам актыўнай працы актывістаў “Кроплі жыцця” як з чыноўнікамі мясцовай вертыкалі, так і падрабязных кансультацый з еўрапейскімі арганізацыямі.
У сваёй прамове Уладзімер Някляеў адзначыў, што прыклад магілёўскіх донараў - акурат той выпадак, калі сказаная ўголас і разам праўда змяніла рэчаіснасць да лепшага:
- Адзін з крытэрыяў, паводле якіх ацэньваюць узровень развіцця грамадства - гэта як людзі ўмеюць адстойваць свае правы. Прыклад Ігар Каваленкі і ягоных паплечнікаў - гэта прыклад усяму грамадству. Бо для грамадства вельмі важна ўмець змагацца за правы, якія яму належаць. І справа не толькі ў льготах, якія адстаялі донары магілёўшчыны, - справа ў тым, што праўда перамагла.
Ігар Каваленка зазначыў: "Вельмі важна папулярызаваць дух донарства ў нашай краіне. Істотна таксама, што ўлады прыслухаліся і падтрымалі нас. Бо праблема сацыяльна важная як у нас, так і па ўсім свеце".
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме