15:46 11.02.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Улады не зацікаўленыя ў грамадскай экспертызе па АЭС
Беларусь вінавацяць у парушэнні палажэнняў Орхускай канвенцыі і канвенцыі Эспо. Гэта абумоўлена пэўнымі момантамі, звязанымі з будаўніцтвам Астравецкай АЭС. У той самы час дзіўная сітуацыя склалася вакол правядзення грамадска-экалагічнай экспертызы.
Расійскі фізік-ядзершчык, сустаршыня міжнароднай групы “Экаабарона” Андрэй Ажароўскі тлумачыць, у чым канкрэтна вінавацяць Беларусь:
- Па грамадскаму ўдзелу ў дадзены момант у Беларусі па двух канвенцыях ёсць вялікія пытанні. Адно звязанае з Канвенцыяй Эспо. Па гэтай канвенцыі неабходна інфармаваць суседнія краіны аб праектах, якія могуць аказаць трансгранічнае ўздзеянне. Наколькі я ведаю, не ўсе яшчэ краіны нейкім чынам выказалі сваё стаўленне да ідэі будаўніцтва АЭС на граніцы паміж Беларуссю і Літвой. Цяпер у лютым будзе чарговае паседжанне Камітэта адпаведнасці Канвенцыі Эспо. Па Орхускай Канвенцыі больш нагоды для каментароў, паколькі беларускія ўлады, з майго пункту гледжання, не змаглі забяспечыць выканання стандарта ўдзелу грамадскасці ў прыняцці экалагічна значных рашэнняў, і стандарта адкрытасці ў даванні інфармацыі. Сход у Астраўцы, які беларускія ўлады лічаць грамадскімі слуханнямі, насамрэч быў сходам “ЗА АЭС”. Мэта слуханняў не была дасягнутая. Вельмі спадзяюся, што Камітэт адпаведнасці Орхускай канвенцыі таксама, як і шэраг экалагічных арганізацый, не прызнае сход 9-га кастрычніка грамадскімі слуханнямі. Што з гэтага выйдзе – я не ведаю, але спадзяюся, што Беларусі будзе вынесена папярэджанне.
Гэтае папярэджанне будзе насіць рэкамендацыйны характар?
- Гэта не рэкамендацыйнае, гэта можа быць вельмі жорсткае рашэнне. Беларусь можа быць выключаная з краін-чальцоў канвенцыі. Калі краіна абяцала нешта, і не выконвае, то навошта было падпісваць канвенцыю?
Як доўга звычайна прымаюцца такога кшталту рашэнні?
- Гэта не хутка. На дадзены момант толькі прынятая да разгляду скарга грамадскіх арганізацый, якія падалі вось гэты сігнал. Мне дакладна вядома, што ў Мінпрыроды Беларусі накіраваны запыт з мэтай атрымаць афіцыйны каментар Беларусі на гэтую скаргу. У Мінску цяпер ідзе праца над складаннем адказа. Камітэт на наступным сваім паседжанні будзе разглядаць ужо адказ беларускага боку. Аднак на тое паседжанне, якое адбывалася ў снежні мінулага года, дзе гэтае пытанне было прынятае да разгляду, запрошаны прадстаўнік афіцыйнага Мінска проста не з’явіўся. Гэта выклікала вялікае здзіўленне ва ўсіх прысутных.
Такім парадкам, працэс пачаўся, і на думку Андрэя Ажароўскага, напачатку Беларусі можа быць вынесенае папярэджанне. Выправіць свае памылкі беларускія ўлады могуць, відавочна, толькі, калі арганізуюць паўторна грамадскае абмеркаванне і магчыма слуханні, але ўжо на парытэтных асновах.
Андрэй Ажароўскі, праўда, сумняецца, што беларускія ўлады на гэта пойдуць. Як раз зараз склалася даволі дзіўная сітуацыя вакол грамадска-экалагічнай экспертызы. Магчымасць правядзення такой экспертызы прапісаная ў беларускім заканадаўстве. Для яе правядзення ініцыятар праекта будаўніцтва АЭС (Міністэрства энергетыкі РБ) абавязанае прадаставіць неабходныя матэрыялы, у тым ліку і абаснаванне інвестыцый.
Як раз з гэтым, па словах Таццяны Новікавай, адказнага сакратара па правядзенні грамадскай экспертызы, якую праводзіць грамадскае аб’яднанне “Экадом”, і ўзніклі праблемы:
- “Экадом” запрашае да ўдзелу ўсе зацікаўленыя арганізацыі, і грамадскасць у тым ліку да ўдзелу ў правядзенні грамадскай экспертызы. У гэтым працэсе будуць удзельнічаць таксама іншыя арганізацыі, у тым ліку Беларуская партыя зялёных, міжнароднае аб’яднанне “Экаабарона”, кола міжнародных экспертаў. У снежні мінулага года мы звярнуліся да заказчыка і Мінпрыроды, каб нам прадаставілі неабходную інфармацыю для правядзення экспертызы. Да гэтага часу такой інфармацыі мы не атрымалі. Нам кажуць, што яны ніяк не могуць вызначыць парадак перадачы гэтай інфармацыі.
Таццяна Новікава заўважае, што экспертыза абмежаваная па часе яе правядзення. Па беларускаму заканадаўству, заключэнне грамадскай экспертызы павінна разглядацца адначасна з правядзеннем дзяржаўнай экспертызы. Калі грамадская экспертыза раптам спазніцца, бо ёй своечасова не прадаставілі неабходныя дакументы, будзе не вельмі добра.
Па інфармацыі Андрэя Ажароўскага, улады рыхтуюць сваю “карманнную” грамадска-экалагічную экспертызу. Паводле яго, такі крок часта ўжываецца ў Расіі: калі арганізацыі, сяброўскія таму ці іншаму праекту, каб не даць праціўнікам слова, праводзяць сваю нібыта грамадска-экалагічную экспертызу.
Яна Запольская, Радыё Рацыя
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме