22:30 14.09.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
У стварэнні нацыянальнай кааліцыі камуністы бачаць руку спецслужбаў
Камуністаў возьмуць у нацыянальную кааліцыю толькі пасля таго, як яны пакаюцца, заявіў Павел Севярынец. Але Сяргей Калякін лічыць, што кааліцыю ствараюць з ініцыятывы заходніх спецслужбаў, і таму запісвацца туды і каяцца яны не спяшаюцца.
12 верасня на пасяджэнні Нацыянальнай рады Беларускай хрысціянскай дэмакратыі было аднагалосна прынята рашэнне аб стварэнні Кааліцыі нацыянальна-дэмакратычных сіл Беларусі. Паводле слоў сустаршыні БХД Паўла Севярынца, асноўнымі прынцыпамі кааліцыі з’яўляюцца патрыятызм, незалежнасць, хрысціянскія каштоўнасці, еўрапейскі выбар.
У адпаведнасці з гэтымі прынцыпамі і будуць разглядацца “заяўкі на прыём”. І таму, да прыкладу, Партыю камуністаў, адзначае Севярынец, туды не прымуць.
Павал Севярынец: “Камуністы — прарасійская сіла. Іх прынцыпы несумяшчальныя з хрысціянскімі каштоўнасцямі, і камуністаў мы туды не прымем, гэта адназначна. Камуністы павінны каяцца, мяняцца. Тады яны могуць стаць дэмакратамі. Калі яны хочуць проста перафарбавацца і адначасова адпрацоўваць тут прарасійскія інтарэсы — для нас гэта непрымальна. Думаю, што камуністы будуць выключаныя з дэмакратычнага руху ўвогуле”.
Сёння вызначаныя чатыры палітычныя сілы, які гарантавана ўвойдуць у нацыянальную кааліцыю: БХД, БНФ, рух “За Свабоду!”, “Малады фронт”. Калі паміж імі будзе дасягнуты кансенсус, кажа Павел Севярынец, тады будуць ісці перамовы з тымі, хто можа пашырыць кааліцыю. Напрыклад — Аб’яднаная грамадзянская партыя. Нягледзячы на тое, што Анатоль Лябедзька наведваў Маскву і зараз актыўна наладжвае кантакты з расійскімі палітычнымі сіламі, іх нацыянал-дэмакраты “прарасійцамі” не лічаць.
Павал Севярынец: “Анатоль Лябедзька заявіў, што сумесныя расійска-беларускія вучэнні — гэта антыканстытуцыйны акт. Для БХД — гэта пазіцыя, якая адстойвае нацыянальныя інтарэсы. Даволі паказальны тэст”.
Але, як высветлілася, АГП не толькі не стаіць у чарзе пад дзвярыма нацыянальнай кааліцыі з заявай у руках, але і моцна падумае, ці ўступаць туды. Нават калі іх будуць прасіць тое зрабіць. Хоць сама магчымасць гэтага абмяркоўвалася кіраўніцтвам АГП. Пра гэта Еўрарадыё сказаў намеснік старшыні партыі Аляксандр Дабравольскі.
Аляксандр Дабравольскі:“Запрашэнне ў гэтую кааліцыю АГП не атрымлівала, але нават калі будзе запрашэнне, нам здаецца, трэба добра падумаць. Бо калі з боку гэтых структур, якія зараз утвараюць нацыянальную кааліцыю, гучаць абвінавачванні ў бок левых — нам здаецца гэта няправільным, і ў гэтым працэсе мы ўдзельнічаць не павінны”.
Згодна са словамі Дабравольскага, АГП знайшло сабе іншую працу — мірыць нацыяналаў і камуністаў.
Аляксандр Дабравольскі:“Сацыял-дэмакраты і Партыя камуністаў зараз маюць праблемы ў камунікацыях з БХД і астатнімі. Я думаю, што мы будзем працаваць як партыя на тое, каб гэтых непаразуменняў не было ці было як мага менш. Мы будзем арганізоўваць супрацоўніцтва паміж усімі апазіцыйнымі структурамі”.
Але ці хочуць камуністы, каб іх мірылі з нацыянал-дэмакратамі? Старшыня ПКБ Сяргей Калякін мяркуе, што новую кааліцыю ствараюць па ініцыятыве замежных спецслужбаў і яе існаванне супярэчыць інтарэсам дэмакратычнага руху.
Сяргей Калякін:“Не ведаю, навошта патрэбна такая ініцыятыва. Усё гэта штучна і ўсё гэта цягне спецслужбамі адтуль, ці нейкімі іншымі інтарэсамі. Але інтарэсаў беларускай дзяржавы і беларускага грамадства там няма”.
На гэтым фоне камуністы бачаць сябе ледзь не адзінымі абаронцамі нацыянальных інтарэсаў Беларусі.
Сяргей Калякін:“Я з’яўляюся прабеларускім палітыкам. І партыя прабеларуская ў нас. І яна зарэгістравана паводле беларускіх законаў. І дзейнічае ў інтарэсах Беларусі”.
У стварэнні Нацыянал-дэмакратычнай кааліцыі Калякін не бачыць сэнсу яшчэ і таму, што, па яго словах, такая кааліцыя ўжо існуе. І называецца АДС.
Дарэчы, на думку Паўла Севярынца, пасля стварэння нацыянальнай кааліцыі АДС ціха і прадказальна сканае. Намеснік старшыні АГП Аляксандр Дабравольскі кажа, што АДС маюць сэнс толькі тады, калі там ёсць і левыя, і правыя. У іншым выпадку іх можна распускаць. А вось лідэр камуністаў не выключае таго, што ў краіне будзе дзве кааліцыі.
Сяргей Калякін:“Развала не будзе. Будзе не адна кааліцыя, а дзве ў Беларусі”.
Праўда, кажа, самым шчаслівым ад гэтага чалавекам будзе прэзідэнт Лукашэнка.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме