22:00 16.03.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
У справе Аўтуховіча — гранатамёт, 33 патроны, шашкі і дэтанатары
Пасьля перапынку ў Вярхоўным судзе Менску аднавіўся працэс па справе Мікалая Аўтуховіча, Уладзімера Асіпенкі, Міхаіла Казлова і Аляксандра Ларына, якіх абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэракту ды іншых злачынствах.
Сёньня пачалося судовае сьледзтва. Яго адкрыў пракурор Эльдар Сафараў, які цягам паўгадзіны зачытваў абвінаваўчае заключэньне. Часьцей за іншых у гэтым дакумэнце фігуруе асоба Аляксандра Ларына. Паводле сьледзтва, гэта ён хаваў гранатамёт, вырабляў з карабіна абрэз, выпрабоўваў выбуховае прыстасаваньне ды рабіў іншыя прыгатаваньні да тэракту супроць высокапастаўленых чыноўнікаў. І ўсё гэта нібыта на загад Мікалая Аўтуховіча. Асноўныя падзеі справы адбываліся ў 2005 годзе. Цікава, што частку таго году Аўтуховіч прабыў у сьледчым ізалятары паводле абвінавачаньня ў нясплаце падаткаў. Між тым сьледзтва даводзіць, што і з-за кратаў Аўтуховіч «кіраваў злачыннай групоўкай». Вось цытата з прамовы пракурора Сафарава:
«У пэрыяд з 14 па 17 кастрычніка 2005 году, калі знаходзіўся ў сьледчым ізалятары УЖ15 Гродна, працягваючы кіраваць арганізаванай групай, сакрэтна празь іншых асобаў перадаў Ларыну распараджэньне зрабіць замах на жыцьцё Саўчанкі і выкарыстаць дзеля гэтага гранатамёт, выбухоўку і выбуховае прыстасаваньне, якія ён раней перадаў Ларыну».
Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Асіпенка і Міхаіл Казлоў, якога абвінавачваюць у тым, што ён не зрабіў захадаў, каб прадухіліць злачынства, вінаватымі сябе не прызналі цалкам. І толькі былы супрацоўнік фірмы Аўтуховіча «Ніка-транс» Аляксандар Ларын, які ўжо сядзіць у турме за ранейшае крымінальнае злачынства, заявіў, што «прызнае віну часткова». «Прызнаю, што перавозіў зброю, вырабляў бомбу і рыхтаваўся да гэтай... ліквідацыі», — сказаў Аляксандар Ларын. Судзьдзя Аляксей Цяцюхін запытаў падсуднага, у чым ён сябе вінаватым не прызнае, калі прызнае віну часткова. Аляксандар Ларын сказаў, што ня можа ўдакладніць, паколькі «спаў, калі пракурор чытаў абвінаваўчае заключэньне».
Пасьля выступу пракурора суд вырашыў дапытаць спачатку пацярпелых, хаця адвакаты прапанавалі пачаць з допыту абвінавачаных. Першым дапыталі намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Каменку, на якога, паводле сьледзтва, рыхтаваўся замоўлены Аўтуховічам замах. Матывам замаху нібыта была помста за тое, што пад кіраўніцтвам Васіля Каменкі праводзіліся праверкі, на падставе якіх была заведзеная крымінальная справа аб нясплаце падаткаў прадпрымальнікам Аўтуховічам. Паводле намесьніка міністра, падрыхтоўкі на яго замаху ён не заўважаў. Але цяпер стаўленьне зьмянілася. Пацярпелы чыноўнік спаслаўся на адкрыты ліст Мікалая Аўтуховіча да Аляксандра Лукашэнкі, у якім былы аўганец прасіў разабрацца ў ягонай справе і папярэджваў, што будзе «абараняць сваю маёмасьць са зброяй у руках»:
«Там ёсьць такія выказваньні, што вось са зброяй у руках будзем адстойваць, і ўсё астатняе. Таму я мяркую, што гэта як раз і ёсьць тое, што... Тады я не надаваў гэтаму вагі, але цяпер разглядаю гэта ў такім ключы».
Мікалай Аўтуховіч заявіў, што справа аб падатках, паводле якой ён адбыў пакараньне, была заведзеная незаконна і да гэтага нібыта датычны Васіль Камянко. «Яму трэба было б тут сядзець, у кайданках, а ня мне», — сказаў Мікалай Аўтуховіч. Судзьдзя Аляксей Цяцюхін спыніў падсуднага на той падставе, што мінулая справа Аўтуховіча ня тычыцца цяперашняй.
У перапынку я папрасіў камэнтар у лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, які прысутнічаў на паседжаньні:
«Тое, што адбывалася, мяне не пераканала. Я ня ўбачыў сур’ёзнасьці ў абвінавачаньні. Не сумняюся, што гэтая справа палітычна матываваная. Для мяне Аўтуховіч і Асіпенка — гэта вязьні сумленьня».
Вядомы актывіст Вячаслаў Сіўчык параўнаў пачутае на працэсе з абвінавачаньнямі часоў сталінскіх рэпрэсій:
«Мы бачылі шмат што, але тое, што было сёньня ў Вярхоўным судзе, — гэта навізна нават для лукашэнкаўскага рэжыму».
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме