17:00 19.01.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
У разгар нафтавай вайны Сямашка паляцеў у Парыж
Дэлегацыя ўрада на чале з першым намеснікам прэм’ер‑міністра Уладзімірам Сямашкам 19 студзеня распачала насычаны візіт у Францыю.
Як паведаміла прэс‑служба Міністэрства замежных спраў Беларусі, у рамках візіту запланаваны сустрэчы з генеральным сакратаром Елісейскага палаца Клодам Геанам, кіраўніцтвам МЗС і Міністэрства эканомікі, прамысловасці і занятасці Францыі, шэрагу буйных французскіх кампаній і банкаў. Запланавана таксама правядзенне беларуска‑французскага дзелавога форуму ў штаб‑кватэры руху французскіх прадпрымальнікаў МЕДЕФ.
«У межах сустрэч плануецца паглыбленае абмеркаванне пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, уключаючы перспектывы нарошчвання гандлёва‑эканамічных і інвестыцыйных сувязей з Францыяй, развіццё палітычнага дыялогу і дагаворна‑прававой асновы адносінаў, а таксама ўзаемадзеяння па лініі міжнародных арганізацый», — гаворыцца ў паведамленні беларускага замежнапалітычнага ведамства.
У студзені—лістападзе 2009 года тавараабарот Беларусі і Францыі скараціўся амаль на траціну і склаў 404,9 млн. даляраў (69,4% да аналагічнага перыяду 2008 года); беларускі экспарт склаў 62,6 млн. даляраў (83,3%), імпарт — 342,2 млн. даляраў (67,3%). Асноўныя артыкулы беларускага экспарту: мэбля, азотныя ўгнаенні, трубы з чорных металаў, адзенне, казеін. Увозім жа легкавікі, інсектыцыды, гербіцыды, лекі.
Візіт Сямашкі цікавы тым, што менавіта Францыя валодае атамнымі тэхналогіямі. Французская кампанія «Арэва» магла б стаць альтэрнатывай «Росатаму» пры пабудове Беларускай АЭС. Такі выбар павялічыў бы энэргетычную незалежнасць Беларусі ад Расіі.
Лукашэнкаўцы дасягнулі папярэдняй дамоўленасці з Масквой аб расійскіх інвестыцыях у АЭС, што мае паўстаць каля Нарачы. Аднак канчатковае ўгоды не падпісана, бо бакі працягваюць спрачацца ў другасных пытаннях, напрыклад, аб тым, хто мае фінансаваць пабудову мястэчка для супрацоўнікаў станцыі.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме