17:00 20.01.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
У Кангрэс ЗША паступіў законапраект "Акт аб уліку беларускіх паставак зброі"
Як паведамляе афіцыйны сайт кангрэса, законапраект прадпісвае Дзярждэпартаменту ЗША штогод даваць парламентарыям справаздачы аб беларускіх пастаўках зброі. Гэтыя справаздачы павінны ўтрымліваць інфармацыю пра "аб’ёмы і механізмы экспарту ўзбраенняў і спадарожных паслуг урадам Беларусі і беларускімі прадпрыемствамі, уключаючы даходы ад такіх здзелак і патэнцыяльную ролю ўрада і прадпрыемстваў Расіі ў гэтым экспарце".
Дзярждэпартамент таксама павінен ацэньваць стан зброевых складоў, што засталіся ў Беларусі з часоў СССР, і магчымасці беларускіх прадпрыемстваў у вытворчасці зброі для экспарту.
Апрача таго, у справаздачах Дзярждэпартамента павінна ўтрымлівацца інфармацыя аб пастаўках Беларуссю зброі ў "любую краіну, якая ацэньваецца як дзяржава, што падтрымлівае тэрарызм або адмаўляецца ад супрацоўніцтва з ЗША ў контртэрарыстычных аперацыях, уключаючы Венесуэлу".
Як зазначаецца ў законапраекце, экспарт зброі Беларуссю за перыяд з 1999 па 2006 гады афіцыйна ацэньваецца ў адзін мільярд долараў. Такім чынам, Беларусь з’яўляецца адзінаццатай у свеце краінай па аб’ёме экспарту зброі. Пры гэтым у дакуменце падкрэсліваецца: "Рэальны аб’ём паставак беларускай зброі можа значна пераўзыходзіць афіцыйны, таму што апублікаваныя дагаворы аб гандлі зброяй могуць не ўключаць сакрэтныя пагадненні, заключаныя прадстаўнікамі беларускага ўрада або прадпрыемствамі, што належаць дзяржаве".
Як вынікае з Акта аб уліку беларускіх паставак зброі, "Беларусь з’яўляецца буйным пастаўшчыком ракет, мінамётаў, супрацьтанкавага ўзбраення і мін палесцінскім экстрэмісцкім групоўкам і дзяржавам-спонсарам тэрарызму, такім як Іран і Сірыя, а таксама верталётаў Мі-24, артылерыйскіх сістэм і бранятэхнікі расійскай вытворчасці ўраду Судана, танкаў камуністычнаму рэжыму ў Паўночнай Карэі, ваенных самалётаў і авіяцыйных рухавікоў у Іран".
Апрача таго, зазначаецца ў законапраекце, паводле звестак уплывовага брытанскага ваеннага часопіса Janes Air-Launched Weapons, "продаж расійскіх комплексаў С-300 у Іран адбываецца праз Беларусь". "Беларусь ужо набыла шматлікія сістэмы С-300 у Расіі па цане, якая значна ніжэйшая за рэальную", — сцвярджаецца ў дакуменце.
У Міністэрстве замежных спраў і Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэце Беларусі гэтую інфармацыю пакуль не каментуюць.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме