16:46 19.10.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
У Беларусі з рабочым візітам знаходзіцца кіраўнік МЗС Украіны Пётр Парашэнка
У Беларусі з аднадзённым рабочым візітам знаходзіцца міністр замежных спраў Украіны Пётр Парашэнка.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Украіны сустрэўся са сваім беларускім калегам Сяргеем Мартынавым. Паводле звестак прэс-службы МЗС Беларусі, на перамовах плануецца абмеркаваць "шырокі спектр пытанняў двухбаковых адносінаў, а таксама ўзаемадзеянне дзвюх краін у межах міжнародных і рэгіянальных арганізацый".
Прэс-служба МЗС Украіны, у сваю чаргу, паведамляе, што падчас сустрэчы бакі падпішуць Пратакол абмену граматамі аб ратыфікацыі Консульскай канвенцыі паміж Украінай і Рэспублікай Беларусь.
Пётр Парашэнка таксама мае намер сустрэцца з першым віцэ-прэм`ерам Беларусі Уладзімірам Сямашкам, паведамляе прэс-служба ўкраінскага МЗС.
17 кастрычніка кіеўскае выданне "Зеркало недели" паведаміла са спасылкай на кампетэнтную крыніцу, што мэтай візіту ў Мінск новага міністра замежных спраў Украіны (Парашэнка, адзін з лідэраў "аранжавай рэвалюцыі", быў прызначаны на гэту пасаду 9 кастрычніка) з`яўляецца вырашэнне пытанняў, звязаных з ратыфікацыяй дагавора аб дзяржаўнай мяжы.
Паводле інфармацыі газеты, прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка вызначыў для Парашэнкі тры прыярытэтныя заданні. "Адным з першарадных заданняў з`яўляецца арганізацыя сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі з мэтай вырашэння ўсіх пытанняў, звязаных з ратыфікацыяй украінска-беларускага дагавора аб дзяржмяжы", — зазначае "Зеркало недели".
Дагавор быў падпісаны падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў 12 мая 1997 года. 19 ліпеня таго ж года дакумент ратыфікавала Вярхоўная рада Украіны, але не ратыфікаваў Нацыянальны сход Беларусі. Мінск увязвае ратыфікацыю з неабходнасцю ўрэгулявання ўкраінскага доўгу, што ўтварыўся ў першай палове 1990-х гадоў.
20 кастрычніка ў Мінск прыбудзе ўрадавая дэлегацыя Украіны на чале з першым віцэ-прэм`ерам Аляксандрам Турчынавым. Дэлегацыя возьме ўдзел у 17-м пасяджэнні міжурадавай беларуска-ўкраінскай змешанай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, паведаміла прэс-служба Савета міністраў Беларусі.
13 кастрычніка Віктар Юшчанка, выступаючы на нарадзе кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў краіны за мяжой, заявіў, што адной з задач украінскай дыпламатыі з`яўляецца "развіццё пазітыўных зрухаў, дасягнутых у дыялогу з Беларуссю".
Як раней паведамляў БелаПАН, да канца 2009 года плануецца сустрэча Лукашэнкі і Юшчанкі. На саміце СНД у Кішынёве 9 кастрычніка прэзідэнты Беларусі і Украіны заявілі, што маюць намер дамовіцца аб правядзенні найбліжэйшым часам сустрэчы ў двухбаковым фармаце.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме