12:30 20.11.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Траншаў мала не бывае
Выканаўчая рада дырэктараў МВФ у снежні разгледзіць пытанне аб выдзяленні Беларусі чарговага траншу крэдыту.
Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі, каментуючы вынікі працы місіі МВФ, якая знаходзілася ў Беларусі з 9 лістапада, для ажыццяўлення трэцяга агляду праграмы стэнд‑бай.
У Нацбанку адзначылі, што 19 лістапада місія МВФ вярнулася ў Вашынгтон для правядзення далейшых працэдур па падрыхтоўцы пасяджэння выканаўчай рады дырэктараў фонду, якое мяркуецца правесці ў снежні. На гэтым пасяджэнні будзе разгледжана пытанне аб выдзяленні Беларусі чарговага траншу крэдыту МВФ у межах праграмы стэнд‑бай.
«Асновай для гэтага з’яўляецца дасягнутае экспертамі падчас місіі фонду пагадненне з беларускім бокам аб паспяховым завяршэнні трэцяга агляду выканання ўладамі Беларусі прынятых на сябе абавязацельстваў па рэалізацыі гэтай праграмы», — адзначылі ў Нацбанку.
У галоўным банку краіны падкрэслілі, што Беларусь выканала ўсе прадугледжаныя праграмай мэтавыя і структурныя кантрольныя паказчыкі па стане на дату справаздачы — канец верасня гэтага года.
Нагадаем, Беларусь звярнулася па атрыманне крэдыту да МВФ у кастрычніку 2008 года «з мэтай павелічэння дзяржаўных золатавалютных рэзерваў і стварэння «падушкі бяспекі», неабходнай для стабільнай працы эканомікі ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу».
У студзені 2009 года кіраўніцтва МВФ адобрыла выдзяленне Беларусі крэдыту стэнд‑бай у аб’ёме каля 2,46 млрд. даляраў пад праграму эканамічных рэформ, разлічаную на 15 месяцаў (да красавіка 2010 года). Першы транш крэдыту ў 788 млн. даляраў ЗША па стаўцы LIBOR плюс 0,75% гадавых паступіў у Беларусь 14 студзеня, астатнія сродкі пералічваюцца з улікам штоквартальных справаздач беларускага ўрада.
29 чэрвеня рада дырэктараў МВФ зацвердзіла даванне чарговага траншу крэдыту ў памеры каля 680 млн. даляраў ЗША і павялічыў у цэлым аб’ём фінансавай падтрымкі на 1 млрд. даляраў да 3,52 млрд.
З улікам выдзеленага 21 кастрычніка трэцяга траншу ў памеры каля 700 млн. даляраў агульная сума дадзеных Беларусі да цяперашняга часу сродкаў па праграме стэнд‑бай складае каля 2,23 млрд. даляраў ЗША.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме