13:17 17.02.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Так працягвацца далей не можа

Увечары 16 лютага на Кастрычніцкай плошчы Мінска затрымалі фотакарэспандэнтку «Нашай Нівы» Юлію Дарашкевіч, якая асвятляла ладжаную актывістамі апазіцыі акцыю салідарнасці. Сітуацыю пракаментавала старшыня БАЖ Жанна Літвіна:

«Перашкоды дзейнасці журналістаў працягваюцца. Міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў не так даўно запэўніў журналістаў, што „паміж МУС і СМІ няма закрытых тэм і дзвярэй“. Дзверы зачыненыя, тэма забароненая, таму што шматразовыя звароты да міліцэйскага кіраўніцтва застаюцца без адказаў па сутнасці.

Мы спрабавалі прытрымлівацца працэдуры і наладзіць з Міністэрствам унутраных спраў дыялог праз кіраўніка Упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Святлану Бароўскую. На сённяшні дзень усё скончылісчя парадай звярнуцца ў МУС у пісьмовым выглядзе. У чарговы раз БАЖ накіраваў зварот міністру ўнутраных спраў Анатолю Куляшову. У лісце кіраўніцтва БАЖ дабіваецца магчымасці асабіста давесці міністру сваю пазіцыю наконт узаемадачыненняў МУС і журналістаў і захадах, якія мусяць спыніць парушэнні заканадаўства аб СМІ з боку супрацоўнікаў міліцыі.

Так працягвацца далей не можа. Няўжо замест дыялогу ўнутры краіны  размова магчымая толькі тады, калі прымяняюцца жорсткія санкцыі?..

Паўтарэнне гэткіх прыкрых сітуацый і цынізм паводзінаў прадстаўнікоў праваахоўных органаў у дачыненнях з прэсай не могуць не выклікаць абурэння. Гэта ў чарговы раз ставіць пад сумнеў тое, што наша краіна — прававая дзяржава.»

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме