21:46 10.05.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Таццяна Севярынец З кнігі "Будзіцелі"
ДАВЕДКА: Таццяна Севярынец нарадзілася 01.09.54. У 1961 годзе пайшла ў школу. У 1978 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ. З 1986-га жыве ў Віцебску.
— У мяне тыповы настаўніцкі дзень народзін — 1 верасня. Горад Лунінец Брэсцкай вобласці. Гэта такі маленькі гарадок на скрыжаванні чыгункі. Бацька быў чыгуначнік, але гэта ўмоўна, таму што ён працаваў на электрастанцыі, асвятляў чыгунку. А маці ўвесь час была загадчыцай раённай бібліятэкі.
Я вучылася ў школе нумар два. У мяне ёсць яшчэ дзве сястры, і малодшая, і старэйшая. Мой Паша таксама сярэдненькі.
Пасля школы год працавала ў Краснавольскай сярэдняй школе піянерважатай, а потым паступіла на філалагічны факультэт БДУ. На момант, калі яго скончыла, мела ўжо траіх дзяцей.
— Смела.
— На трэцім курсе нарадзіла Ганну. На пятым — Пашу, і мне прыйшлося на год браць «акадэмку». А калі абараніла дыплом, то праз два месяцы нарадзілася Даша. Вось усе трое, адно за адным, у мяне і з’явіліся.
Пасля БДУ пэўны час з мужам працавалі ў вёсцы Пагост Аршанскага раёна. Муж — дырэктарам васьмігадовай школы, а я настаўніцай рускай мовы. Калі ў Кастуся было размеркаванне, мы разглядалі карту і гаварылі: цікава, хто ж на той Пагост трапіць? Мы і трапілі.
Звычайная сялянская хатка, былая школьная сталоўка.
Затым мужа запрасілі ў Аршанскую раённую газету, а потым ён працаваў рэдактарам завадской шматтыражкі «Чырвоны кастрычнік». Жылі ў інтэрнаце ў маленькім пакойчыку, калі трэба было прайсці да акенца, прыходзілася ставіць крэслы на канапу: так было цесна. Праз паўгода нам далі кватэру. Уласнае жыллё з’явілася толькі тады, калі ўсе дзеці ўжо пайшлі ў школу.
Потым, калі Кастуся запрасілі працаваць у БелТА карэспандэнтам па Віцебскай вобласці, мы пераехалі ў абласны цэнтр, дзе і жывём больш за дваццаць гадоў. Тут усе дзеці з залатымі медалямі скончылі школу. Прынцыпова ніколі не працавала ў тых школах, дзе яны вучыліся.
На ўсе бацькоўскія сходы і мерапрыемствы накшталт першага альбо апошняга званка заўсёды хадзіў Кастусь, таму што ў мяне была свая школа.
Ён на два гады старэйшы. Паступіў у БДУ, пасля трэцяга курса прызвалі ў армію. Служыў пад Ніжнім Ноўгарадам (раней Горкі) артылерыстам. Пасля гэтага прадоўжыў вучобу. Яго адразу накіравалі ў будаўнічы атрад. А я была камсамольскай актывісткай, групоргам і таксама туды трапіла. Пазнаёміліся. 18 красавіка 1975 года пажаніліся. Сямейны стаж ужо вялікі. Некаторыя столькі не жывуць. Мабыць, паспрыяла тое, што ў нас аднолькавыя адукацыя і стаўленне да жыцця. Мне вельмі падабаецца асяроддзе, з якога ён выйшаў, — маці, бацька, які ваяваў, браты. Усе, слава Богу, яшчэ жывыя.
Мае дзеткі кожнае лета праводзілі там, на Дняпры. Муж родам з Рэчыцкага раёна. Хата стаіць на самым беразе. Літаральна за агародам цячэ рэчка. Дзеці там і раслі. На малацэ, агурках, суніцах... Плаваць яны навучыліся таксама там.
— Давайце прыпомнім вяселле?
— Мы яго адзначалі ў «Журавінцы». Зразумела, што гутарка пра ранейшы варыянт. У нас было вялікае студэнцкае вяселле. Родных гуляла няшмат. З майго боку — маці і хросная, з яго — бацькі і родныя (з Літвы і Масквы). Было вельмі весела. Усе танцавалі. Калі адыходзілі, ішоў дождж. Памятаю, што з тых грошай, якія нам надарылі, усім давалі на таксоўкі. А самі пайшлі пехам у інтэрнат. Нехта пакінуў парасон. А суседзі мужа вызвалілі цэлы пакой.
Прыйшлі і... пачалі лічыць, колькі грошай засталося. Атрымалася 300 рублёў. Па тым часе даволі вялікая сума. Хутка была павінна нарадзіцца Ганначка, таму нешта пакінулі. Частку адаслалі бацькам Кастуся ў якасці падтрымкі. Сто рублёў адразу выдзелілі на адзенне, бо ў нас амаль нічога не было. Усё, каб выйсці замуж, мне прынеслі дзяўчаты: вэлюм, сукенку. Свае былі толькі туфлі. І пярсцёнак, які мне падаравала хросная.
А Косцю многае даслалі яго бацькі.
Так і пачыналі. Амаль з нічога.
А потым яшчэ раз трапілі ў так званы «дзікі» будаўнічы атрад, бо ён не быў арганізаваны універсітэцскім начальствам. Паехалі на меліярацыю ў Мастоўскі раён Гродзенскай вобласці. Зарабілі проста незвычайныя для той пары грошы — 2000 рублёў.
Памятаю, я гатавала ежу. Лета. Спякота. Калі мяса не было, мы нават нейкага парсюка забілі. Сала ў мяне пагніло, і з тых часоў ведаю, як яго трэба правільна захоўваць. Людзі навучылі, як яны рабілі ў пачатку вайны. Бярэцца рондаль з алюмінію і салёныя кавалкі перакладваюцца крапівой. На жаль, адразу я гэтага не ведала. Вельмі перажывала. Хлопцаў карміць трэба, яны сала просяць, а я не магу прызнацца ў тым, што адбылося. Выразала кавалкі, якія можна было есці.
Пякла пірагі. Адтуль гэта і пачалося. Пашыны сябры прыязджаюць у тым ліку і на іх — ведаюць, што атрымліваюцца пірагі ў мяне вельмі добра. Ёсць нейкія асабістыя сакрэты, але заўсёды свае рэцэпты даю іншым.
Ужо казала пра Пагост, куды Косцю накіравалі дырэктарам, а я яшчэ была павінна вучыцца. Выкарыстоўваючы выпадак, хачу выказаць шчырую падзяку нашаму намесніку нашага дэкана Мікалаю Міхайлавічу Піпчанку, які пайшоў насустрач і дазволіў вольнае наведванне. Гэта дало магчымасць не толькі вучыцца, але і працаваць.
Я прыязджала, здавала залікі, экзамены, вярталася назад, займалася дзеткамі, хадзіла на ўрокі. А Косця рабіў мне «дыплом». Я толькі перапісвала і, дзе было неабходна, правіла.
Так і скончыла. Нарадзілася Дашка, таму ў Мінск па мой дыплом ездзіў муж.
Дагэтуль падтрымліваем адносіны з былымі аднакурснікамі. Ён са сваімі, а я са сваімі. З часам яны сталі нашымі агульнымі сябрамі.
— Хачу ўдакладніць. Вы ўвесь час выкладалі толькі рускую мову?
— Так.
— А адкуль тады такое веданне беларускай?
— Паша. Беларуская мова давалася цяжкавата. І не толькі правілы арфаграфіі.
Ёсць патрэба аб нечым расказаць на сайце Мілінкевіча. Я па натуры лірык, таму праблемы былі, перш за ўсё, з лаканічнасцю. Многія свае артыкулы спачатку давала чытаць мужу. Як журналіст ён даваў мне вельмі каштоўныя парады. Аднак усё гэта — справы мінулага.
Яшчэ ў школе пісала сачыненні на цэлы сшытак.
— Раскажыце, калі ласка, пра Паўла больш падрабязна?
— Паша нарадзіўся ледзь не ў цягніку. Ён быў другім дзіцем, услед за Ганнай.
Мы ўжо жылі ў Пагосце. А ФАП (фельчарска-акушэрскі пункт) быў пры сельсавеце, які знаходзіўся ў вёсцы Задроўе. Выклікаць «хуткую» складана, бо яна была павінна ехаць 50 кіламетраў. Зіма. Высачэнныя сумёты. Трактар прарываў толькі дарогі, а далей не відаць нічога. Нават дамоў. Столькі шмат было снегу.
Якраз захварэла мая Ганначка, яе паклалі ў бальніцу. Толькі прыехалі, як я адчула, што трэба адпраўляцца ў раддом. Ад нашай хаты да чыгункі было каля двух кіламетраў, а толькі па ёй можна было трапіць у Оршу.
Як потым смяяўся мой муж: калі мы грукаліся ў дзверы да таго, хто служыў на станцыі, ён падумаў, што у залежнасці ад таго, хто адчыніць, гаспадар ці гаспадыня, будзе і пол дзіцяці.
Адчыніў гаспадар — будзе хлопчык. Ніякіх «узи» у той час не было, ніхто нічога не ведаў.
Карацей, мяне ледзь паспелі давезці да Оршы. Роды пачаліся ў чыгуначнай бальніцы, адразу ж. Першы раз Паша падаў голас 30 снежня 1976 года.
Зразумела, што Новы год адзначалі таксама там. Памятаю, суседцы па палаце, якая нарадзіла трэцюю дзяўчынку, муж перадаў бутэльку шампанскага. І мы нават крышачку выпілі за свята.
У Пагосце жылі ў доме, які быў злеплены з бярвення і абшыты ДСП. Пасяліліся ў жніўні і не ведалі, што мхом там не заканапачана. Дзьмула з усіх бакоў. На сценах унутры была наледзь з палец. Печка растрэскалася, палілі яе і ў дзень, і ноччу. Яна стаяла амаль пасярэдзіне пакоя, і нават быў бачны агонь. Таму і дзеці вельмі часта хварэлі. Не ўсякі вытрымае, калі ў хаце зімой толькі плюс дзесяць. Мышы віселі па сценах амаль гірляндамі.
П
акуль мы гэтую хату давялі да ладу, як след намучыліся. Мабыць, такое сёння сустракаецца ў аграгарадках.
Пасля нараджэння Пашы мы адразу паехалі ва Унорыцу Рэчыцкага раёна. У бацькоў Кастуся я была тры месяцы, а потым на месяц пераехала да сваіх. У Пагост вярнулася толькі тады, калі стала цёпла.
Паша быў упарты хлопчык, вельмі жвавы і цікаўны. Калі хацелі, каб ён у нечым прыпыніўся, заўсёды казалі наадварот. Напрыклад, калі не трэба было бегчы, раілі — бяжы, сынок, бяжы.
Аднекуль прывалаклі вялікае кола (мабыць, ад камбайна), насыпалі ў яго пяску і зрабілі дзеткам пясочніцу.
Быў таксама ў мяне маленькі агародзік. Саджала цыбулю, агуркі, гарох, нават сланечнікі. Кветкі, канешне. Была там і бочка з вадой, каб усё паліваць. Паша выйдзе на вуліцу і панамку ў бочку. Садзіцца і есць пясок. Сонца. Панамку вешаю на плот і махаю ў яго перад носікам пальцам. Праз некалькі хвілін бачу з хаты, што адбываецца тое ж самае. Бывала, на плоце вісела аж дзесяць панамак. Словам, «змагаліся» з ім увесь час.
Рос Паша вельмі разумным. Ганначка навучыла ўсіх чытаць. І ўвогуле, калі ў сям’і трое дзяцей, яны заўжды адказваюць адно за аднаго. Набылі прайгравальнік «Акорд», шмат пласцінак з дзіцячымі казкамі і песнямі. Дзеці яго вельмі любілі. Усе спяваюць вельмі добра. А яшчэ малююць. Паша нават вучыўся ў мастацкім класе.
Школу ён скончыў з залатым медалём, адзіны з выпуску. Пачынаючы з восьмага класа ўдзельнічаў у алімпіядах. Біялогія, хімія, геаграфія. З падручнікамі спаў і канікулы праводзіў таксама з імі. Звычайна ў маі іх выдавалі на наступны клас. Ён браў з сабой да бабулі і ўсё лета чытаў. А потым праглядаў толькі дадатковую літаратуру. Таму вучыўся вельмі лёгка. І вельмі адказна. Шмат каму дапамагаў.
Аднойчы сыну аднаму на ўвесь Віцебск дазволілі прымаць удзел адразу ў дзвюх алімпіядах. Па часе амаль супалі геаграфія і хімія. З адной ён хутка пабег на другую.
Паша з трох гадоў марыў паступіць у Санкт-Пецярбург, у іх горны інстытут, бо з таго часу пачаў збіраць каменьчыкі. У нас іх вялікая калекцыя. Усё сістэматызавана і падпісана. Хто ведаў, заўсёды прыносіў камяні, ды і сам сын іх збіраў. Нават з мора прывёз паўсумкі. Кнігі купляў спецыяльныя. Жадаў стаць геолагам.
А тут якраз пры геаграфічным факультэце БДУ адкрылі геалагічнае аддзяленне. Таму паступаць ён паехаў у Мінск.
На другім курсе трапіў у апазіцыйнае асяроддзе, стаў сябрам БНФ. Інакш і быць не магло, бо яго погляды на жыццё цалкам не адпавядаюць таму, што зараз адбываецца. Калі яго першы раз арыштавалі, я страціла прытомнасць. А потым арышты сталі такімі звычайнымі, што іх колькасць сёння нават падлічыць немагчыма.
У 2005 годзе сын трапіў на «хімію» ў вёску Малое Сітна. Было цяжка, аднак перажылі ўсё. Як кажуць, не дачакаюцца.
АЎТАРСКІ КАМЕНТАРЫЙ
У школах маці Павала Севярынца працавала 36 гадоў, да той пары, пакуль праз яе беларуская ўлада не вырашыла «дастаць» аднаго з лідэраў новага пакалення апазіцыянераў.
Усе ведаюць сям’ю Севярынцаў як адну з самых шчырых прыхільнікаў хрысціянства. А паступілі з Таццянай Яўгенаўнай не па-хрысціянску: звольнілі за «прагул», які самі ж подла арганізавалі.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме