17:15 04.04.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Таццяна Леановіч З кнігі "Будзіцелі"

ДАВЕДКА: Таццяна Леановіч нарадзілася ў Калінкавічах. Скончыла Мінскі радыётэхнічны інстытут і наргас. У 1992 годзе выйшла замуж за Андрэя Клімава. Працавала ў банку Андрэя Клімава, а затым стала юрыстам.

— Нагадайце, калі ласка, у Андрэя якая зараз «ходка»?

— Трэцяя. Па першым прысудзе ён адбываў чатыры гады пакарання ў турме на вуліцы Кальварыйскай. Перад другім судом яго ў 2005 годзе затрымалі за арганiзацыю масавай акцыi ў Дзeнь волі i на паўтара месяца змясцілі ў следчы ізалятар на Валадарскага. Аднак, дзякуй Богу, суд адправіў Андрэя на «хімію» — 1,5 года абмежавання волі. Спачатку ён быў у Крупках Магілёўскай вобласці, але потым уладзе, мабыць, падалося, што 140 км — гэта занадта блізка ад Мінска, і яго тайна ў сем гадзін раніцы, па сутнасці, не даўшы часу, каб сабраць рэчы, 17 лютага 2006 года перавезлі ў вёску Баршчоўка, што каля Гомеля. Там была сапраўдная экзотыка. Калі мы першы раз прыехалі наведаць Андрэя, то ледзь не страцілі прытомнасць. Сосны, лясная дарога, аднапавярховы барак, як сібiрская заiмка, толькi абліцаваны цэглай. Цёплы, што вельмі важна, бо перавозілі яго зімой. 300 кіламетраў ад Мінска, хоць у крымінальна-выканаўчым кодэксе чорным па беламу напісана, што тыя, хто прысуджаны да абмежавання волі, павінны адбываць пакаранне ў межах вобласці, дзе яны пастаянна жывуць.

— Такім чынам...

— Так. Улады пайшлі на прамое парушэнне крымінальна-выканаўчага кодэкса толькі для таго, каб на тэрмін выбараў Андрэя адправіць куды-небудзь далей ад Мінска. Па маштабах нашай невялікай Айчыны, 300 кіламетраў ад сталіцы — гэта амаль Сібір. Аднак і там яны яго не пакінулі ў спакоі. Прэзідэнцкія выбары адбыліся 19 сакавіка 2006 года, а  14 сакавіка Андрэя пасадзілі на тыдзень пад адмiнiстрацыйны арышт у следчы ізалятар. За тое, што ён быццам бы хапаў за адзенне супрацоўнікаў камендатуры, лаяўся матам і г.д. Тыповае для апошніх часоў адміністрацыйнае парушэнне, якое ўлада прыгадвае заўсёды для прэвентыўных арыштаў апазіцыі перад нейкімі важнымі падзеямі. Каб «не блыталіся пад нагамі».

— Наколькі я памятаю, ён «адкінуўся» перад Новым годам?

— Так (смяецца). Я помню, калі мы ўжо ехалі дадому, Андрэю патэлефанаваў Мікола Статкевіч і павіншаваў з вызваленнем. А Андрэй — «адкінуўся і табе таго ж жадаю». Андрэй як чалавек, які піша, любіць гуляць са словамі. Нядаўна даслаў мне ліст: «Привет, Малышка! Пишу с тех мест, где нет невест. У меня все пучком. За меня не гони, тусуюсь в локалке, как волк в неволе. В натуре! «Вторики» не чай, два года — не срок, а жизнь — урок. Не турбуйся насчет КДС. Все ништяк. Кости бросил на низах. Ботвы уже хватает». Я чытаю ліст і думаю: мабыць, цэнзура пераблытала канверты. У нас пэўны час блакіравалася перапiска, i можна было чакаць чаго хочаш. Перахожу да другога абзаца і чытаю: « Танюша, не турбуйся, гэта я. Проста вырашыў папрыкалвацца, тут усе на такой мове гавораць, і спачатку я нават палову не разумеў, а цяпер ужо разумею ўсё».

— А дзе ён зараз?

— Вельмі далёка. У самай далёкай калоніі Рэспублікі Беларусь. Дваццаць кіламетраў ад Мазыра, папраўчая калонія № 20 строгага рэжыму. Яго прысудзiлi на два гады пазбаўлення волi за публiцыстычныя артыкулы ў інтэрнэце.

— А вы там ужо былі?

— З першага па чацвёртае снежня. Гэта было першае з двух дазволеных у год спатканняў. Распавядала аб гэтым у шматлікіх інтэрв’ю. Аднак на некаторых успамінах жадаю спыніцца яшчэ раз.
Па-першае. Вельмі доўга мы шукалі калонію. Адрас — Мазыр, ІК-20. Прыехалі ў горад, пачалі пытацца, бо я думала, што яна недзе побач. Ніхто не ведае. З пэўнымі цяжкасцямі ў нейкага даішніка дазналіся, куды трэба ехаць. Гэта ў бок Нароўлі, былой зоны радыяцыйнага адсялення. Арыенцірам для нас быў Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Усе казалі, што калонія побач. Сапраўды, так і аказалася — паўтара кіламетра. На адзін бок дарогі прамысловы гігант, на другі — калонія. Відовішча сюррэалістычнае. Такога я яшчэ не бачыла. Велізарныя карпусы, пакрытыя нейкімі серабрыстымі лістамі. Але больш за ўсё нас уразілі — двухсотметровыя факелы, якія хаваюцца недзе ў аблоках. Яны гараць увесь час. Мабыць, так трэба па тэхналогіі. Як у Саудаўскай Аравіі. Экалогiя яшчэ тая!
Аднак адразу ж знайсці калонію мы не змаглі — ніякіх паказальнікаў.

— «Мы» — гэта хто?

— Сябры. Прыехалі туды на ўласнай машыне. Калі едзеш у калонію, заўжды вельмі шмат паклажы. Кілаграмаў сто. Цягніком ехаць немагчыма. Тым больш што яны туды не ідуць.

У нейкай глухой вёсцы знайшлі дзеда і спыталіся, ці можна ехаць далей у выбраным намі напрамку. Ён адказаў — не, там непраходная дрыгва. Палессе. Вярнуліся назад. Знайшлі патрэбны з’езд. Доўга ехалі ўздоўж плота. Крыху пахіснуўся, але даволі высокі. Вакол — ні душы. Зачыненыя вароты. Ехаць далей немагчыма. Сябры паслалі мяне на разведку, а самі засталіся сцерагчы машыну. Знайшла брамку. Да адміністрацыйнага корпуса метраў дзвесце. Там таксама ні душы.

Я настолькі прывыкла да таго, што каля сіза на Валадарцы і ў калоніі на Кальварыйскай заўсёды шмат людзей, што тая цішыня была незвычайнай. Уваходжу ў пакой прыёму наведвальнікаў — нікога. Ні афіцыйных асобаў, ні акенца, каб пастукаць, ні кнопкі, каб пазваніць, ні тэлефона. Я — на кантрольна-прапускны пункт. Там вісіць аб’ява — бліжэй за 20 метраў цывільным асобам да КПП не падыходзіць. Падышла, упусцілі, сказалі пачакаць на вулiцы. Вельмі здзівіліся, што я прыехала з Мінска, бо ў іх калоніі адбываюць пакаранне са сталіцы, мабыць, толькі чатыры чалавекі.

Нехта па маёй просьбе адкрыў жалезную браму, машына змагла пад’ехаць бліжэй. Чакаю трыццаць хвілін, сорак. Як той Фарада ў кіно, пачала крычаць: «Людзі!» Мяне пачулі. З гэтага моманту ўсё ўжо было добра.

Начальнікі там аказаліся вельмі гасціннымі. Палеская ветлівасць. Вы¬дзелілі нам з асуджаных тых, хто дапамог перанесці рэчы.

Гасцініца, альбо, як яны называюць самі, пакоі працяглых спатканняў, там добрая. Як гавораць, бедненька, але чысценька. Пенітэнцыярная сістэма заўжды фінансуецца па астаткавым прынцыпе. Спачатку сілавыя структуры, амапы, «Алмаз» і г.д., а ўсё, што застанецца — дэпартаменту выканання пакаранняў. Фактычна самафінансаванне.

Не ведаю, чыя гэта заслуга, каменданта з асуджаных альбо началь¬ніка ўстановы, але парадак там проста ўзорны. Добрая кухня. Шматлікія кухонныя дошкі з нацыянальнымi арнаментамi. Мабыць, гэта іх фірменная прадукцыя. Некаторыя жанчыны, якія наведваюць пакараных сваякоў, бяруць дошкі на памяць.

— А вы?

— Я — не. Такую памяць не люблю. Наадварот, хутка ўсё забываю. Часам нават журналісты здзіўляюцца. Напрыклад, калі хацелі высветліць, як Андрэй сустракаў Новы год на Кальварыйскай, я нават не змагла ўспомнiць.

Своеасаблівы блок на турму.

— А што наконт апошняга Новага года?

— Вынікаў пакуль не ведаю, бо апошні ліст Андрэй даслаў 27 снежня. Магу сказаць толькі пра падрыхтоўку. У іх на цэнтральным пляцы расце вялізная елка. Сіламі асуджаных яе ўпрыгожылі рознымі гірляндамі. Акрамя гэтага былі елкі ў кожным атрадзе: вакол лес, ідзі і рубі. Гэта не на Кальварыйскай.

А яшчэ з Мазыра прыязджаў ансамбль народнай творчасці. Артысты спявалі, танцавалі. Андрэю больш за ўсё спадабаўся канферансье, які выконваў частушкі, распавядаў анекдоты. Мабыць, крыху палітычныя, бо іншыя наўрад ці спадабаліся б.

— Колькі вы былі «на зоне»?

— Тры дні. Увесь час з намі быў кот, які нейкім чынам пранікаў у пакой. Вельмі падазроны (смяецца), з ашыйнікам. Мы так і не даведалі¬ся, што на ім было, хаця мяне так і падмывала паглядзець. Сам кот, наколькі я разумею, быў і не супраць. Ён прысутнічаў пры нашых размовах, выходзіў з намі пагуляць. Рабіў такія трукі, што яны мяне проста ашаламлялі. Акрамя гэтага, ён быў славуты паляўнічы на мышэй і пацукоў. Той кот упрыгожваў наша спатканне.

Я нават сказала аб гэтым у інтэрв’ю. А калі 21 снежня прыйшла ў дэпартамент выканання пакаранняў са скаргай адносна таго, што Андрэя паставілі на шкодную для здароў’я вытворчасць, там сказалі, што чыталі ўсё. У тым ліку і пра ката з ашыйнікам.

Пасля гэтага я сур’ёзна затурбавалася за яго лёс. Спужалася, што «падставіла». Маўляў, перавядуць з цёплага месца. Адправяць на які-небудзь хімічны склад лавіць пацукоў-мутантаў. Нават у лісце Андрэю пра гэта напісала.

Там вельмі прыгожы маленькi дворык. Арэлі для дзяцей, альтанкі, лавачкі, кусты бэзу, яблыні. Па-палеску ўсё вельмі ўтульна.

— Гэта плюсы, а мінусы?

— Вельмі кепска выглядаюць тыя людзі, хто адбывае пакаранне. Хо¬дзяць як цені. Бледныя, худыя, з кругамі вакол вачэй. Спачатку я думала, што такі толькі Андрэй, а потым зразумела — такія ўсе. І гэта мяне моцна засмуціла. Андрэй стаў як тынэйджар па камплекцыi, знясiлены. Мабыць, з таго, што па прыездзе ў калонiю ахоўнiкi адабралi ў яго ўсе прадукты, што ён прывёз з сабой з этапу, доўга затрымлiвалi грашовыя пераводы, на якiя ён мог бы купiць сабе хоць трохi ежы ў iх краме. Мяркую, Андрэй фактычна галадаў на працягу некалькiх тыдняў, пакуль не вярнулi прадукты. Скупое турэмнае харчаванне ён не ўспрымаў.

Яго атрад зрабілі з двух. Колькасць людзей мяне ўразіла — 200 чалавек. Такога амаль нідзе няма. Жывуць яны на адным паверсе. Некалькі пакояў. Нары ў два ярусы. Добра, таму што на Кальварыйскай іх было тры.
У атрадзе ёсць DVD і тэлевізар. Такое мае не кожная беларуская сям’я. Я маю на ўвазе DVD, а не ярусы, вядома.

— Сапраўдная раскоша...

— Андрэй усё растлумачыў. Справа ў тым, што згодна з правіламі ўнутранага распарадку, мінімум раз у месяц адміністрацыя павінна паказваць у клубе кіно. Сёння такое ажыццявіць даволі цяжка — кінамеханік, апаратура і г.д. Таму, магчыма, кожны атрад купіў тэлевізары і DVD. Не ведаю, але, хутчэй за ўсё, за сродкі саміх асуджаных. Зразумела, абсалютна добраахвотна.
 Я і яго сябры дасылаем у калонію дыскі. А вось кнiгi вяртаюць.

— А цэнзура?
— Яны больш за ўсё сочаць не за палітыкай, а за тым, каб у фільмах не было парнаграфіі і эротыкі. Вельмі складана, бо сёння інтымныя сцэны ёсць амаль ва ўсіх карцінах.

— А што апошняе вы даслалі?
— «Прывіды Гойі».
Вельмі люблю гэтага мастака. У яго даволі цікавы лёс.

— Мабыць, вы вучыліся ў гэтым напрамку?
— Не. Я скончыла мінскую сярэднюю школу №103 з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы. Зараз там гімназія. Потым у ёй вучылася мая старэйшая дачка. Адразу ж пасля школы я паступіла ў Мінскі радыётэхнічны інстытут, які з дыпломам з адзнакай і скончыла па спецыяльнасці канструяванне, вытворчасць электронна-вылічальнай апаратуры. Працавала інжынерам у НДІ ЭВМ. У некаторых тагачасных савецкіх камп’ютарах былі мае мікразборкі.

А нарадзілася ў Калінкавічах, хаця бацькі жылі ў Мінску. Калінкавічы ад Мазыра — 8 кіламетраў. Мая цяжарная маці ездзіла наведваць сваіх свякроў і свёкра, якія працавалі там сельскімі настаўнікамі.
Калі мы ехалі да Андрэя, бачылі паварот да іх былой сядзібы. Лёс.

— А як вы пазнаёміліся?

— На тэнісным корце ў былым інстытуце фізкультуры. Вясной 1991 года. Ажаніліся праз год.

АЎТАРСКІ КАМЕНТАРЫЙ

Сярод тых, хто змагаецца з рэжымам, яе мужа можна назваць адным з самых апантаных. У пачатку 2008 года Андрэя Клімава нечакана для ўсіх адпусцілі з турмы. Як і многія, шчыра вітаю гэтую акалічнасць, але ёсць тут адна «закавыка».

На жаль, у Беларусі зараз ўсё робіцца нечакана. Нечакана судзяць... Нечакана вызваляюць...

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме