23:15 19.05.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

СуседзіЛёс Літвы

17 мая ў Літве адбыліся прэзідэнцкія выбары. Фармальна найменш цікавыя з тых, што праходзілі ад моманту аднаўлення незалежнасці краіны. Інтрыга была задушана ў зародку яшчэ 26 лютага гэтага году, калі камісар Еўракамісіі Даля Грыбаўскайтэ абвесціла пра свой удзел у выбарчай гонцы.

Шараговы выбаршчык здолеў інтэрпрэтаваць гэтую навіну даволі адназначна — да палітычнага алімпу краіны падышоў чалавек, якога ён марна чакаў на працягу апошняга дзесяцігоддзя, і задача выбаршчыка — толькі дапамагчы яму ў пакарэньні вяршыні.

Задача аказалася пасільнай. Даля Грыбаўскайтэ перамагла са значнай перавагай. Атрымала 68% галасоў. За ўсю гісторыю незалежнай Літвы кандыдаты ў прэзідэнты столькі не атрымлівалі.

Супернікі здолелі апярэдзіць яе толькі ў чатырох раёнах краіны. У месцах кампактнага пражывання польскага насельніцтва — у Віленскім і Салечніцкім раёнах — верх узяў кандыдат Выбарчай акцыі палякаў Літвы Вальдэмар Тамашэўскі, у Вісагінасе перамагла вэтэран літоўскай палітычнай сцэны Казіміра Прунскене, а ў Вілкавішскім раёне прагаласавалі за свайго земляка, кандыдата партыі сацыял-дэмакратаў Альгірдаса Буткявічуса. Усяго ў Літве — 60 раёнаў.

Якога прэзідэнта чакалі грамадзяне Літвы?

Аказалася, што яны чакалі цвярозага і рашучага чалавека, не звязанага (прынамсі, тыя сувязі не бачныя няўзброеным вокам) з палітычнымі партыямі і алігархічнымі структурамі, які дэкларуе ў сваёй дзейнасці прыярытэт грамадскага інтарэсу. Усе астатнія крытэрыі, якія да мінулага году здаваліся аналітыкам вельмі важнымі (пол, сямейная становішча і да т.п. рэчы, якія маюць вельмі высокі статус у традыцыйным грамадстве) — аказаліся не такімі і істотнымі.

Чаму яны яе чакалі?

Пасля мінулагодніх выбараў у парламент, па выніку якіх да ўлады прыйшла права-цэнтрысцкая кааліцыя, літоўскі выбаршчык адчуў сябе падманутым. Новы ўрад на чале з Андрусам Кубілюсам пачаў праводзіць палітыку дыяметральна супрацьлеглую традыцыйнай для партыяў правага толку. Літаральна за адну ноч была праведзена падатковая рэформа, якая паставіла эканоміку краіны ў становішча, якое можна апісаць адным словам — «крах». Узнятыя тарыфы падаткаў не прывялі да папаўненьня дзяржаўнага бюджэту. Абяцаныя палёгкі для дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў засталіся на словах. Кіруючая кааліцыя не знаходзіла патрэбы тлумачыць свае дзеянні грамадзянам, а гэта вылілася ў акцыі масавага пратэсту, якія пракаціліся па краіне ў сярэдзіне студзеня.

Тое, што іх падманулі, грамадзяне зразумелі па адной простай прычыне. Урад не рабіў ніякіх захадаў, каб у кароткатэрміновай перспектыве палепшыць становішча жыхароў краіны. Татальная манапалізацыя спажывецкага рынку краіны з боку гандлёвых сетак прывяла да таго, што жыхары Літвы галасуюць кашалькамі ў крамах Беласточчыны, дзе кошты на спажывецкія тавары часам у 2-3 разы меншыя, аўтаперавозчыкі запраўляюцца палівам ў Латвіі, а па тарыфах на электычнасць і ацяпленне Літва выйшла на першыя месцы ў Еўропе. Я ўжо не буду стамляць беларускага чытача пераказам складанага сюжэту стварэння манапаліста на энергетычным рынку краіны.

Прэзідэнтура на чале з Валдасам Адамкусам глядзела на гэта ўсё спакойна і старалася не псаваць адносіны ні з урадам, ні з парламентам. Таму прыход да ўлады валявога чалавека, з выразнымі лідэрскімі якасцямі, якога нават апаненты не саромеюцца параўноваць з Маргагэт Тэтчэр, можна разглядаць і як заканамерны рух ківача гісторыі, і знак таго, што прэзідэнт Літвы зможа нарэшце заняць актыўную ролю ў палітычным жыцці краіны.

Хто прыйшоў?

Даля Грыбаўскайтэ — 1956 году нараджэння, скончыла Леніградскі універсітэт (што даволі нетыпова для прадстаўніка літоўскай эліты). Па адукацыі эканаміст, працавала ў Вышэйшай партыйнай школе, выкладала гісторыю манетарных сістэм і палітэканомію. Кандыдацкую дысертацыю абараніла ў 1988 годзе (у 1993 годзе яе пацвердзіла навуковая камісія Акадэміі навук Літвы).

Ад 1991 году працавала ў сістэме ўраду Літвы. Ад 1996 годзе выконвала абавязкі ўпаўнаважанага міністра пры пасольстве Літоўскай Рэспублікі ў ЗША. У 1999 годзе заняла пасаду віцэ-міністра фінансаў, у 2000 — віцэ-міністра замежных спраў. У 2001 годзе стала міністрам фінансаў.

У 2004 пачаўся новы віток кар’еры гэтай жанчыны. Яна была дэлегавана ўрадам Літвы ў Еўракамісію. У сферу яе адказнасці ўваходзіць фінансавае праграмаванне і бюджэт Еўразвязу.

Апрача таго, што Даля Грыбаўскайтэ зьяўляецца першай жанчынай на пасадзе прэзідэнта Літвы, варта заўважыць, што яна першы кіраўнік краіны, які нарадзіўся ў Вільні.

Падчас перадвыбарнай кампаніі яна казала тое, што хацелі чуць выбаршчыкі. Пра нездаровую ролю манаполіяў у эканамічным жыцці, пра крызіс даверу да дзяржаўных інстытуцыяў, пра неабходнасць заахвочвання дробнага і сярэдняга бізнесу, і пра тое, што ўрад павінен выпраўляць свае памылкі гэтак жа хутка, як ён іх робіць. Кампанія ішла валявая, але карэктная.

Арыфметыка (простая)

Нягледзячы на тое, што фаварыт на гэтых выбарах быў відавочны, палітычных аглядальнікаў засмуціла такая масавая падтрымка новага прэзідэнта. Напрыклад, у Коўна і Ковенскім раёне яна атрымала больш за 2/3 галасоў. Лічбы нагадваюць вынікі галасаванняў ў Беларусі ці Туркменіі.

Праўда ў тым, што палітычныя партыі да цяперашніх выбараў аказаліся проста непадрыхтаванымі. Гэта былі першыя прэзідэнскія выбары ў Літве, на якіх партыі правага палітычнага крыла не вылучылі ніводнага свайго кандыдата.

Фігуры супернікаў Далі Грыбаўскайтэ выклікалі ў лепшым выпадку здзіўленне. Пры ўсёй павазе да Казіміры Прунскіене, закат яе палітычнай кар’еры — гэта ўжо не метафара, а рэчаіснасць. Кандыдат ад сацыял-дэмакратаў Альгірдас Буткявічус сам не верыў у сваю перамогу. Астатнія ўдзельнікі па сённяшні дзень не зразумелі, чым прэзідэнцкія выбары адрозніваюцца ад тэлевізійнага фрык-шоў кшталту «Звездные танцы».

На тле такой бязрадаснай карціны 83,19% галасоў, якія набрала Даля Грыбаўскайтэ ў Коўна, не выглядаюць падазроным дасягненнем.

Імя новага прэзідэнта Літвы перакладаецца на беларускую мову як «лёс». Такое ўражанне, што гэтая перамога была проста непазбежнай.

Што чакаць Беларусі?

Паводле канстытуцыі Літвы прэзідэнт фармуе знешнюю палітыку краіны. Даля Грыбаўскайтэ дэкларуе, што палітыка, якую праводзіў Валдас Адамкус, будзе карэктавацца ў бок большай ўвагі да еўрапейскіх партнёраў і большага прагматызму ва ўзаемадачыненнях з усходнімі суседзямі.

Я не схільны лічыць, што гэта падстава для песімізму. Прагматызм — гэта здаровая рэч. Без пустых надзеяў і непатрэбных расчараванняў. Неяк яно так спакайней і надзейней.

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме