12:31 24.12.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Сумнеўныя сувязі БДУ
Надоечы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт падпісаў дамову аб супрацы з іранскім Вольным ісламскім унівэрсытэтам. Сам статус вядучай ВНУ нашай краіны прымушае яе трымацца пэўнага высокага ўзроўню, выбіраючы зь кім працаваць.
Таму можна было чакаць, што БДУ будзе мацаваць кантакты з сапраўды аўтарытэтнымі і сусьветна вядомымі іранскімі ўнівэрсытэтамі, у прыватнасьці з Тэгеранскім унівэрсытэтам, Унівэрсытэтам Амір‑Кябір ці хаця б Унівэрсытэтам Алямэе Табатабаі. Гэтыя ВНУ насамрэч блізкія да клясычнага разуменьня ўнівэрсытэта і ўнівэрсытэцкай адукацыі, прынамсі па навуковым ўзроўні і акадэмічных свабодах яны могуць яшчэ быць узорам для нашых установаў вышэйшай адукацыі.
Але недзяржаўны «Вольны ісламскі ўнівэрсытэт» выбітны выключна сваімі памерамі — сотні тысячаў студэнтаў у дзясятках філіяў па ўсім Іране.
Прасьцей кажучы, такая сабе канвэерная кузьніца дыплёмаў. Вучыцца ў гэтым «данэшгах‑э азад» для іранцаў непрэстыжна — гэта заўжды апошняе выйсьце для небаракі, які ня трапіў у іншую ВНУ. Лішне казаць, што акадэмічны ды навуковы ўзровень гэтай канторы невысокі. Міжнародны аўтарытэт — таксама.
Наўрад ці кіраўніцтва БДУ ведала пра гэтую спэцыфіку і тое, што іх новая партнэрская інстытуцыя проста ня мае магчымасьцяў для дэкляраваных праектаў і дасьледаваньняў. Зрэшты, як і ў выпадку некаторых іншых гучных беларуска‑іранскіх ініцыятываў, асновай новай дамовы зь беларускага боку магло быць простае жаданьне «выцягнуць» грошы з замежных партнэраў, а ня ўзважаны крок да стратэгічнага разьвіцьця ўласнага патэнцыялу.
Між тым, гэтакі грашова‑арыентаваны падыход ужо мае свае адмоўныя наступствы ў беларуска‑іранскіх стасунках. Захапляючыся пэрспэктывамі новай беларуска‑іранскай ініцыятывы, дзяржаўныя СМІ сарамліва прызналіся, што колькасьць іранскіх студэнтаў (так жаданых намі грошаплацельшчыкаў) у Беларусі скарачаецца, але прамаўчалі, чаму гэта адбываецца.
Галоўная прычына — гэта тое, што іранскі бок увёў грунтоўны іспыт для выпускнікоў таго ж самага менскага мэдунівэрсытэту.
Як растлумачылі студэнты, якіх гэта закранула, зьвязана гэта было ў прыватнасьці з падозраньнямі наконт таго, ці сапраўды вучыліся чаму студэнты, якія прабавілі ў Беларусі колькі год і фармальна атрымалі дыплём — падазраваць тое прымушаў іранскае міністэрства сам узровень валоданьня некаторых гэтых гора‑мэдыкаў расейскай мовай. Постсавецкія краіны вядомыя ў Іране якраз тым, што каб скончыць тамтэйшы ўнівэр дастаткова своечасова плаціць ВНУ грошы, а таму напрыклад Іран не прызнае ніякіх дыплёмаў, выдаваных у некаторых былых савецкіх рэспубліках, як то ва Ўзбэкістане. Нейкі час Беларусь была на неблагім рахунку і іранскім бокам прызнаваліся дыплёмы цэлага шэрагу нашых ВНУ. Але, праўдападобна, беларусы пра сваю рэпутацыю дбаюць мала дый рупяцца толькі пра грошы.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме