19:48 13.02.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Сумная гадавіна 10 год таму лукашэнкаўскі рэжым забіў сваіх апанентаў
«Ніхто не забыты, нішто не забыта» – гэты лозунг савецкіх часоў набыў сёння новае гучанне.
Сёлета – дзесяцігоддзе, як у нашай ціхай ды «стабільнай» краіне пачалі ў мірны час знікаць бяз вестак палітычныя апаненты кіроўнага рэжыму. Ужо не выпадае сумнявацца, што гэтыя людзі былі не проста скрадзеныя, а забітыя цяперашняй уладаю.
Аб’яднаная грамадзянская партыя, у якую ўваходзілі ўсе забітыя супраціўнікі Лукашэнкі (акрамя Красоўскага, які «трапіў пад раздачу» выпадкова, паколькі быў у той момант разам з Ганчаром, – ад чаго, канешне, не лягчэй) падрыхтавала комплекс мерапрыемстваў да гэтай сумнай гадавіны.
«Ніхто не забыты, нішто не забыта, – нагадаў лідар АГП Анатоль Лябедзька вядомую максіму. І адкрытым тэкстам прагаварыў тое, што адпавядае сапраўднасці: – Дзесяць гадоў таму адбыліся палітычныя забойствы Карпенкі, Захаранкі, Ганчара і Красоўскага».
– Што будзе зроблена ў першую чаргу? – запыталіся журналісты.
«17 лютага мы сустракаемся з Андрэа Рыгоні, дакладчыкам па Беларусі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, які прыяжджае ў Мінск, – адказвае А.Лябедзька. – Мы паставім пытанне: што зроблена па рэалізацыі рэзалюцыі ПАСЕ, заснаванай на дакладзе Хрыстаса Пургурыдэса? »
Нагадаем, што ў гэтым дакладзе лукашэнкаўскі рэжым наўпрост абвінавачваецца ў датычнасці да палітычных забойстваў.
Вырашана таксама дамагацца правядзення слуханняў, па скрадзеных і забітых у Беларусі, у парламентах еўрапейскіх дзяржаў, праз камітэты па правах чалавека (адпаведныя захады ўжо былі зробленыя ў Сэйме Літвы).
Гэта – што тычыцца міжнароднага накірунку. Пэўна, больш істотна, што плануецца зрабіць унутры самой Беларусі.
Аб’яднаная грамадзянская партыя мае намер нарошчваць намаганні па інфармаванні і нагадванні пра забітых апанентаў цяперашняй улады. «Факт знікнення кожнага грамадзяніна краіны – гэта надзвычайнае здарэнне, – зазначае намеснік старшыні АГП Леў Марголін. – Але ж калі знікаюць знакавыя асобы – гэта фактар, да якога трэба пастаянна прыцягваць увагу».
Кіраўніцтва АГП збіраецца ў бліжэйшы час падрыхтаваць звароты да гарвыканкамаў Мінска, а таксама Маладэчна (дзе мэрам і віцэ-мэрам працавалі адпаведна Генадзь Карпенка і Віктар Ганчар), Ліды (дзе вырас Віктар Ганчар) і г/п Васілевічы (дзе нарадзіўся Юрый Захаранка), каб імёнамі гэтых людзей былі названыя вуліцы: альбо тыя, што ўжо існуюць, альбо новыя, якія толькі будуюцца. «Гэта былі асобы нацыянальнага маштабу, безумоўна вартыя, каб іх імёнамі назвалі вуліцы», – упэўнены Анатоль Лябедзька.
Акрамя таго, у сталічных дамах, дзе жылі палітыкі, будуць збірацца подпісы людзей, «якія добра памятаюць сваіх суседзяў дзесяцігадовай даўніны» – каб на гэтых будынках з’явіліся мемарыяльныя дошкі. Вялікіх матэрыяльных выдаткаў гэта не запатрабуе – было б жаданне.
Наконт жадання, зразумела, узніклі вялікія сумневы. «Ці спадзяюцца палітыкі, што ўлады сапраўды пойдуць на тое, каб зрэалізаваць гэтыя прапановы?» – запыталіся журналісты. «Па-першае, яны мусяць даць адказы: калі адмоўныя, дык як гэта абгрунтаваць? – кажа Лябедзька. – А па-другое, незалежна ад рэакцыі ўладаў, мы павінны прывучаць грамадскасць, што гэта насамрэч патрэбна, што ў гэтым ёсць неабходнасць».
Яшчэ адзін захад – пад канец года ўганараваць прэміямі імя забітых дзеячоў людзей, якія вылучыліся ў галінах навукі (імя Г.Карпенкі), мясцовага самакіравання ці дзярждаўнага кіравання (імя В.Ганчара – прычым гэтай прэміяй, як патлумачыў Лябедзька, мяркуецца адзначаць дзяржчыноўніка ці рэгіянальнага дэпутата, «які зарэкамендаваў сябе тым, што сваёй дзейнасцю рэальна адстойвае інтарэсы грамадзян»), малога і сярэдняга бізнэсу (імя А.Красоўскага) і грамадскай дзейнасці (імя Ю.Захаранкі).
Таксама сёлета будуць праведзеныя вечарыны памяці ды іншыя мемарыяльныя мерапрыемствы. У Нацыянальную Акадэмію Навук накіруюць зварот з мэтай арганізаваць навуковыя чытанні па сферы дзейнасці Генадзя Карпенкі, які быў членам-карэспандэнтам АН у галіне фізікі.
Для сродкаў масавай інфармацыі будуць напісаныя цыклы ўспамінаў пра Карпенку, Захаранку і Ганчара. «Была размова з Юрасём Хашчавацкім, мэтрам дакументальнага кіно. Ён гатовы ўзяцца за працу на гэтую тэму», – паведаміў Анатоль Лябедзька.
Надалей будуць ладзіцца і «ланцугі неабыякавых людзей», і іншыя мерапрыемствы: «Некалькі пунктаў яшчэ абавязкова з’явяцца».
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме